Павел Усаў: Спяшацца з «Канстытуцыяй» няма ніякага сэнсу
«Прапагандай і афіцыяламі пазначана, што "рэферэндум" па "Канстытуцыі" павінен адбыцца ў лютым», — піша палітолаг Павел Усаў у свам тэлеграме і разважае, ці сапраўды варта чакаць рэферэндуму ў лютым.
— Згодна з дзеючай "Канстытуцыяй": "Дата правядзення рэферэндуму ўстанаўліваецца не пазней як праз тры месяцы з дня выдання ўказа прэзідэнта аб прызначэнні рэферэндуму".
"ВК" камісіі па правядзенні рэферэндуму фарміруюцца за месяц да рэферэндуму.
Але, на гэты момант Лукашэнка не спяшаецца выдаць свой "указ". Дата так і не прызначаная. Які сэнс чакаць да 28 студзеня? У сваю чаргу, "публіцы"не прадстаўлены канчатковы праект "дакумента". Тая прававая мазаіка, якую ўпіхваюць, нікуды не падыходзіць.
Лукашэнка ад гэтай канстытуцыйнай авантуры нічога не выйграе, стабілізацыі рэжыму, і тым больш, нейкаму ўнутрыкланаваму транзіту ўлады не спрыяе. А вось непатрэбную ўвагу прыцягвае, напружанне стварае. Трэба ж працягваць саджаць, тэрарызаваць, ды яшчэ і забяспечыць на гэтым фоне "элегантную перамогу", якая ў любым выпадку будзе пустым гукам.
У сваю чаргу, падрыхтоўку да мерапрыемстваў трэба праводзіць у рэжыме строгай сакрэтнасці, каб схаваць інфармацыю пра сябраў выбарчых камісій, ну і кантраляваць "галасаванне".
А потым за 2.5 года трэба будзе правесці аж 3 электаральныя кампаніі:
1. Выбраць і запусціць у працу УНС. Сход павінен будзе перафарматаваць практычна ўсю ўладную структуру (ад урада да суддзяў).
2. Потым выбары ў "мясцовыя Саветы" і "парламент" (запланаваныя на 2023 год).
3. 2025 год — чарговыя выбары Лукашэнкі.
І ўсё трэба ва ўрачыстай абстаноўцы, са шчаслівымі тварамі выбаршчыкаў, для забеспячэння фармальнай легітымнасці, якой ужо нікога не накорміш, і нават уласных паплечнікаў.
А тут яшчэ Назарбаеў такі непрыемны сюрпрыз паднёс. Уся яго схема па захаванні ўлады сям'і, схаванага транзіту — развалілася. Занадта шмат груп інтарэсаў, цэнтраў уплыву і фактараў, якіх немагчыма прадбачыць. Калі беларускаму дыктатару і ўдасца захаваць уладу яшчэ на некалькі гадоў, то яго патаемнае жаданне перадаць яе па спадчыне наўрад ці здзяйсняльнае. Таму ўсе гэтыя складанасці і маніпуляцыі з Канстытуцыяй, перабудова унутрыўладных адносін — непатрэбная растрата рэсурсаў.
Мяркую, што цяпер спяшацца з "Канстытуцыяй" няма ніякага сэнсу.