Перамога Украіны ў вайне не азначае вываду расійскай ядзернай зброі з Беларусі
Захад або наіўны, або кепска разбіраецца ў беларускім пытанні, піша delfi.lt. І таму ўся гэтая гульня з Пуціным і Лукашэнкам, якіх ставяць на адну прыступку, так проста не скончыцца.
Заява Уладзіміра Пуціна аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, зробленая ў канцы сакавіка, у цяперашніх рэаліях не з'яўляецца чымсьці звышнатуральным і сенсацыйным. Аднак разгляд умоўна расійскага і ўмоўна беларускага кантэкстаў гэтай падзеі ў якасці адзінага цэлага здаецца памылковым. «Delfi» спрабуе разабрацца, чаму на гэтыя два складнікі трэба глядзець асобна.
Расія: перакладанне адказнасці і амбіцыі, падмацаваныя ядзернай зброяй
Расійскі кантэкст цалкам зразумелы і лагічны. Расія даўно спрабуе павялічыць свой уплыў у краінах постсавецкай прасторы. Для гэтага ўжываюцца розныя метады: ад выкарыстання структурных слабасцей тых ці іншых палітычных рэжымаў да вайсковых уварванняў, якія на пуцінскім слэнгу называюцца «спецыяльнымі ваеннымі аперацыямі». Пры гэтым не трэба забываць, што Пуцін — легаліст і для яго важна, каб тое ці іншае дзеянне было звязана з нейкімі прававымі нормамі і прынцыпамі, хай нават яны ідуць насуперак нормам міжнароднага права. Менавіта таму ў сваёй прамове Пуцін згадваў прыклад ЗША, а таксама падкрэсліваў, што размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі не азначае яе перадачу і ніяк не парушае міжнародных абавязацельстваў Расіі.
Логіку Пуціна найлепшым чынам ілюструе выказванне «Па тэлевізары паказваюць жулікаў! Ну чым я горшы за іх?!», якую голасам Фаіны Ранеўскай прамаўляла Фрэкен Бок у мультфільме «Малыш і Карлсан». Менавіта такімі «жулікамі» расійская прапаганда рэгулярна малюе заходнія краіны, абвінавачваючы іх ледзь не ва ўсіх бедах.
Свежым і канцэнтраваным прыкладам гэтага з'яўляецца новая версія Канцэпцыі знешняй палітыкі Расіі, зацверджаная 31 сакавіка. Там ЗША названы «галоўным натхняльнікам, арганізатарам і выканаўцам агрэсіўнай антырасійскай палітыкі калектыўнага Захаду». У дакуменце даволі прадказальна згаданы «каляровыя рэвалюцыі» як спроба ўмяшацца ва ўнутраныя справы Расіі, а дзеянні ЗША і іх хаўруснікаў у дачыненні да Расіі агулам названы «гібрыднай вайной». Падобныя інтэрпрэтацыі расійскіх стратэгаў з'яўляюцца не чым іншым, як праекцыяй уласных дзеянняў адносна іншых важных удзельнікаў міжнароднай палітыкі з наступным перакладаннем на іх адказнасці за свае няўдачы.
Напрыклад, у расійскай Канцэпцыі знешняй палітыкі стратэгічны курс ЗША на забеспячэнне глабальнага дамінавання гэтай краіны, названы ў якасці галоўнага фактару, які перашкаджае нармалізацыі адносін Расіі з краінамі Еўропы. Аднак у ХХІ стагоддзі менавіта Расія развязала дзве вайны на тэрыторыі так званай вялікай Еўропы. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра Грузію і Украіну. У дачыненні да іх Расія сваімі дзеяннямі ігнаравала прынцыпы тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў, непарушнасці меж, а таксама ўстрымання ад прымянення сілы ў міжнародных адносінах. Усё гэта і паказвае, што Расія сама жульнічае, выдаючы ўласную няздольнасць крытычна ацаніць свае дзеянні, каб пазбегнуць далейшага наступання на тыя ж граблі ў міжнароднай палітыцы, за пагрозы яе бяспецы з боку знешніх гульцоў. Пры гэтым і афіцыйныя дакументы, і рыторыка Пуціна аперыруюць заклікамі да стратэгічнага парытэту і балансу інтарэсаў паміж Расіяй і ЗША. Крамлёўскія стратэгі ў сваёй канцэпцыі замежнай палітыкі абгрунтоўваюць свае глабальныя амбіцыі толькі статусам адной з найбуйнейшых ядзерных дзяржаў свету.
Беларусь: калі выбар паміж дабром і злом не працуе
У сваёй заяве аб размяшчэнні ЯЗ у Беларусі Пуцін наўпрост згадаў, што пра гэта яго даўно прасіў Аляксандр Лукашэнка. Дадзеная просьба з'яўляецца цалкам лагічнай, калі прааналізаваць дзеянні Лукашэнкі і яго рэжыму — прынамсі, пасля жніўня 2020 года, калі ў Беларусі адбылося тое, што на афіцыйнай мове называецца «прэзідэнцкімі выбарамі».
