Мяч на баку Лукашэнкі? Крызіс ідэй у дэмсілах і запас часу для рэжыму напярэдадні выбараў
Канкрэтная дата выбараў не аб'яўленая, але дэ-факта перадвыбарчая кампанія ўжо стартавала. І пакуль што — з адзіным яе ўдзельнікам. А як рэагуюць дэмсілы?

Аляксандр Лукашэнка фактычна вядзе перадвыбарчую кампанію. На днях ён заклапаціўся сацыяльнымі пытаннямі. Эканоміка Беларусі дазваляе накіраваць больш грошай на сацыяльную падтрымку насельніцтва, заявіў кіраўнік, прымаючы чыноўнікаў з дакладам 15 кастрычніка. Ён падтрымаў ідэю зняць абмежаванні на памер пенсій для працуючых пенсіянераў, даў указанне максімальна дэбюракратызаваць працэдуру звароту па пенсію, піша Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».
Электаральная кампанія стартавала?
Такім чынам Лукашэнка працуе на свой традыцыйны электарат. У мінулую суботу ён усхваляў вяскоўцаў на абласных «Дажынках» у Карме. Тыднем раней пабываў на «Дажынках» у Мікашэвічах.
Там ён не шкадаваў пафасу. Заявіў, што менавіта селянін выратаваў краіну ў складаныя 90-я гады. «Я планую пабываць ва ўсіх абласцях, каб нізка пакланяцца вам і падзякаваць вам, дарагія нашы працаўнікі вёскі», — паабяцаў Лукашэнка.
Ён не забывае і пра цяжкую маладзёжную аўдыторыю. Адбыліся сустрэчы са студэнтамі Віцебскай вобласці, інжынерна-тэхнічных ВНУ Мінска.
Тым часам стартавала грамадска-культурная акцыя «Марафон адзінства», якая ахопіць усе рэгіёны краіны. У мінулыя выхадныя яна прайшла ў Маладзечне. Дэвіз марафону — «Час выбраў нас». Хоць на справе электарату тлумачыцца трошкі іншая думка: час выбраў яго.
На канцэрце ў Маладзечне 12 кастрычніка прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант падкрэсліла, што гэтая акцыя — «падарунак ад прэзідэнта». Дарэчы, на гэтай сцэне сыграў на раялі малодшы сын кіраўніка. «Талент Мікалая Лукашэнкі нікога не пакіне абыякавым!» — лісліва адзначыла мясцовая дзяржаўная прэса.
Выбары прызначаць у лістападзе?
Усё гэта вельмі падобна да рэалізацыі плана электаральнай кампаніі.
Дарэчы, некаторыя аглядальнікі памыляюцца, сцвярджаючы, што названая «Belpol» меркаваная дата прэзідэнцкіх выбараў — 23 лютага — нібыта ўжо нерэальная, паколькі выбары, маўляў, паводле Канстытуцыі, прызначаюцца не пазней чым за пяць месяцаў.
На самой справе Канстытуцыя абвяшчае: «Выбары прэзідэнта прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазней чым за пяць месяцаў і праводзяцца не пазней чым за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга прэзідэнта». Цяперашнюю ж кадэнцыю Лукашэнкі ўлады адлічваюць ад дня інаўгурацыі 23 верасня 2020 года.
Так што часу яшчэ навалам. Прызначыць выбары на 23 лютага Палата прадстаўнікоў цалкам можа і ў лістападзе. Сама электаральная кампанія ўкладаецца ў няпоўных тры месяцы.
Лукашэнка ўжо практыкаваў правядзенне выбараў за некалькі месяцаў да дэдлайну, каб зблытаць карты апазіцыі. Так было, напрыклад, у 2006 годзе.
Глядзіце таксама

