Дзе ў Еўропе больш паліцыі, чым міліцыі ў Беларусі?

Днямі Еўрастат апублікаваў колькасць праваахоўнікаў у дзяржавах Еўрасаюзу — з разліку на 100 тысяч насельніцтва. Якая ж краіна там самая «паліцэйская» і як глядзіцца на гэтым статыстычным фоне Беларусь? Параўнайце са сваімі ўражаннямі падчас падарожжаў.



Фота svoboda.org

Фота svoboda.org


Усяго ў ЕС 1,6 мільёна паліцэйскіх. Пяцёрка краінаў з самай малой іх колькасцю на 100 тысяч жыхароў: Венгрыя — 90, Фінляндыя — 140, Данія — 190, Швецыя — 200, Вялікабрытанія — 210. З самай вялікай колькасцю Топ-5 такі: Кіпр — 580, Мальта — 510, Грэцыя і Харватыя — па 490, Латвія — 460 (паводле Еўрастату).
Лічбы па яшчэ некалькіх краінах, дзе часта бываюць беларускія турысты, такія: Польшча — 260, Літва — 290, Нямеччына — 300, Францыя — 330, Балгарыя — 340, Іспанія — 360, Чэхія — 380, Італія — 450.

police_officers.jpg

У Беларусі дакладная лічба супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных справаў засакрэчаная. Меркаваць наконт яе можна толькі паводле ўскосных статыстычных дадзеных і некаторых выказваннях кіраўніка МУС Ігара Шуневіча.

Толькі аднойчы ён назваў канкрэтную лічбу — у інтэрв’ю на канале «Беларусь-1» у снежні 2016 года:

«Штатная колькасць органаў унутраных справаў — тых, хто задзейнічаны ў ахове грамадскага парадку, раскрыцці злачынстваў, прафілактыцы, выяўленні, падтрыманні грамадскага парадку, — 405 супрацоўнікаў на 100 тысяч грамадзян. Гэтая лічба агулам супастаўляльная з многімі колькаснымі паказчыкамі паліцэйскіх у Еўропе».

Вынікае, калі нас 9,5 мільёна, у органах унутраных справаў працуюць 38,5 тысячы чалавек.

Аднак ОУС — толькі частка, хай і асноўныя МУС, зазначаюць эксперты Belarus Security Blog. Іхнія падлікі такія:

«Колькасць МУС Беларусі складае каля 69 тысяч супрацоўнікаў і грамадзянскага персаналу, у тым ліку: супрацоўнікі ОУС — 39 тысяч чалавек, Унутраныя войскі — да 14 тысяч чалавек, грамадзянскі персанал — прыблізна 16 тысяч».

Што праўда, некалькі месяцаў таму Шуневіч адрапартаваў, што ў выніку рэформы колькасць супрацоўнікаў органаў унутраных справаў была скарочана на 10% — то бок, з 38,5 – 39 тысяч да прыкладна 35 тысяч чалавек.

Падсумоўваем: цяпер у МУС каля 65 тысяч супрацоўнікаў. Гэта значыць, на 100 тысяч беларусаў прыпадаюць 685 супрацоўнікаў МУС.

Дарэчы, Беларусь — не самая «паліцэйская» краіна ў Еўропе. Па-першае, у нас міліцыя, а не паліцыя. А па-другое, у Чарнагорыі больш за 800 праваахоўнікаў на 100 тысяч чалавек. Калі хто падумаў пра першынство Расіі, то там гэты паказчык роўны 620. А ёсць яшчэ і «звышпаліцэйская» дзяржава Ватыкан, дзе 1000 жыхароў і корпус папскай жандармерыі ў складзе 130 чалавек. На 100 тысяч чалавек — гэта 13 тысяч жандараў.