LRT абвінаваціла кіраўніка кіруючай партыі Літвы ў атрыманні грошай ад бізнэсу, звязанага з Беларуссю

Журналісты публічнага вяшчальніака «Літоўскае нацыянальнае радыё і тэлебачанне» абвінавацілі кіруючую партыю «Саюз сялян і зялёных Літвы» ў атрыманні фінансавання ад бізнесменаў, якія напрамую звязаны з Беларуссю.

litu.jpg

Такую выснову можна зрабіць з расследавання, апублікаванага на сайце LRT 16 студзеня.
У артыкуле прадстаўлены звесткі аб прыватных ахвяраваннях, якія атрымала кіруючая партыя ў снежні 2018 года. У спісе ахвярадаўцаў — літоўскія бізнесмены, звязаныя з транспарціроўкай калійных угнаенняў з Беларусі.
У Літве партыям забаронена атрымліваць дапамогу ад юрыдычных асобаў. Таму бізнесмены могуць перадаць грошы як прыватныя асобы. Максімальная сума ахвяраванні ў такім разе не можа перавышаць 8850 еўра. Па дадзеных журналістаў, муж і жонка Ігар і Вольга Ўдавіцкія ўнеслі ў партыйную касу СКЗЛ па 8800 еўра ў канцы снежня.

litu_2.jpg

Ігара Ўдавіцкага называюць калійным каралём Клайпеды. Ён валодае 70% акцый Biriu kroviniu terminalas — гэты тэрмінал у Клайпедскім порце перавальвае беларускія ўгнаенні. Астатнія 30% належаць «Беларуськалію». Бізнэсмену таксама належыць кампанія перавозкі грузаў Gargzdu gelezinkelis — яна перавозіць грузы толькі ў Клайпедскім порце. Планавалася, што бізнэсмэн можа заняцца бізнесам па пагрузцы нафтапрадуктаў, аднак летам 2018 г. ён адмовіўся ад праекту.
У спісе ахвярадаўцаў таксама ёсць Відмантас Дамбраўскас. Гэты чалавек з’яўляецца бізнес-партнёрам Удавіцкага і кіруе Biriu kroviniu terminalas. Ён таксама валодае 30% кампаніі Fertimaros, якая займаецца фрахтаваннем судоў і дае транспартныя і экспедытарскія паслугі ў Клайпедскім порце. 40% Fertimaros належыць «Беларускай калійнай кампаніі» — дачцэ «Беларуськалія». Пакінутымі 30% валодае Леанід Бергер, які таксама зрабіў ахвяраванне партыі ў памеры 8800 еўра.
Дамбраўскас плануе вылучацца ў Клайпедскі гарадскі савет у гэтым годзе.
Лідэр «Саюза сялян і зялёных Літвы» Рамунас Карбаўскіс адхіліў абвінавачванні ў нелегальным фінансаванні і заявіў, што не знаёмы з бізнэсменамі.
Паводле дадзеных расследавання LRT, партыя на чале з Рамунасам Карбаўскісам ўжо сабрала 174 тысячы еўра спонсарскіх сродкаў. З іх 130 тысяч еўра — партыйныя сродкі, а астатняя сума (44 тысячы) прыйшла ад асоб, якія займаюцца пагрузкай і перавозкай беларускіх угнаенняў.
Паводле reform.by