Тады, сутыкнуўшыся з беспрэцэдэнтнымі пратэстамі, Лукашэнка пачаў «закручваць гайкі». З прававога пункту гледжання, кульмінацыяй гэтага працэсу з'явілася новая Канстытуцыя, прынятая на рэферэндуме 27 лютага 2022 года. Ён быў арганізаваны па лякалах, старанна адрэпетаваных рэжымам Лукашэнкі на працягу многіх гадоў, і забяспечыў «патрэбны» вынік — з арт. 18 Канстытуцыі была прыбрана фармулёўка пра тое, што Беларусь нацэлена зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай. Акрамя таго, рэферэндум праходзіў пад акампанемент распачатай расійскай агрэсіі супраць Украіны, што ў кантэксце дзеянняў Лукашэнкі не толькі не атрымала належнай увагі з боку сусветнай супольнасці да беларускай праблемы, але і стварыла для беларускага грамадства дадатковыя праблемы, паколькі многае стала ўспрымацца як чорна-белая карцінка з абавязковым выбарам паміж дабром і злом.
Цяперашнія заявы Пуціна аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі выклікалі розныя рэакцыі і каментары. Напрыклад, сакратар украінскай Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксей Данілаў напісаў, што «Крэмль узяў Беларусь у ядзерныя закладнікі». Беларускі палітолаг Павел Усаў яшчэ больш песімістычны: ён гаворыць пра тое, што размяшчэнне ЯЗ на тэрыторыі Беларусі «фактычна цалкам знішчае яе суверэнітэт, а таксама ўсякія ілюзіі наконт змяншэння тэрору і паляпшэння палітычнай сітуацыі». У чымсьці яны дапаўняюць адзін аднаго, і да іх мы яшчэ вернемся ніжэй. А пакуль варта працытаваць Жазепа Барэля. У сваім твіце ён назваў размяшчэнне расійскай ЯЗ Беларуссю безадказнай эскалацыяй і пагрозай еўрапейскай бяспецы. Пры гэтым ён падкрэсліў: «Беларусь яшчэ можа гэта спыніць, гэта іх выбар», — і прыгразіў далейшымі санкцыямі з боку ЕС.
У прынцыпе такая рыторыка Барэля не новая. Напрыклад, 2 сакавіка 2022 года ён заявіў, што ўдзел Беларусі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны дорага ёй абыдзецца. Такая рыторыка гаворыць толькі пра тое, што чыноўнікі Еўракамісіі застаюцца не да канца паслядоўнымі. З аднаго боку, яны дэкларуюць падтрымку беларускага народа ў яго імкненні да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі. З іншага боку, дастаткова эмацыйныя і аператыўныя заявы еўрачыноўнікаў адносна Беларусі часцяком змешваюць паняцці краіны, рэжыму і грамадства. Гэта сведчыць толькі пра тое, што беларуская тэматыка так і не стала для Бруселя хоць колькі-небудзь прыярытэтнай, а беларускім апазіцыйным сілам трэба надаваць значна больш увагі пытанням паслядоўнасці і зместу рыторыкі еўрачыноўнікаў. Аднак ад заявы Барэля пра тое, што Беларусь мае выбар, патыхае альбо наіўнасцю, альбо вельмі спрошчаным разуменнем сітуацыі, у якой аказалася беларускае грамадства.
Так ці інакш, але «выбар» мае толькі Лукашэнка, і ён быў ім зроблены пасля выбараў 2020 года. Калі глядзець на паслядоўнасць яго дзеянняў пасля выбараў 2020 года, то яны былі накіраваны на «кансалідацыю» грамадства, пад якім разумеліся толькі актыўныя прыхільнікі рэжыму ці маўклівая маса. У той жа час любы пратэсны элемент быў альбо выціснуты з краіны, альбо дзяржаўная машына з дапамогай рэпрэсіўных мер проста заткнула яму рот. Тут варта задацца гіпатэтычным пытаннем: а ці змог бы рэжым Лукашэнкі ўтрымацца на фоне масавых пратэстаў пасля выбараў 2020 года без маральнай, эканамічнай і палітычнай падтрымкі Крамля? На гэта пытанне наўрад ці можна даць адназначны адказ.
Відавочныя два факты. Па-першае, у адсутнасць фактару Масквы рэжым Лукашэнкі быў бы менш упэўнены ў сабе і, адпаведна, гатовы хоць да нейкага дыялогу, каб забяспечыць уласную выжывальнасць. Па-другое, у Еўрасаюза не было якіх-небудзь рэальных механізмаў, каб эфектыўна паўплываць на развіццё сітуацыі ў Беларусі пасля жніўня 2020 года, накіраваўшы яе ў бок дэмакратыі. А шматлікія публічныя заявы ў падтрымку беларускага народа і грамадзянскай супольнасці да такіх не адносяцца.
