Чаму людзі гатовыя плаціць, каб навучацца па-беларуску?
І ці многа тых, хто гатовы адстойваць правы беларускамоўных?
«З беларускамоўнай дашкольнай адукацыяй у нас бяда»
— У нашых дзяцей няма роўных магчымасцяў з рускамоўнымі. У першую чаргу, адчуваецца абсалютная несправядлівасць у дашкольнай адукацыі, — лічыць архітэктар, дызайнер і маці двух дзяцей Аляксандра Баярына.
Калі сям’я чакала старэйшую дачку, бацькі як раз наведвалі курсы «Мова нанова». Яны адчулі, што прыйшоў час пачаць у стасунках дома перайсці на беларускую. Так і зрабілі.
— Я хачу, каб мае дзеці размаўлялі на роднай мове — беларускай. Мы жывем у Беларусі, павінны ведаць яе гісторыю, шанаваць яе, мець свае каштоўнасці, размаўляць, чытаць кнігі і глядзець кіно па-беларуску. Гэта ніякім чынам не адмаўляе ведання іншых моваў. Але гэта базіс гарманічнага развіцця, — тлумачыць Аляксандра Баярына.
І ўсё ішло па плану, пакуль не прыйшоў час адпраўляць дачку ў дзіцячы садок.
— У нашым раёне (Ленінскім) няма беларускамоўных ясляў і ніводнага садка хаця б з адной групай, дзе сапраўды размаўляюць па-беларуску, — кажа Аляксандра.
Ёсць толькі групы «з беларускай мовай навучання». Але набіраюць у іх рускамоўных дзяцей па агульнай чарзе. У выніку самі дзеці размаўляюць паміж сабой па-руску, выхавацелі размаўляюць з дзецьмі таксама па-руску. І калі некалькі беларускамоўных дзяцей трапляюць у такую групу, то яны адчуваюць пастаянны стрэс, ім псіхалагічна не камфортна, дзеліцца Аляксандра Баярына:
— Ясляў з беларускай мовай навучання ў Ленінскім раёне ўвогуле не існуе, іх не было ні год, ні два гады таму, нягледзячы на тое, што я афіцыйна звярталася ў аддзел адукацыі з патрэбай прадаставіць такую ясельную групу для сваёй дачкі.
Тым часам на сайце упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска адзначаецца, што ў гэтым раёне ў 2018/2019 навучальным годзе у садках працуе 20 груп з беларускай мовай навучання.
— Таму мы аддалі дачку ў недзяржаўны беларускамоўны садок. Мы выбралі Хрысціянскі сацыяльны цэнтр (гэта не зусім садок, але навучальны працэс там падобны), дзе нам пайшлі насустрач і ўсю адукацыю вядуць па-беларуску. Дарэчы, у Мінску пры адукацыйным клубе «Крочым разам» працуе яшчэ адзін прыватны беларускамоўны садок «Зорачкі». Але там паслугі каштуюць даражэй, — расказвае Аляксандра.
Яе сын у наступным годзе таксама пачне наведваць дзіцячы садок. І зноў паўстанне пытанне доступу да адукацыі на роднай мове.
— У нашай суполцы каля 80 дзяцей, якім патрэбныя яслі і садкі з выхаваннем і стасункамі на беларускай мове. Частка ўжо наведвае 314-ы садок — адзіны дзяржаўны, які зарэкамендаваў сябе як садок з беларускамоўным навучаннем. Астатнія бацькі аддалі сваіх дзяцей у прыватныя садкі ці ў рускамоўныя групы ад безвыходнасці, — гаворыць Аляксандра Баярына. — Спачатку бацькам падавалася: галоўная праблема ў тым, што мы прыходзім у «Адно акно» адміністрацыі свайго раёна, а там няма магчымасці пазначыць мову навучання. Таму лагічна, што нашых дзяцей не накіроўваюць у беларускамоўныя групы, у аддзелах адукацыі наўпрост не ведаюць, што такая патрэба існуе.
Каб зразумець сітуацыю, удзельнікі суполкі правялі грамадскі маніторынг моўнага статусу 106 дзіцячых садкоў Мінска, дзе, па дадзеных уладаў, ёсць беларускамоўныя групы. Вынікі паказалі, што выхавацелі такіх груп вельмі часта не размаўляюць па-беларуску.
