«Скарыстаўся канстытуцыйным правам»: у Акадэміі МУС адбылася абарона дысертацыі па-беларуску

Адзін з беларускіх тэлеграм-каналаў паведаміў, што ў Акадэміі МУС адбылася абарона кандыдацкай дысертацыі, напісанай па-беларуску.

mus_5.jpg

Як удакладніла «Наша Ніва», гаворка ідзе пра дысертацыю «Дзеянне крымінальна-прававых норм у часе: тэарэтыка-прававыя асновы і заканадаўчае забеспячэнне». Яе аўтарэферат выкладзены на сайце Вышэйшай атэстацыйнай камісіі.
Аўтар — супрацоўнік Акадэміі МУС Аляксей Сяргейчык.
«Наша Ніва» звязалася з ім, каб даведацца пра матывацыю ягонага выбару.
«Абарона сапраўды адбылася, пакуль што ВАК не зацвердзіў, чакаю. Калі ўсё добра, то зацвердзяць дзесьці да 1 сакавіка. Калі не адмовяць, вядома. Але падрабязныя каментары не магу даваць — гэта да кіраўніцтва. Чаму пісаў па-беларуску? Вырашыў скарыстацца канстытуцыйным правам, мне падабаецца беларуская мова», — патлумачыў Сяргейчык.