Пра што маўчаць прапагандысты
Усе, хто цікавіцца палітыкай, заўважылі ахрыплы голас Лукашэнкі на ўручэнні прэмій. І сам ён прызнаўся, што «спраўляецца з кавіднай пнеўманіяй». Гэта выклікала ўвагу і абмеркаванне на тыдні па дзвюх прычынах. Першае — не так ужо часта мы атрымліваем інфармацыю пра здароўе вышэйшых асоб дзяржавы. І другое: у нас жа як бы вірусы не лётаюць, ці не праўда?
Пакуль яшчэ кіраўнік Беларусі — яскравы прыклад дзіўнай палітыкі дзяржавы ў барацьбе з COVID-19. Ён хварэе ўжо ў трэці раз. Першы раз мы даведаліся, што ён перахварэў кавідам, у ліпені 2020 года. У лютым 2021-га на Усебеларускім сходзе ён сказаў, што «гэтая зараза зноў да мяне вярнулася. Ужо трэці дзень». І вось цяпер — у трэці раз.
І, нягледзячы на гэта, ён адмаўляўся прышчапляцца да тых часоў, пакуль не будзе створана «беларуская вакцына». Аднак яе стварэнне (прынамсі, увядзенне ў абарачэнне) па афіцыйных даных плануецца не раней за 2023 год.
Лічбы штодзённага захворвання ад Міністэрства аховы здароўя «скачуць» ад 500 выпадкаў да паўтары тысячы штодня. Пры гэтым бальніцы пераводзяцца ў нармальны рэжым працы, скарачаюцца «кавідныя» месцы. Нібыта, паводле звестак беларускага ведамства аховы здароўя, сітуацыя з COVID-19 не такая ўжо і страшная. Аднак у той жа час КХЛ адмяніла матчы рэгулярнага чэмпіянату хакейнай лігі — менавіта з-за каронавірусу. Па паведамленнях СМІ, толькі ў мінскім «Дынама» (якое, дарэчы, і прасіла аб пераносе матчаў) сімптомы заражэння прысутнічаюць у 2/3 складу каманды.
А нам застаецца толькі варажыць: у нас «усё нармальна» з кавідам, як сцвярджае Міністэрства аховы здароўя, ці ў нас новая хваля захворвання? Па адчуваннях — менавіта другое. Але ўлады зноў паводзяць сябе так, як быццам «віруса ў нас няма». Але адсутнасць прызнання праблемы і яе замоўчванне не прыводзяць ні да чаго добрага. У выніку ўлады зноў рызыкуюць атрымаць «зваротную сувязь» ад грамадзян зусім не такую, на якую яны спадзяюцца. Як гэта здарылася ў 2020-м.
Дзіўным чынам у нас скончыліся айчынныя навіны пра крызіс з мігрантамі. Памежная ахова Польшчы, напрыклад, па-ранейшаму фіксуе да 70 спробаў нелегальнага пераходу беларуска-польскай мяжы на суткі. Аднак у афіцыйных СМІ пра гэта — маўчанне, як быццам мігранты «растварыліся ў прасторы» і зніклі немаведама куды. Няма ні рэпартажаў з Брузгоў, невядома, што адбываецца ў лагістычным цэнтры, дзе быў мігранцкі лагер... Падобна, сапраўды да гэтых людзей паставіліся, як да разменнай манеты: пра іх забыліся, як толькі зразумелі, што Еўропа навучылася адказваць на гэты выклік.
Лукашэнка ў свой час абяцаў вырашыць праблему з мігрантамі «да Новага года». З таго самага новага года і не паступае ніякай інфармацыі пра мігранцкія праблемы. Але замоўчванне праблемы не азначае, што яна знікла. Напрыклад, у розных «няправільных» тэлеграм-каналах праскочыла інфармацыя пра паведамленне пасольства Ірана беларускаму МЗС наконт адмовы забраць з Сінявокай 96 грамадзян гэтай краіны, якія затрымаліся ў Беларусі. І не таму, што няма такой магчымасці ў прынцыпе, а з-за таго, што гэтыя людзі, па іранскіх звестках, датычныя да экстрэмісцкіх або тэрарыстычных груповак.