— Высветлілася, што з беларускамоўнай дашкольнай адукацыяй у нас бяда. Нават у двух поўнасцю беларускамоўных садках горада набіраюць рускамоўных дзяцей. А нас, беларускамоўных, туды не бяруць, бо па агульнай чарзе размяркоўваюць у нейкія іншыя групы. Таму і «беларускамоўны» садок выглядае як фіктыўная адукацыя па-беларуску, — лічыць Аляксандра Баярына.
Вынікі маніторынгу паказалі: сутнасць праблемы не ў тым, што бацькам цяжка трапіць у групы з беларускім выхаваннем, а ў тым, што такіх амаль няма — і гэта праблема усёй сістэмы адукацыі.
— Можна ж было тых, хто хоча адукоўваць дзяцей па-беларуску, запрасіць у адну групу. Бо калі ўсе дзеткі ў групе размаўляюць па-беларуску, то на гэтай мове і выхавацелі будуць гаварыць. Але такая сітуацыя немагчымая з-за агульнай чаргі і ўмоў пастановы аб арганізацыі работы груп з беларускай мовай навучання, — кажа Аляксандра.
Па просьбе бацькоў Мінадукацыі накіравала ў раёны горада рэкамендацыі фіксаваць жаданне бацькоў, каб іх дзеці адукаваліся па-беларуску, і накіроўваць іх у адны групы. Але пакуль гэта не прапісана заканадаўча, бацькі не выказваюць надзеі, што іх насамрэч пачуюць. Якім чынам садкі будуць працаваць і ці будуць далейшыя зрухі, ці будуць яны выконваць рэкамендацыйны ліст — пакажа час. Актывісты суполкі «Дзеткі-кветкі» працягваюць сачыць за сітуацыяй.
Зараз звонку можа падацца, што беларускамоўныя сем’і аб’ядноўваюцца ў суполкі, сустракаюцца толькі адзін з адным, ствараючы свайго роду гета. Але насамрэч гэта не так, яны не абмяжоўваюць свае кантакты толькі беларускамоўным асяроддзем, падкрэслівае Аляксандра Баярына. Проста развівацца і выхоўваць дзяцей на роднай мове без такіх зносін было б немагчыма. Тым больш, што вельмі не хапае беларускамоўных паслуг — адукацыйных, бытавых, культурных. Ёсць праблемы, звязаныя з тым, як набыць кніжкі па-беларуску, з дэфіцытам кіно і мультфільмаў.
— Для сябе я вырашыла, што нават калі мае дзеці будуць навучацца ў рускамоўнай школе, гэта не стане трагедыяй. Бо да сямі гадоў яны выхоўваюцца па-беларуску і дома мы карыстаемся беларускай, і гэтая мова застанецца для іх роднай. А руская, як і іншыя замежныя мовы, будзе карыснай. Хаця для дзяцей, канешне, будзем шукаць беларускамоўную школу і, калі будзе магчымасць, універсітэт. Увогуле я не бачу праблемы ў тым, каб вярнуць цалкам школьную адукацыю па-беларуску, як гэта было не так даўно — мая малодшая сястра навучалася ў школе па-беларуску, — кажа Аляксандра.
—Хацелася б, каб і ў нас, і ў дзяцей было больш магчымасцяў карыстацца паслугамі з камунікацыяй па-беларуску, — выказвае спадзеў Аляксандра.
«Ёсць жадаючыя не толькі атрымаць вышэйшую адукацыю па-беларуску, але і гатовыя за гэта плаціць»
У Беларусі больш за 50 універсітэтаў. Але ні ў адным з іх адукацыя не вядзецца на беларускай мове. То бок выпускнікі беларускамоўных школ вымушаны цалкам перастройвацца на рускую, каб атрымаць дыплом ВНУ. Але ўжо ў гэтым годзе можа адчыніць свае дзверы першы беларускамоўны ўніверсітэт — Універсітэт імя Ніла Гілевіча.
— Мы плануем у лютым падаць дакументы і да сакавіка атрымаць ліцэнзію. Калі паспеем — з верасня ў нас пачнуць навучацца студэнты, калі ж не паспеем, давядзецца яшчэ год чакаць, — расказвае старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.
