З'явілася петыцыя супраць аднаўлення моста на Нямізе

Аўтары петыцыі, што з'явілася на сайце petitions.by, прапануюць не аднаўляць пуцеправод у цяперашнім выглядзе, каб з'яднаць гістарычны цэнтр горада, парэзаны магістралямі на разрозненыя кавалкі.

most_5_logo.jpg


«Адной з найбуйнейшых праблем захавання і аднаўлення гістарычнага цэнтра Мінска і цэласнасці яго асяроддзя (візуальнай, пешаходнай) з'яўляецца транзітны трафік па дзвюх скразных магістралях, бяздумна пракладзеных у пасляваенны час. Пад гэтыя магістралі была знішчана значная (калі не большая) частка гістарычнай забудовы, па іх франтах узведзены буйныя дысанансныя комплексы, усё гэта, разам з вялізным трафікам, які стварае значны шум і выкіды, раздзірае невялікі гістарычны цэнтр сталіцы на разрозненыя шматкі, якія не ўспрымаюцца візуальна як адзінае цэлае і маюць абмежаваныя пешаходныя сувязі, змяншае яго рэкрэацыйнае значэнне, аказвае негатыўнае ўздзеянне на фасады гісторыка-культурных каштоўнасцяў, перашкаджае паўнавартаснай рэгенерацыі асяроддзя.
У праекце дэталёвага планавання гістарычнага цэнтра Мінска (рэдакцыі 2013 года) магістраль праспект Пераможцаў — вуліца Леніна, напрыклад, уводзіцца пад плошчу Свабоды, што дазваляе зрабіць яе пешаходнай. Аднак з таго часу не было зроблена ніякіх крокаў у гэтым напрамку»,— гаворыцца ў петыцыі.
У сувязі з тым, што разбурэнне пуцеправода і яго поўны дэмантаж адкрывае магчымасці, рэалізацыя якіх раней уяўлялася малаверагоднай, а таксама з улікам наяўнасці ў Мінска першага і другога транспартных колаў, аўтары звароту лічаць магчымым перанакіраваць увесь трафік у абыход гістарычнага цэнтра, адмовіцца ад аднаўлення пуцеправода, распрацаваць праект рэгенерацыі забудовы паўночнага боку плошчы Свабоды і забудовы былой вуліцы Школьнай (цяпер лесвіца да Нямігі).
Для прымушэння аўтаўладальнікаў да выкарыстання транспартных кольцаў стваральнікі петыцыі прапануюць увесці платны ўезд у гістарычны цэнтр для транзітнага транспарту, зыходзячы з часу знаходжання. «У гэтым ёсць логіка і з таго пункту гледжання, што цяпер уладальнікі гісторыка-культурных каштоўнасцяў нясуць поўную адказнай за іх стан, а прадпрыемствы, якія размяшчаюцца ў іх, яшчэ і выплачваюць пэўны працэнт з даходу за амартызацыю будынкаў. У той жа час аўтаўладальнікі, якія аддаюць перавагу скараціць шлях праз "вузкае рыльца" гістарычнага цэнтра, аказваюць значнае негатыўнае ўздзеянне на фасады вібрацыяй і выкідамі, пры гэтым ніяк не ўдзельнічаючы ў падтрыманні стану помнікаў архітэктуры», — удакладняецца ў звароце.
На думку аўтараў петыцыі, увядзенне платы значна паменшыць трафік, напрыклад, на вуліцы Нямізе, зрабіўшы больш камфортным знаходжанне на ёй, а таксама дазволіць у будучыні завузіць вуліцу Багдановіча ў Траецкім прадмесці, якая зараз ледзь не прымыкае да гістарычных фасадаў, не пакідаючы месца для людзей і бізнесу.