Такі расклад ставіць пытанне наконт санкцый і іх эфектыўнасці. Любыя санкцыі маюць тлумачальны і тэхнічны бок. І часам важней абгрунтаваць, за што канкрэтна дадзеныя санкцыі ўводзяцца, чым распісаць тэхнічны складнік па іх ужыванні ў дачыненні да кожнага канкрэтнага суб'екта. Акрамя таго, тлумачальны і тэхнічны бакі санкцый могуць нярэдка канфліктаваць паміж сабой. У выпадку з Беларуссю санкцыі павінны прымусіць рэжым Лукашэнкі адмовіцца ад рэпрэсій у дачыненні да ўласнай грамадзянскай супольнасці, а таксама перастаць аказваць тэхнічную падтрымку расійскаму ўварванню на тэрыторыю Украіны. Аднак іх рэальнае прымяненне нагадвае закрытую бутэльку з адбітым дном. Інакш кажучы, абмежавальныя эканамічныя меры з боку заходніх краін прымушаюць рэжым Лукашэнкі шукаць альтэрнатывы ў Расіі, Кітаі, мусульманскіх краінах і ў цэлым на так званым «глабальным поўдні». Відавочна, што такі фармат выклікае нязручнасці і раздражненне ў афіцыйнага Мінска. Але ён пакідае яму значнае поле для манеўру.
Аднак вернемся да ЯЗ. Тут сапраўды Беларусь як грамадства трапіла ў закладнікі. Па-першае, размяшчэнне ЯЗ на тэрыторыі Беларусі азначае, што кантраляваць яе будзе Расія, выкарыстоўваючы дадзены рычаг для дасягнення сваіх імгненных і доўгатэрміновых палітычных мэт. Па-другое, у новай расійскай Канцэпцыі замежнай палітыкі наўпрост гаворыцца, што Расія надае прыярытэтную ўвагу «аказанню хаўруснікам і партнёрам падтрымкі ў гарантаванні абароны і бяспекі, нейтралізацыі спроб вонкавага ўмяшання ў іх унутраныя справы». Таму менавіта Крэмль будзе гарантам існавання рэжыму Лукашэнкі ў цяперашнім яго выглядзе, а любыя спробы дэмакратычных змен у краіне будуць спыняцца пад соусам барацьбы з «вонкавым умяшаннем» і «каляровымі рэвалюцыямі». Гэта сапраўды зводзіць да мінімуму магчымасці Беларусі як незалежнага палітычнага гульца па-за фарватэрам расійскіх геапалітычных інтарэсаў. Па-трэцяе, такі расклад ніяк не спрыяе змене палітычнай сітуацыі ўнутры краіны і не павялічвае магчымасці грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных сіл хоць нейкім чынам на яе ўплываць.
Пацыент хутчэй жывы ці мёртвы?
Відавочна, што выратаванне тапельцаў — гэта заўсёды справа рук саміх тапельцаў. Таму толькі беларускае грамадства здольнае сябе выратаваць, хай нават знаходзячыся блізка да кропкі незвароту. Пасля лютага 2022 года ўкраінскія палітыкі і эксперты неаднаразова паўтаралі, што Захад доўгі час ставіў на Расію як на галоўную сілу постсавецкай прасторы, надаючы недастатковую ўвагу іншым краінам. У выпадку з Беларуссю яшчэ крыху больш за 10 гадоў таму некаторыя заходнія палітыкі наіўна лічылі, што пазітыўныя змены ў на той момант больш дэмакратычнай Расіі здольныя выклікаць пазітыўныя палітычныя трансфармацыі ў Беларусі. Нічога гэтага не адбылося.
Украіна і краіны, якія падтрымліваюць яе, гавораць пра перамогу ў вайне і пра будучае ўладкаванне пасляваеннай Еўропы. Крамлёўская прапаганда таксама выкарыстоўвае рыторыку сваёй будучай перамогі ў развязанай Расіяй вайне. Аднак нават поўная перамога Украіны не азначае вырашэння беларускай праблемы, бо яна аніяк наўпрост не звязана з вывадам расійскай ЯЗ з тэрыторыі Беларусі. У дадзенай сітуацыі варта адзначыць два моманты. Па-першае, разгляд Беларусі і Расіі ў адным санкцыйным кошыку многім здаецца самым простым рашэннем у тлумачальным і, асабліва, у тэхнічным планах. Аднак ён з'яўляецца алагічным у многіх сэнсах, паколькі ставіць на адзін узровень рэжымы Пуціна і Лукашэнкі і ігнаруе той факт, што існаванне апошняга на дадзены момант магчыма шмат у чым дзякуючы падтрымцы першага. Такім чынам адбываецца частковая падмена прычыны следствам. Па-другое, менавіта таму беларускім дэмакратычным сілам неабходна праяўляць больш здаровага эгаізму і настойлівасці ў лабіраванні інтарэсаў беларускага народа як у кантэксце расійскай агрэсіі супраць Украіны, так і па-за ім. Інакш беларуская тэматыка будзе нагадваць гісторыю пра донара-трупа, якому ўжо ўсё роўна, каму дастануцца яго органы.