Упершыню ідэю стварэння такога ўніверсітэта выказвалі заснавальнікі БНР. У часы БССР — у 1921 годзе — яго адчынілі. А ў часы беларусізацыі больш за палову прадметаў выкладалі па-беларуску, расказвае старшыня ТБМ. Але потым пачаліся сталінскія рэпрэсіі — яны закранулі амаль усіх першых выкладчыкаў. Пасля Другой сусветнай вайны выкладанне вялося ўжо толькі па-расейску.
— Цяпер мы маем шмат універсітэтаў: і дзяржаўных, і прыватных, але няма ніводнага, дзе б навучанне ішло па-беларуску. А калі няма навучання па-беларуску, мы маем праблему з нацыянальнай элітай. І гэта вядзе да праблемы захавання незалежнасці. І паколькі ўлады не хочуць ствараць дзяржаўны беларускамоўны ўніверсітэт, мы заснавалі прыватны, — распавядае Алег Трусаў.
Перспектыва першага набору пакуль усё яшчэ гіпатэтычныя. Яшчэ шмат чаго давядзецца зрабіць, перш за ўсё — атрымаць ліцэнзію на навучанне студэнтаў з правам выдачы дыпломаў аб вышэйшай адукацыі. Для гэтага трэба распрацаваць вучэбныя планы, тэматычныя планы, патрэбна бібліятэка і спіс выкладчыкаў, дактароў, кандыдатаў, якія ў стане выкладаць абраныя дысцыпліны.
Зараз пры ўніверсітэце працуюць падрыхтоўчыя курсы, якія наведваюць больш за 80 чалавек. Там выкладаюцца фізіка, хімія, матэматыка, беларуская, польская, англійская мовы, гісторыя Беларусі. З сакавіка стартуюць курсы для школьнікаў, якія хочуць здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне па-беларуску. Сярод наведвальнікаў курсаў асноўную масу складаюць вучні менскіх школ. Але ёсць і дарослыя.
— Курсы платныя, што дазваляе нам плаціць невялікія заробкі выкладчыкам і аплочваць арэнду памяшкання. Але гэтых грошай не хапае на ўсё, таму звяртаемся да грамадзян па ахвяраванні, за спонсарскай дапамогай. Калі атрымаем ліцэнзію, плануем запусціць краўндфандынгавую кампанію, каб сабраць сродкі на першы час існавання ўніверсітэта, — дзеліцца планамі старшыня ТБМ.
Спачатку універсітэт сканцэнтруецца на шасці накірунках. Гэта ахова гісторыка-культурнай спадчыны і краіназнаўства, германістыка, паланістыка, IT-сфера, беларуская мова і мастацкі пераклад, культуралогія.
Кіраўніцтва ўніверсітэту ўпэўнена, што попыт на атрыманне вышэйшай адукацыі па-беларуску забяспечаны. У Мінску ёсць шэсць беларускамоўных гімназій і дзве школы. І яшчэ сотні выпускнікоў вясковых школ, дзе часта дзеці навучаюцца па-беларуску. І для іх пераход у рускамоўныя ўніверсітэты выклікае пэўныя цяжкасці.
— Мы бачым, што моладзі, якая цікавіцца магчымасцю атрымаць вышэйшую адукацыю на роднай мове, нямала. Колькі іх прыйдзе навучацца, пабачым. Калі мы стварылі курсы, на іх у першы месяц запісаліся толькі тры чалавекі (бо людзі прывыклі да ўсяго бясплатнага). Але потым, калі мы сталі праводзіць спачатку бясплатныя майстар-класы, людзі ўбачылі ўзровень выкладчыкаў. І цяпер мы маем тыя 70 чалавек наведвальнікаў курсаў. Думаю, тое самае будзе і са студэнтамі, — расказвае Алег Трусаў.
То бок ёсць сотні людзей, якія кожны год сканчваюць беларускамоўныя школы. Сярод іх ёсць тыя, хто хоча працягваць навучацца па-беларуску.
— Мы ўпэўненыя, што калі універсітэт пачне дзейнічаць, мы дакажам, што ёсць
жадаючыя не толькі атрымаць вышэйшую адукацыю па-беларуску, але і гатовыя за
гэта плаціць, — заключае старшыня ТБМ.Наталля Калеснічэнка, Заўтра
тваёй краіны