Новы мост праз Нямігу ў Мінску з'явіцца не раней за вясну. ДАІ апублікавала маршруты аб’езду

Новы мост праз Нямігу ў Мінску можа з'явіцца толькі вясной — праз тры месяцы. Пра гэта распавёў гендырэктар «Горрамаўтадора» Дзяніс Глінскі. Пешаходная частка моста абрынулася ў ноч на 8 студзеня. На шчасце, ніхто не пацярпеў.

8_125_logo_1.jpg


З-за абвалу моста ў цэнтры Мінска перакрыты рух грамадскага транспарту, распрацоўваецца альтэрнатыўная яго схема. А сталічныя ўлады заяўляюць, што рух у раёне Нямігі збіраюцца аднавіць «максімальна аператыўна». Мяркуецца, што на дэмантаж канструкцый моста спатрэбіцца тыдзень, піша Еўрарадыё са спасылкай на minsknews.by.

Мост быў пабудаваны ў 1962-м, у 2017-м прайшоў рамонт. Глінскі кажа, што летась было тэхнічнае заключэнне наконт апорнай канструкцыі, што яна знаходзіцца ў нармальным стане. Цяпер эксперты вывучаюць прычыны здарэння. Папярэдне гаворка ідзе пра «старэнне канструкцый», уплыў «пастаянных вібрацый» ад метро і перапады тэмператур. Дакументацыю вывучае і Следчы камітэт.

Пазней гарадскія ўлады паведамілі, што «у сувязі з рамонтнымі работамі на пуцеправодзе па праспекце Пераможцаў праз вуліцу Багдановіча... прынята рашэнне з 8 студзеня па 10 лютага часова забараніць рух транспартных сродкаў...»: па вуліцы Леніна — ад скрыжавання з вуліцай Інтэрнацыянальнай да скрыжавання з вуліцай Няміга, па праспекце Пераможцаў — ад перасячэння вуліцы Няміга да перасячэння з вуліцай Мельнікайце, па вуліцы Няміга — ад скрыжавання з вуліцай Гарадскі Вал да скрыжавання з вуліцай Янкі Купалы.

ДАІ з праектнымі ўстановамі распрацавала схему змены арганізацыі дарожнага руху ў цэнтры Мінска ў сувязі з рамонтнымі работамі пасля абвальвання моста праз Нямігу. Абмежаванні ўведзеныя з улікам змены маршрутаў грамадскага транспарту, адзначае Reform.by.

Для выключэння затораў па найкарацейшым шляху аб'езду праз Гарадскі Вал, праспект Незалежнасці і вуліцу Янкі Купалы кіроўцам рэкамендуюць па магчымасці ўстрымацца ад руху па гэтым маршруце, паколькі гэтыя вуліцы прадугледжаны для грамадскага транспарту. У якасці альтэрнатывы прапануецца праспект Машэрава, вуліца Старажоўская і іншыя вуліцы 2-га транспартнага кальца.

Для павелічэння прапускной здольнасці гэтых участкаў прадугледжаны змены:

  • на праспекце Незалежнасці ў раёне вуліц Гарадскі Вал і Янкі Купалы дэмантаваныя пешаходныя пераходы, зачыненыя левыя павароты налева на вуліцу Леніна, а таксама для асабістага транспарту на вуліцу Янкі Купалы;
  • з вуліцы Янкі Купалы на вуліцу Максіма Багдановіча арганізаваны левы паварот з дзвюх палос;
  • на вуліцы Старажоўскай арганізаваны паварот на праспект Машэрава з дзвюх палос;
  • з вуліцы Мельнікайтэ арганізаваны паварот налева на вуліцу Раманаўскую Слабаду з дзвюх палос.

Зменіцца і праца святлафораў. Для абвесткі грамадзян усталююць інфармацыйныя шчыты і дарожныя знакі. Для бесперабойнага руху грамадскага транспарту па маршруце «Старажоўская — праспект Машэрава — Заслаўская — Мельнікайтэ» ДАІ будзе сачыць за парушэннямі прыпынку/стаянкі на гэтых вуліцах.

Супрацоўнікі ДАІ будуць несці службу ва ўзмоцненым варыянце. Пры неабходнасці будзе прадугледжана абмежаванне руху ад плошчы Францішка Багушэвіча ў напрамку Нямігі і з боку Кальварыйскай у напрамку Раманаўскай Слабады.

Па магчымасці ДАІ рэкамендуе адмовіцца ад паездак на асабістым транспарце, а скарыстацца паслугамі метро.