Хто варты кіраваць перадвыбарчай кампаніяй Лукашэнкі?
Навіны гэтага тыдня нас не вельмі здзівілі. Адзінае, у чым мы слаба сумняваліся, але цяпер атрымалі пацвярджэнне — гэта тое, што Лукашэнка не збіраецца «транзітаваць» ці нейкім іншым чынам пакінуць уладу ў краіне, і будзе балатавацца на чарговы прэзідэнцкі тэрмін.
![cihi_pratest____fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__img_5873_logo_logo.jpg cihi_pratest____fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__img_5873_logo_logo.jpg](/img/v1/images/cihi_pratest____fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__img_5873_logo_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1725800834&w=528)
Так, хтосьці даволі сур’ёзна разглядаў варыянты «транзіту», і меў на гэта падставы. Былі чуткі, што яго пераемнікам можа стаць Дзмітрый Круты — экс-амбасадар у Расіі, экс-міністр эканомікі, экс-віцэ-прэм'ер. І гэтыя размовы нават узмацніліся пасля таго, як не Лукашэнка, а менавіта Круты прыняў у Мінску дэлегацыю Хабараўскага краю.
Праўда, сустрэча ўсё роўна прайшла ў стылі Лукашэнкі. Круты панастальгіраваў па былых часах, калі ў Хабараўскі край былі добрыя пастаўкі беларускай пасажырскай тэхнікі, прычым, «гэта былі і аўтобусы з мінскай пляцоўкі, і тралейбусы з нашай сумеснай пляцоўкі ва Уфе («Гараджанін» — гэта, па сутнасці, наша саюзная марка)».
«Інфраструктурныя планы па Хабараўску ў вас вялікія. Мы можам паставіць беларускія тралейбусы або аўтобусы», — прапанаваў ён.
«Мы вельмі канструктыўна, па-рабочаму пазаймаліся з прамысловым сектарам. Я перапоўніўся павагі да тых падыходаў, якія ёсць у Беларусі. Гэта тыя падыходы (напрыклад, імпартазамяшчэнне), якія мы, хай з і некаторым адставаннем, таксама рэалізуем», — у сваю чаргу адзначыў губернатар Хабараўскага краю Дземешын, але пра пастаўкі тэхнікі нічога не сказаў.
Таму ў кагосьці магла закрасціся думка — Круты дакладна разглядаецца як пераемнік Лукашэнкі. Але…
Але Лукашэнка прыняў з дакладам свайго сына Віктара, які ўзначальвае Нацыянальны алімпійскі камітэт, і ў ходзе размовы таты з дзіцем было сказана, што пройдзе «вялікая размова аб стане спраў у спартыўнай галіне ў цэлым». Вялікая размова запланаваная на першую палову 2025 года.
А ў выніку — мы разумеем, што выбары 2025 года, якія плануюцца ў лютым, будуць з шырока вядомым прозвішчам у бюлетэні. Бо размаўляць са спартоўцамі Лукашэнка наўрад ці будзе ў статусе, ніжэйшым за прэзідэнцкі. Інакш яго, Лукашэнку, і слухаць ніхто не стане.
І зразумела, з якімі лозунгамі Лукашэнка пойдзе на выбары. Мы неаднаразова пісалі, што нічога новага ён прыдумаць не можа. Таму зноў жа пойдзе размова пра тое, што «мы захавалі прамысловасць», і паўстане пытанне пра аўтобусы, якія Круты абяцаў Дземешыну.
Глядзіце таксама
![Дзмітрый Круты — спадчыннік Лукашэнкі? «Калі ты прызначаеш сабе спадчынніка, ты ўжо не верыш у сваю доўгую светлую будучыню»](/img/v1/images/3010_2.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1719645857&w=660)
У верасні ў Расіі было прададзена 8 аўтобусаў МАЗ. Паводле звестак расійскага «АСМ-Холдынг», якое адсочвае продажы тэхнікі, гэта «на 61,9% менш, чым год таму». У цэлым за дзевяць месяцаў збыт скараціўся да 335 машын.
Таксама ў верасні ў Расіі былі зарэгістраваныя 336 новых грузавікоў Мінскага завода, што на 41,3% менш, чым за аналагічны месяц мінулага года. А за 9 месяцаў збыт беларускіх грузавікоў у РФ склаў 4095 адзінак.
