Павел Усаў: «Вядома, ні ОСТ, ні КР, ні Кабінет уплыву на санкцыйную палітыку «сябраў Беларусі» не маюць»
«Які ж сэнс усіх гэтых структур, прызнаных захадам, як «дэмпрадстаўніцтва Беларусі», якія не ў стане прадстаўляць і бараніць нацыянальныя інтарэсы?», — задаецца пытаннем палітолаг. Франак Вячорка, здаецца, настроены больш аптымістычна.
«І вось што цікава, як жа зараз «дэмакратычнае апазіцыйнае прадстаўніцтва» будзе сябе паводзіць? Думаю, як і раней, ездзіць па «сустрэчах» і «канферэнцыях» і дзякаваць заходнім палітыкам за «салідарнасць» і «падтрымку для беларусаў». Вось якая яна салідарнасць і падтрымка», — пішаПавел Усаў з нагоды забароны на ўезд аўтамабіляў на беларускіх нумарах з боку Літвы і Латвіі.
«Яшчэ хацелася б запытацца, а як там «парламентскія групы», «сябры Беларусі». Гэта што, такія сябры? Нядаўна, офіс з Лябедзькам гарача асуджалі «літвінізм» у літоўскім сойме, а як наконт асуджэння абсурдных, зьнішчаючых Беларусь санкцыяў? А яшчэ хацеў запытацца пра «стратэгічны дыялог ЗША і апазіцыі» — гэта вы там так настратэгіравалі? Гэта вынікі вашай працы?
А як там новы склад КР і Кабінэт, можа ўжо выступілі з нотай пратэсту і гарача запатрабавалі адмены дыскрымінуючых і прыніжаючых беларусаў санкцыяў, гэтак жа гарача, як і іх увядзення?
Але ж вядома, ні ОСТ, ні КР, ні Кабінет уплыву на санкцыйную палітыку «сябраў Беларусі» не маюць. Тады які ж сэнс усіх гэтых структур прызнаных захадам, як «дэмпрадстаўніцтва Беларусі», якія не ў стане прадстаўляць і бараніць нацыянальныя інтарэсы?», — прапануе паразважаць палітолаг.
Першы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, здаецца, настроены больш аптымістычна. У эфіры «Еўрарадыё» ад 18 ліпеня ён казаў:
«У нас ёсць нейкая прастора, каб адваяваць выключэнне для беларускіх грамадзянаў, якія ўязджаюць на беларускіх нумарах у Літву, Латвію, Эстонію і Польшчу.
Паколькі чатыры краіны дамовіліся сінхранізаваць сваю палітыку ў дачыненні да ўсходняй мяжы Еўразвязу, яны ў бліжэйшыя тыдні будуць дамаўляцца, якое кампраміснае рашэнне можа быць. І тут нашая задача, задача беларусаў — адваяваць як можна больш палёгкаў для беларускіх грамадзян. Ясна што мы абмежаваныя рамкай Еўрапейскага звязу і рэгуляцыямі, які Еўрапейскі звяз прыняў на цэнтральным узроўні, але ў межах гэтых абмежаванняў — проста выкраіць як можна лепшыя ўмовы для беларусаў.
У любым разе яны зараз нашмат лепшыя, чым для расійцаў. Але тое, што аўтамабілі з беларускімі нумарамі абмежаваныя — гэта ўсё-ткі па пэўных катэгорыях грамадзянаў б'е. Думаю, што дамовіцца пра нейкія выключэнні, нейкія палёгкі для тых, хто едзе наведаць родных, па прыватных справах, проста выехаць з Беларусі, ну і, само сабой, па гуманітарных прычынах, хаваючыся ад рэпрэсіяў, гэтага мы павінны дамагчыся».
Нагадаем, 3 18 ліпеня Літва забараняе ўезд аўто на беларускіх нумарах. 16 ліпеня аналагічную забарону ўвяла Латвія. Польшча ад 9 жніўня перастала прапускаць праз сваю мяжу аўтамабілі на беларускай рэгістрацыі, калі ў салоне няма ўласніка аўто.