«Прывесці да ладу». Як рэфармавалі адукацыю пасля заяваў Лукашэнкі
Якія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра адукацыю прыводзілі да рэформаў і што з гэтага атрымалася за апошнія 10 гадоў распавяло Радыё Свабоды.
Залішне складаная матэматыка ў школе
Падчас нядаўняга прызначэння Міхаіла Лусцянкова рэктарам Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксандр Лукашэнка скрытыкаваў складанасць школьных праграм па матэматыцы і фізіцы за 8-ю і 9-ю класы.
«Для школаў і ВНУ праграмы трэба рэанімаваць і прывесці ў нармальны выгляд. У нас часам ужо ў восьмым-дзявятым класе вывучаюць тое, што мы раней вывучалі ў ВНУ. Няўжо так жыццё паскорылася? Няўжо ўсіх іх матэматыкамі рыхтуем? Таму трэба вельмі сур’ёзна заняцца адукацыяй. Калі міністр гэтага не зразумеў, значыць, ён не міністр», — сказаў Лукашэнка.
Глядзім, што яшчэ ў беларускай адукацыі змянілася з падачы Лукашэнкі.
Былі гімназіі — сталі школы
Адмысловым указам Аляксандр Лукашэнка адмяніў уступныя экзамены ў 5-я класы гімназіі. 2018 год стаў першым, калі гімназіі набіралі вучняў не паводле ўзроўню ведаў, а зыходзячы з прапіскі.
Што ў выніку. Гімназіі цяпер адрозніваюцца ад школы толькі назвай і працуюць па аднолькавых навучальных праграмах.
Пра гімназіі пры гэтым Лукашэнка не выказваўся, але ня раз казаў, што «ўсе дзеці мусяць быць роўныя». Пасля такіх заяваў у школах увялі «дзелавы стыль адзення».
«Дзеці не высыпаюцца»
У кастрычніку 2016 году Лукашэнка ўпершыню загаварыў пра занадта ранні пачатак заняткаў у школах. На яго думку, хадзіць у школу дзеці мусяць к 9 гадзінам раніцы. Пасля тагачасны міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў ініцыяваў маніторынг. Высветлілася, што толькі ў 30% школах заняткі пачынаюцца а 8:00.
У 2017 годзе, ужо новаму міністру адукацыі Ігару Карпенку, Лукашэнка зноў гаварыў пра пачатак заняткаў.
«Гадзіна раніцай дзіцяці паспаць — гэта чаго каштуе? І мяне ўсё пераконваюць, што гэта нармальна. Ну добра ўжо ў 10-11-м класе, але малым гэтым, куды ж мы іх? Яны ўсё роўна раней 11-12 ня лягуць спаць», — казаў тады Лукашэнка.
Што ў выніку. У верасні 2018 году большасць школ ужо пачынала заняткі з 9 раніцы, хоць паводле дакументаў школы могуць самі вызначаць, калі пачынаць заняткі. Рэформы ў сярэдняй адукацыі Лукашэнка ініцыюе апошнія тры гады (у 2011-м ягоны малодшы сын Мікалай пайшоў у школу).
«Перапісаць падручнікі»
У 2016 годзе Аляксандр Лукашэнка загадаў перапісаць падручнікі па гісторыі, каб «зрабіць іх зразумелымі».
«Яны павінны быць праўдзівымі, цікавымі, дакладна выкладзенымі і зразумелымі дзецям. Адказваць на вельмі важныя, істотныя пытанні развіцця нашай гісторыі», — пералічваў Лукашэнка патрабаванні да падручнікаў.
Да 2018 году падручнікі сапраўды перапісалі. На думку рэпетытара па гісторыі і грамадазнаўстве Аляксандра Луцэвіча, падручнікі сталі прыгожымі, але не без факталагічных праблем.
Што ў выніку. «У падручніках зʼявілася шмат карцінак, яны сталі прыгожымі, як урокі на Youtube, але, напрыклад, вайна з Напалеонам называецца „Айчыннай“, а гэта расійская гістарыяграфія. Пакуль яшчэ ня выйшлі новыя падручнікі за 10-11 класы, там будзе бачна, як распішуць тэму 1990-х», — кажа Аляксандр.
Адмена 12-гадовага навучання
У 2008 годзе ў Беларусі зліквідавалі 12-гадовую сістэму адукацыі (канцэпцыя 12-гадовай адукацыі пачала паступова ўводзіцца да 1996 году).
«Сучасная школа павінна захаваць усё лепшае, што зроблена за апошнія гады, і ў той жа час пазбавіцца ад непатрэбных напластаванняў, якія толькі ўскладняюць працэс атрымання ведаў і не ўплываюць на якасць адукацыі», — казаў Лукашэнка пасля падпісання ўказу, які фіксаваў гэтыя змены.Таксама ў школе ўводзілася 5-дзённы працоўны тыдзень, а шосты дзень, субота, мусіў быць прысвечаны фізкультуры і спорту. Тады ж зліквідавалі профільныя класы.
Што ў выніку. «Тады былі закрытыя ўсе профільныя класы, і толькі цяпер у той ці іншай форме іх пачалі абнаўляць. А наогул, прыгадаць пазітыўныя змены ў нашай школьнай адукацыі складана. Добра, што дазволілі здаваць тэсты па чатырох прадметах, зрабілі тры рэзервовыя дні для праходжання тэставання, але налета мяняюць сістэму падліку на тэставанні, і вось гэта нівелюе ўсе пазітыўныя змены», — падсумоўвае стваральнік цэнтру «100 балаў» рэпетытар Яўген Лівянт.
Замест 5 гадоў у ВНУ стала 4
З 2012 году беларускія ўніверсітэты сталі часткова пераводзіць свае праграмы з 5-гадовага на 4-гадовы тэрмін навучання. Для пераходу выбралі больш за 200 спецыяльнасцяў. Такую задачу Аляксандр Лукашэнка паставіў на рэспубліканскай педагагічнай нарадзе ў 2011 годзе. Пераход на 4 гады навучання ў многіх ВНУ адбыўся за кошт скарачэння няпрофільных гуманітарных дысцыплін.
Размеркаванне — пакінуць
Абавязковую адпрацоўку 2 гадоў па размеркаванні Аляксандр Лукашэнка адмяняць не захацеў. Ён неаднойчы выказваўся, што гэтага «патрабуе эканоміка».
«Прапаноўвалі адмовіцца: хай моладзь, скончыўшы ВНУ, сама вызначаецца ў жыцці. Я катэгарычна супраць гэтага. Мы захавалі для ўсіх вас магчымасць працаўладкавацца, пайсці на працу, астатняе — за вамі», — казаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым, выпускнікі ВНУ найчасцей самі сабе шукаюць будучае месца працы, каб пайсці на адпрацоўку, бо апошнія два гады заявак на выпускнікоў у шэрагу ВНУ прыходзіць менш, чым маецца выпускнікоў.
Што ў выніку. Самай галоўнай зменай у вышэйшай адукацыі сябра грамадскага Балонскага камітэту Ўладзімір Дунаеў называе ўступленне Беларусі ў Балонскі працэс у 2015 годзе. Гэта пацягнула пазітыўныя рэформы, але адбываюцца яны вельмі павольна.
«Змены адбываюцца, але мы з імі ўжо спазніліся, гэта трэба было рабіць даўно. Я маю на ўвазе змены, якія прадугледжвае дарожная мапа для Беларусі ў межах Балонскага працэсу. Напрыклад, у нас цяпер універсітэты на 50-55% могуць самі вызначаць змест навучальных праграмаў, а раней было толькі 30%», — кажа Ўладзімір Дунаеў.