Паступовы пераход да дэмакратыі можа здарыцца праз этап мякчэйшага аўтарытарызму

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў інтэрв’ю «Салідарнасці» – пра тое, якім можа быць у будучыні геапалітычны выбар беларусаў, і ўмоўна пазітыўны сцэнар для нашай краіны.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

– Дэмакратычныя сілы кажуць, што месца Беларусі ў Еўрасаюзе, рэжым – што ў саюзе з Расіяй. А якім, на ваш погляд, можа быць рашэнне беларускага грамадства, калі свабодны выбар стане магчымым?

– Незалежная сацыялогія на сёння паказвае, што за еўрапейскі выбар – меншасць беларусаў. Большасць хіліцца да Расіі. Хаця варта падкрэсліць, што яна не за ўваход у РФ шасцю абласцямі. Беларусы прагматычна глядзяць на найперш эканамічныя выгады ад саюзу з Расіяй.

Пасля 2020 і 2022 гадоў, пасля роста ўплыву расійскай прапаганды і выціскання з краіны беларускіх незалежных медыя ідзе дэфармацыя масавай свядомасці ў прарасійскім кірунку. Аднак я памятаю як у больш вегетарыянскія часы ў Беларусі за ўваходжанне ў Еўрасаюз выказвалася больш за палова беларусаў.

Думаю, калі б змянілася палітычнай сітуацыя ў Беларусі, калі б узнікла палітычная канкурэнцыя і канкурэнцыя ідэй, то беларуская грамадская думка магла б даволі хутка перафарматавацца.

Калісьці беларусы мелі на душу насельніцтва найбольшую колькасць шэнгенскіх віз, яны бачылі перавагі еўрапейскага ладу жыцця, дынаміку развіцця суседняй Польшчы – адпаведна мелі мацнейшыя праеўрапейскія настроі. У іншай палітычнай сітуацыі ківач зноў можа хіснуцца ў праеўрапейскі бок.

Да таго ж беларусы – ментальна еўрапейцы. Рускія, прыязджаючы ў нашую краіну, мусяць прызнаваць, што гэта іншае грамадства і іншы ўзровень нават побытавай культуры.

Праеўрапейскі бэкграўнд застаецца ў падкорцы беларусаў, і гэта можа спрацаваць у будучыні.

Глядзіце таксама

– А калі ў будучыні беларуская грамадская думка пачне схіляцца ў бок інтэграцыі з ЕС, якой можа быць рэакцыя адтуль? Нашто ім Беларусь?

– Трэба падкрэсліць, што мы абмяркоўваем чыста гіпатэтычны варыянт, таму што на сёння не бачна, як і калі можа змяніцца ўлада ў Беларусі. Плюс змена ўлады – таксама рызыкоўны момант: Расія будзе пільнаваць свой стратэгічны плацдарм.

Але тэарытычна, гіпатэтычна для Еўропы выгадна мець Беларусь у сваім лагеры. Наша краіна сёння з’яўляецца стратэгічным балконам Расіі, навісаючы над краінамі Балтыі, Польшчай, Украінай.

Мы ведаем пра ахілесаву пяту ў выглядзе Сувалкскага калідору. Сёння палякі і літоўцы ўмацоўваюць гэты ўчастак, але ўсё адно. Сёння Беларусь выглядае для Еўропы плацдармам, з якога Расія можа пачаць агрэсію.

Таму ў плане геапалітычным, у плане бяспекі для Старога Свету было б выгадна, каб Беларусь была інтэгравана ў еўрапейскую супольнасць.

Да таго ж у сённяшнім стане Беларусь – яшчэ і крыніца гібрыдных пагрозаў, найперш нелегальнай міграцыі. Натуральна, калі ўявіць Беларусь у складзе ЕС, то гэтая вельмі балючая праблема адпала б.

Зноў жа пытанне транзіту. Беларускі рэжым сапсаваў дачыненні з Польшчай і Літвой, памежныя пераходы звузіліся, засталося некалькі бутэлечных рыльцаў. А транзіт важны і для Кітая, і для Еўропы.

Нарэшце, калі паглядзець на беларускае грамадства, і нават на чыноўніцтва (насуперак некаторым стэрэатыпам), то, я маркую, што яны выглядаюць прывабна ў вачах еўрапейцаў.

