Баланс беларускай мовы і расейскай — натуральнае выйсце для дашкольнай адукацыі
Неверагодныя рэчы адбываюцца ў нашай краіне з беларускай мовай! У адных сферах пашыраецца яе ўжыванне — бізнес, культура, грамадская дзейнасць. У іншых адбываецца рэгрэс — у першую чаргу гэта адукацыя.

Калі мы не зраўнуем ужыванне мовы ва ўсіх сферах і мясцовасцях Беларусі — рызыкуем атрымаць крытычна раз’яднанае грамадства! Нам будзе вельмі складана дамаўляцца аб шляхах развіцця краіны. У самых важных пытаннях будучых рэформаў і міждзяржаўных партнёрствах.
Мы жадаем пазбегнуць гэтага разрыву. Прагнем, каб беларускі народ быў аб’яднаны і салідарны.
Мы больш за 10 год займаліся грамадска-культурніцкай дзейнасцю. Займеўшы ўласных дзетак мы сфакусаваліся на забеспячэнні іх беларускамоўнай дашкольнай адукацыяй. Гэтая дзейнасць дазволіла нам распрацаваць добрую канцэпцыю зменаў для дзяржаўных садкоў у аспекце мовы. Змены дазволяць з самага дзяцінства развівацца дзеткам у камфортнай культурнай і моўнай прасторы.
Вось нашая жывая гісторыя!
Тры беларускамоўныя сям’і — Мудрачэнкі, Касьцюкевічы і Бойкі, доўга спрабавалі аддаць дзетак у беларускамоўную групку. Паасобку.
Усе варыянты такіх групак на практыцы аказваліся фармальна-беларускамоўнымі.
Напрыканцы лета 2018 году яны сабраліся у адной фармальна-беларускамоўнай групцы 403 садка, што ў Серабранцы. Туды ходзіць 22 дзіцёнкі. Наяўнасць трох сем’яў змяніла падыход выхавацеляў і загадчыцы. Цяпер на беларускай мове адбываецца амаль 50% адукацыйнага працэсу і камунікацыі ў групцы. Практыка — адна выхавацелька цалкам размаўляе на беларускай мове, на занятках абедзве выхавацелькі ўсе новыя словы і паняцці агучваюць на адной мове і адразу перакладаюць на іншую.
Такі расклад аказаўся прыймальным для бацькоў і пазітыўна адбіўся на ўсіх дзецях. Цалкам беларускамоўная Ядзвіга Мудрачэнка пачала лепей разумець і камунікаваць з раней цалкам расейскамоўнымі дзеткамі. Апошнія пачалі разумець сваіх беларускамоўных “аднагрупнікаў” у любой сітуацыі.
Зараз, за тры месяцы такой практыкі, дзеткі развіваюцца ў абедзьвух мовах. Пры жаданні пераходзяць на беларускую ці прыгадваюць як гэта можна сказаць па-руску.
Атрыманы намі досвед пераконвае, што баланс беларускай мовы і расейскай, з’яўляецца самым натуральным развязаннем для ўсёй дашкольнай адукацыі Беларусі.
Нашыя дзеткі будуць упэўнена камунікаваць з любым іншым беларусам. А развіццё ў дзвюх мовах з самага дзяцінства вельмі пазітыўна адаб’ецца на шырыні светапогляду і крэатыўнасці мыслення. А гэта самыя каштоўныя навыкі для чалавека ў 21 стагодздзі.

Мы распачалі краўд-кампанію ў падтрымку нашай ідэі — баланса моваў у садках.
Закупім кнігі і абсталяванне, каб замацаваць уласны поспех і збярэм зацікаўленых бацькоў на Стратэгічны форум, каб дапамагчы спланаваць беларускамоўнае навучанне іх дзетак.
Падтрымаць беларускамоўных бацькоў і іх праект можна тут.