Перапіс-2019 — апошні за Лукашэнкам?

Роўна 30 гадоў таму, з 12 па 19 студзеня 1989 года, у СССР праводзіўся перапіс насельніцтва, які ў выніку падвёў статыстычную рысу пад існаваннем гэтай дзяржавы.

900_perepis_naselenia.jpeg


Увосень 2019-га ў Беларусі пройдзе ўжо трэці ўласны перапіс. Некаторым чынам ён можа паўплываць на хуткія выбары прэзідэнта і ў Палату прадстаўнікоў, а таксама стаць апошнім за кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі.

У 1989 годзе падчас перапісу налічылі 286 мільёнаў савецкіх грамадзян. Болей насельніцтва было толькі ў Кітаі ды Індыі. У БССР пражывала прыблізна 10,2 мільёна жыхароў, з іх у Мінску — 1,6 мільёна. Гэта было сёмае месца сярод гарадоў СССР — пасля Масквы, Ленінграда, Кіева, Ташкента, Баку і Харкава. Што да іншых рэгіёнаў Савецкага Саюзу, то болей за ўсё беларусаў жыло ў Калінінградскай вобласці і Карэліі, у некаторых раёнах — да 20% ад тамтэйшага насельніцтва.

Па ўзроўні адукацыі і жыллёвых умовах беларусы мелі сярод савецкіх рэспублік сярэднія паказчыкі, а ў лідарах былі грузіны. Так, па жытловай плошчы на чалавека апошнімі шчыльніліся таджыкі — 7 квадратных метраў, у грузінаў было 14, у беларусаў — 11. Па такім паказчыку, як колькасць асобаў з вышэйшай і сярэдняй поўнай адукацыяй на тысячу чалавек, аўтсайдарам была Малдова — 551, лідары-грузіны мелі паказчык 725, беларусы — 602.

Яўна і прыкра заняпаднымі мы былі ў моўна-нацыянальным пытанні. Адвечная “болька” ў перапісе-1989 зафіксавалася так: толькі 70,9% беларусаў па нацыянальнасці ва ўсім СССР сказалі, што лічаць мову сваёй нацыянальнасці (то бок, беларускую) роднай. Другі знізу паказчык быў ва ўкраінцаў — 81,1%. У астатніх тытульных нацыяў былых савецкіх рэспублік — добра за 90%.

З усяго насельніцтва тагачаснай БССР роднай беларускую мову лічылі толькі 66%. Дарэчы, падчас першага перапісу ў незалежнай Беларусі ў 1999 годзе гэтак адказалі ўжо 74%. А 37% заявілі, што размаўляюць па-беларуску дома. Перапіс-2009 эйфарыю ад беларусізацыйных лічбаў прыбіў: роднай мовай беларускую назвалі 53% насельніцтва, а размоўнай хатняй — толькі 23%.

Што да дэмаграфіі, то ў 2009 годзе падчас перапісу нас налічылі толькі 9,5 мільёна. Хутка даведаемся, ці далі плён намаганні ўладаў, скіраваныя на дэмаграфічны скачок. Цікава будзе зірнуць і на тое, як на лінгвастатыстыцы адаб’ецца так званая мяккая беларусізацыя.

Між тым, дэмаграфічнае падзенне назіраецца амаль ва ўсіх краінах былога СССР, апрача некаторых азіяцкіх. Асабліва ўражвае сапраўдны бум ва Узбекістане: у 1989 годзе там было трохі меней за 20 мільёнаў жыхароў, цяпер больш за 33 мільёны! Найбольш істотна скарацілася з розных прычынаў насельніцтва ва Украіне — з 51,5 да 42 мільёнаў чалавек. Між тым, ААН прагназуе, што тэндэнцыя захаваецца: у 2050 годзе беларусаў застанецца 8,5 мільёна, украінцаў — 36,5, а прыгаданых узбекаў стане яшчэ болей — 41 мільён.

Што да зместу перапісу ў Беларусі ў сёлетнім кастрычніку, гэтым разам дзяржава хоча даведацца ад нас як ніколі шмат. Сярод новага будуць распытваць нават пра планы нараджэння дзяцей і ад’езду з краіны, падлічаць кусты і дрэвы на зямельных участках, а таксама свойскую жывёлу.


screenshot_from_2019_01_15_16_08_19.png


Хіба маецца і палітычная інтрыга. Перапіс — дарагая справа. У 2009 годзе ён каштаваў паўтара долара на грамадзяніна. Выбары абыходзяцца прыкладна ў долар-паўтара. Пытанне: ці настолькі гэта істотныя фінансавыя выдаткі, каб у гэтым годзе ніякіх выбараў не праводзіць, а арганізаваць і парламенцкую, і прэзідэнцкую кампаніі ў 2020-м? У такім разе ўлады маглі б скарыстаць перапіс заадно як зандаж грамадскай думкі перад імі.

Кіраўніца Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла днямі, што ўласна сама яна выступае за тое, каб развесці правядзенне выбараў па розных гадах. А адбыцца прэзідэнцкія выбары павінны не пазней за 30 жніўня 2020 года, а выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — не пазней за 6 верасня 2020-га.