Грамадства – адукаванае, з ментальнасцю еўрапейскага кшталту. На жаль, сёння сотні тысяч вымушана з’ехалі за мяжу, але ты я ж палякі бачаць, што гэта добрыя і дысцыплінаваныя працаўнікі (за рэдкім выключэннем). Што гэта людзі, якія лёгка інтэгруюцца ў еўрапейскае грамадства.

Ды і беларускае чыноўніцтва пры ўсіх іншых абвінавачваннях дастаткова дысцыплінаванае, умее акуратна выконваць даведзеныя ўказанні і планы. Таму калі ўявіць, што грамадства і чыноўнікі будуць пастаўленыя ў іншую палітычную і эканамічную рамку, то, думаю, Беларусь змагла б хутчэй, чым некаторыя іншыя краны з ліку новых членаў ЕС, інтэгравацца ў супольнасць.

Аднак, як ужо была адназначана, Расія – той чыннік, які трымае Беларусь на кручку. Таму, падкрэслю, гэта развагі пра гіпатэтычную сітуацыю.

– А з пазіцый сённяшняга дня якім вы бачыце негатыўны і пазітыўны сцэнар для Беларусі?

– Найгоршы сцэнар – гэта, канешне, страта незалежнасці. Або, крый божа, ядзерная вайна. Тое, што Лукашэнка прыцягнуў у Беларусь расійскую тактычную ядзерную зброю, гэта вельмі кепскі чыннік. Хаця сам Лукашэнка лічыць, што ён такім чынам забяспечыў захаванне сваёй улады, што ніхто не палезе на ядзерную дзяржаву (а Лукашэнка малюе сябе як мінімум саўладальнікам ядзернай зброі).

Аднак насамрэч гэта, канешне, фактар рызыкі. З такімі цацкамі заўжды небяспечна гуляцца. Дый фактычна гэтай зброяй валодае Расія, а што ў галаве ў Пуціна невядома. Таму Беларусь апынаецца ядзерным закладнікам расійскіх авантураў.

Таксама варта шчыра казаць (бо гэта няпростая тэма): калі ўявіць новае паўстанне ў Беларусі, новую фазу барацьбы за дэмакратызацыю, гэта можа справакаваць Маскву на ўвод войскаў.

Расія – экзістанцыйная пагроза для Беларусі. Мы маем імперыю пад бокам, і пакуль што яна моцная і яе хапальныя інстынкты працуюць. Хаця гэта не азначае, што дэмакратычным сілам і ўсім, хто хоча перамен у Беларусі, трэба сядзець склаўшы рукі і спадзявацца на цуд.

Усё ж наўрад ці заўтра Полк Каліноўскага ўвойдзе ў Беларусь, наўрад ці паслязаўтра Ціханоўская ўедзе на белым джыпе з кулямётам.

Што датычыцца ўмоўна пазітыўнага сцэнару. Многія беларускія эксперты схіляюцца да прагнозу, што фізічны сыход Лукашэнкі (урад ці ён перадасць камусьці ўладу, пакуль будзе адносна здаровы) і замена яго на новага чалавека можа пакласці пачатак пераменаў. Гісторыя паказвае, што пасля жорсткіх персаналісцкіх рэжымаў як правіла пачынаюцца адлігі.

Дастаткова імаверным выглядае варыянт марафону, калі паступовы пераход да дэмакратыі можа здарыцца праз этап мякчэйшага аўтарытарызму.

Зноў жа падкрэслю, што гэта гіпатэтычныя развагі, заўжды можа прыляцець чорны лебедзь – і для Крамля, і для рэжыму Лукашэнкі. Але лепш на гэта не спадзявацца, рыхтаваць марафонскую стратэгію, хаця разам з тым і быць гатовымі да нечаканых паваротаў гісторыі.

На пачатку 1980-х Савецкі Саюз з усімі ягонымі праблемамі здаваўся моцным і ўрад ці нехта спадзяваўся, што літаральна праз дзесяцігоддзе таталітарная імперыя разваліцца за лічаныя гады. Дыктатуры могуць нечакана руйнавацца гэта таксама варта памятаць.