Карацей, не жадаюць бачыць іранцы ў сябе на радзіме экстрэмістаў, — не тых, якія ў чацікі пішуць, а цалкам сабе рэальных. Хай лепш яны застаюцца ў Беларусі. Маўляў, гэта цяпер вашая праблема.
Апошняе, што афіцыйна было чуваць пра мігрантаў у Беларусі — гэта словы польскага перабежчыка Эміля Чачко, які заявіў, што яму вядома пра забойства больш за 240 мігрантаў на тэрыторыі Польшчы. У адказ на гэта польскі бок прапанаваў абследаваць Чачко ў псіхіятра, а многія згадалі пра словы з адпаведных структур ААН, якія не выявілі масавых пахаванняў на польскай мяжы. Пагадзіцеся, 240 нябожчыкаў так проста не схаваеш. Асабліва ад міжнародных следчых.
Вядома, нельга пакінуць па-за ўвагай мост на Нямізе ў Мінску, абвал якога адбіваецца на жыцці сталіцы. Спрэчкі, ці патрэбны ён увогуле, не сціхаюць. Аднак варта ўспомніць, што мост на Нямізе — не адзіны, які падаў у краіне за мінулы год. А ўся справа ў тым, што сродкі на рамонты дарог і мастоў выдаткоўваў Беларусі Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Аднак у сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі пасля жніўня-2020 еўрапейскае фінансаванне было замарожанае. І ў выніку масты пасыпаліся па ўсёй краіне, — аж да сталіцы.
І не толькі масты. Мінск таксама напаткала маленечкая камунальная катастрофа: у міні-ЦЭЦ на вуліцы Скарыны ў Мінску паламалася помпа. З-за гэтага больш за 200 дамоў у буйным сталічным мікрараёне Уручча засталіся без ацяплення і гарачай вады.
Між тым, на рэканструкцыю ЦЭЦ грошы таксама даваў ЕБРР. Супадзенне?
А вы заўважылі, як пасля Казахстана змянілася рыторыка дзяржаўных СМІ адносна праекту Канстытуцыі? Раней новы Асноўны закон падаваўся як рэвалюцыйнае вынаходства, якое будзе вызначаць жыццё краіны на дзесяцігоддзі. А цяпер усё больш гаворыцца, што «важна выклікаць у грамадстве дыскусію». У асноўным паведамляецца пра «стэндапы» чыноўнікаў у розных арганізацыях і прадпрыемствах, прычым, гэтыя выступы нагадваюць «міжсабойчыкі». Скажам, які сэнс абмяркоўваць праект Канстытуцыі сярод «кіраўніцтва Гродзенскай вобласці», збіраючы дзеля гэтага ці не ўсю абласную «вертыкаль», як гэта зрабіў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергіенка? Няўжо пераконваць трэба нават «сваіх»?
З моманту пачатку «грамадскага абмеркавання» ўжо прайшло два тыдні, да пачатку лютага, на які плануецца той самы рэферэндум, таксама засталося менш за 20 дзён. Між тым, рэферэндум нават не абвешчаны, і нешта не чуваць пра фармаванне камісій, акругаў і ўчасткаў для галасавання. А трэба ж яшчэ і ўлічыць «пажаданні працоўных» па зменах Асноўнага закона!
Складваецца ўражанне, што ўлады з пытанні рэферэндуму працягваюць «цягнуць гуму». Нібыта, ёсць нейкая няўпэўненасць у тым, што рабіць далей, і ці не адкласці рэферэндум, ці ўвогуле скасаваць яго…
Часам важна не толькі тое, што адбываецца, а таксама і тое, чаго не адбываецца, альбо тое, пра што спрабуюць маўчаць. Часам маўчанне — значна больш красамоўнае, чым словы, заявы і дзеянні.