Але тады ўнутры краіны была нейкая легальная апазіцыя. Цяпер усё зачышчана. У дэмсілах ніхто і не падумвае арганізаваць «Плошчу», як гэта бывала ў больш вегетарыянскія часы.
Аднак і сам Лукашэнка, і яго асяроддзе раз за разам паўтараюць, што ворагі паспрабуюць гайдануць рэжым падчас выбараў. У нейкай ступені гэта рытуальныя страшылкі. Пасля шоку 2020 года наверсе, верагодна, прытрымліваюцца думкі, што беражонага бог беражэ.
З гэтага пункту гледжання лепш правесці выбары, пакуль холадна. Другі момант — вайна ва Украіне. Усё часцей сталі залятаць шалёныя расійскія дроны. Цьфу-цьфу, пакуль нікога не зачапіла. Але што зваліцца на галаву заўтра? Так што лепш адыграць электаральную кампанію, пакуль яшчэ коціць матыў пра мірнае неба над галавой.
Эканоміка пакуль таксама выглядае нядрэнна. Даходы насельніцтва растуць. Расія дапамагла змякчыць удар санкцый. Але, зноў жа, заўтра можа аказацца, што не ўсе кату масленіца.
Так, незалежныя эксперты паўтараюць, што ў эканоміцы нарастаюць дысбалансы, адміністрацыйнае стрымліванне цэн — гэта не камільфо. Аднак звычайны беларус не надта пагружаны ў гэтыя макраэканамічныя сілагізмы. На сёння сітуацыя далёкая ад галодных бунтаў.
Жалезная заслона працягвае апускацца
А што ж палітычныя праціўнікі рэжыму? На днях яны паведамілі, што праект стратэгіі да будучай электаральнай кампаніі распрацаваны «ўпаўнаважанай рабочай групай» і прайшоў «адпаведныя працэдуры» ў Офісе Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаным пераходным кабінеце (АПК) і Каардынацыйнай радзе.
«Ёсць усе падставы спадзявацца, што тры асноўныя інстытуты дэмакратычных сіл будуць мець для рэалізацыі адзіную стратэгію да "бязвыбараў" 2025 года», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы АПК.
У чым сутнасць стратэгіі, пакуль не расшыфроўваюць, але па ўскосных звестках можна меркаваць, што ідэя байкоту адвергнутая. Ставіцца задача нагадаць пра сябе, палітызаваць электарат.
Так што апазіцыя, як мяркуецца, закліча галасаваць супраць усіх. Па сутнасці, гэта паўтарэнне ідэі «двух крыжыкаў» на рэферэндуме 2022 года. Ніякай шкоды рэжыму тая стратэгія не нанесла. Але байкот, як лічыць апазіцыйны мэйнстрым, выглядае яшчэ горш.
Была таксама ідэя галасаваць за спойлера — умоўнага Гайдукевіча. Бо зразумела, што прозвішча Лукашэнкі будзе ў бюлетэнях не адзіным. Давайце, маўляў, патролім рэжым.
Аднак заклікаць антырэжымны электарат «па прыколе» аддаць галасы за праўладнага кандыдата — пастка. Па-першае, выбаркамы ўсё роўна напішуць патрэбны кіраўніку вынік. Па-другое, гэта павысіць яўку. Па-трэцяе, гэты «прыкол» можа выклікаць абурэнне ў дэмакратычна настроеных выбаршчыкаў. Па-чацвёртае, такую стратэгію дэмсіл не зразумее Захад. Галасаваць за Гайдукевіча, каб насаліць Лукашэнку, — гэта ўсё, што вы прыдумалі?
І ў прынцыпе — наколькі актуальныя дамінуючыя лозунгі апазіцыі для беларусаў унутры краіны?
Рэфрэнам гучыць: санкцыі. Але яны не пахіснулі рэжым за чатыры гады і наўрад ці могуць быць узмоцненыя да разбуральнай ступені. Як паказвае сацыялогія, ідэя санкцыйнага ціску сярод беларусаў непапулярная.
Глядзіце таксама

Таксама педаліруецца тэзіс, што выдача Міжнародным крымінальным судом (МУС) у Гаазе ордэра на арышт Лукашэнкі можа раскалоць беларускія эліты. Але яны не раскалоліся нават у 2020-м. Цяпер жа рэжым куды больш трывалы, сілавікі запэцканыя крывёю, наменклатура — саўдзелам у рэпрэсіях.
Дэмсілам відавочна не хапае пазітыўных мэсэджаў, накіраваных на аўдыторыю ўнутры Беларусі. Ужо відавочна, што галоўны лозунг на «бязвыбарах» будзе: «Лукашэнка нелегітымны». Але ён спадзяецца пражыць і без прызнання Захадам і выцесненымі ў эміграцыю ворагамі. І пакуль пануе палітычны тэрор, яго супернікам ўнутры краіны цяжка падняць галаву.
Вядомы апазіцыянер Павел Латушка раскручвае метафару: «Цягнік Лукашэнкі ў Гаагу рушыў. І яго ўжо нішто не спыніць». Але, па-першае, яшчэ не факт, што МУС выпіша ордэр. Па-другое, метафара кульгае — таму што ніякіх цягнікоў ні ў Гаагу, ні наогул у Еўропу з Мінска цяпер няма.
І тыя беларусы, якія пакутуюць цяпер у чэргах на межах, былі б вельмі ўдзячныя АПК, калі б ён, у прыватнасці, лепш прабіваў пытанні мабільнасці.
«Аўтараў цягніка Мінск-Гаага не бянтэжыць, што з Беларусі ў ЕС можна дабрацца толькі аўтобусам. Уключыце для пачатку хаця б электрычку да Варшавы ці Вільні», — сыранізаваў у Фэйсбуку былы дыпламат Павел Мацукевіч.
Так, абвешчаны еўрапейскі выбар Беларусі, але дэ-факта жалезная заслона працягвае апускацца. Зразумела, што штабы дэмсіл не могуць скокнуць вышэй за пояс. Аднак ім варта было б, мабыць, задумацца хоць бы пра акцэнты ў сваёй рыторыцы. Падобна да таго, што сёння гэта шмат у чым міма касы.