Пры гэтым расійскі рынак аўтобусаў у верасні склаў 976 адзінак, а рынак грузавікоў па выніках дзевяці месяцаў — 94,5 тысяч машын.
Працэнт продажаў МАЗаў на расійскім рынку прыгнятае. Пры гэтым нашы «саюзнікі» купляюць не «беларускае», а маркі, пра якіх да нядаўняга мінулага мы наогул не ведалі — напрыклад, Sitrak і Shaanxi.
І гэта ў нечым дзіўна, таму што МАЗ, у прынцыпе, карыстаецца тымі ж кітайскімі камплектуючымі, якімі карыстаюцца яго канкурэнты.
У 2015 годзе Лукашэнка абяцаў краіне 5G-сувязь — гэта маё любімае яго абяцанне. Наўрад ці ён справіцца з 5G, але затое нам зноў паабяцалі скасаванне роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй. Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў сказаў, што яны зноў «могуць завяршыцца да канца гэтага года».
Ідэя адмяніць роўмінг паміж дзвюма краінамі з'явілася яшчэ ў мінулым дзесяцігоддзі. Нам абяцалі яго адмену ў 2018-м, да канца 2020-га, потым сам Мезенцаў абяцаў канчаткова адмяніць яго ў 2021-м… І пакуль улады дзвюх краін абмяркоўваюць і абсмоктваюць гэтую ідэю, роўмінг сапраўды адмянілі. Толькі не ў «Саюзнай дзяржаве», а паміж краінамі ЕС.
Ну і як жа без «мірнага неба над галавой»? Праўда, у гэтым мірным небе перыядычна лётаюць «Шахеды», але Лукашэнка ўсё роўна настойвае, каб ён удзельнічаў у перамовах па заканчэнні вайны ва Украіне.
«Я заўсёды настойваў... І ўкраінцам кажу пра гэта, і расійцам — Пуціна папярэдзіў, што на перамовах па Украіне павінны прысутнічаць беларусы. Чаму? Таму што гэта наша праблема. Я не хачу, каб там вырашаліся пытанні, нашы пытанні без нас. За нашай спінай», — сказаў Лукашэнка 17 кастрычніка на сустрэчы з навукоўцамі і ўдзельнікамі беларускіх антарктычных экспедыцый.
Пры гэтым ён чамусьці заявіў, што яго няўдзел у перамовах можа прывесці да страты Беларуссю часткі сваёй тэрыторыі: «Так, яны там не адцяпаюць да Гомеля Палессе, не ў гэтым справа. Але яны могуць прыняць такія пастановы, што заўтра палову краіны давядзецца аддаць...» А вінаватыя ў гэтым будуць, як заўсёды, «збеглыя».
Прычым, калі раней ён абвінавачваў апазіцыю ў тым, што яна скача пад дудку замежных лялькаводаў, то цяпер замежныя лялькаводы скачуць пад дудку нашых «збеглых». «Яны ўсё робяць з падачы нашых вар'ятаў збеглых гэтых... Якія сядзяць за мяжой для таго, каб не дапусціць Беларусь да вырашэння пытанняў... І нас да гэтага не пускаюць», — сказаў Лукашэнка.
А вось хто нас працягвае радаваць, дык гэта МТЗ. На мінулым тыдні мы адзначылі іх крэатыўнасць у выпуску газонакасілак пад брэндам трактара. А на гэтым тыдні завод заявіў, што ў 2025 годзе асвоіць новую прарыўную тэхналогію і зоймецца выпускам сякер.
«У якасці вытворчай пляцоўкі разглядаецца механічны цэх № 7. Там будзе арганізаваны асобны ўчастак для апрацоўкі лёзаў, для якога закупяць увесь комплекс неабходнага абсталявання. Плануецца наладзіць выпуск сякер шасці тыпаразмераў», — распавялі ў МТЗ.
Хтосьці ў МТЗ вельмі крэатыўны. Можа, гэтаму чалавеку і даручаць весці новую перадвыбарчую кампанію Лукашэнкі? Будзе калі не лепш, то хаця б весялей.