Пра плюсы і мінусы пашырэння Саюзнай дзяржавы
Вы будзеце смяяцца, але я згодны з даволі вядомым Вадзімам Гігіным, што саюз Беларусі і Расіі — гэта перш за ўсё цывілізацыйны выбар.
Такім меркаваннем адзін з самых яркіх інтэлектуалаў-дзяржаўнікаў Вадзім Гігін падзяліўся ў эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё»: «Для мяне і, думаю, для многіх нашых людзей, саюз з Расіяй — гэта перш за ўсё цывілізацыйны выбар. Мы разам не таму, што газ танны, і не таму, што мы туды прадаем свае прадукты. Гэты саюз вызначаецца нашай цывілізацыйнай блізкасцю, тым, што мы адзіныя. І тая барацьба, якая адбываецца за Украіну, таксама звязаная з цывілізацыйнай блізкасцю і адзінствам усходніх славян».
«Поўнач» vs. «Поўдзень»
Але перад тым, як радавацца ці абурацца наконт згаданай вышэй «блізкасці ўсходніх славян», неабходна разабрацца з тэрмінам «цывілізацыя». Інакш атрымаецца, як у аднаго майго апанента на Facebook: «Пра якую цывілізацыйную блізкасць двух народаў можа ісці гаворка, калі ў рускіх — бліны, а ў беларусаў — дранікі!».
Класікі нам пакінулі мноства вызначэнняў на любы густ. Але я абмяжуюся адным, запазычаным у расійскага культуролага Ігара Якавенкі: «Тэорыя лакальных цывілізацый грунтуецца на ідэі аб тым, што ў ходзе агульнагістарычнага развіцця на зямным шары фарміруецца абмежаваная колькасць асаблівых, адрозных адна ад адной стратэгій чалавечага быцця. Кожная з гэтых стратэгій, што дамінуе на пэўнай, вельмі значнай тэрыторыі, аказваецца фактарам, які задае ўвесь лад жыцця».
У гісторыі беларуска-расійскай цывілізацыйнай супольнасці былі свае ўзлёты і падзенні. У прыватнасці, не выклікае сумненняў, што Вялікае Княства Літоўскае было часткай заходнехрысціянскай цывілізацыі, пра што сведчаць ратушы, якія яшчэ дзе-нідзе захаваліся.
Аднак жа згадала бабка, калі дзеўкай была. І ў ХХ і ў ХХІ стагоддзі стратэгія чалавечага быцця выбудоўваецца ў Беларусі вакол ідэі «рускай улады» — гэта значыць, улады першай асобы, якая не ўпісаная ў падзел уладаў, а размяшчаецца па-над імі.
Для тых, хто сумняваецца, працытую самага аўтарытэтнага ў гэтым пытанні беларуса: «Ёсць судовая, заканадаўчая і выканаўчая галіны ўлады, над якімі (вылучана. — Рэд.), паводле Канстытуцыі, стаіць прэзідэнт, які іх каардынуе, накіроўвае, «зводзіць», «разводзіць» і г. д.» (11.10.2013).
Практычным следствам падобнага лунання «па-над галінамі ўлады» з'яўляецца нязменнасць першай асобы. Менавіта яе незмяняльнасць ляжыць у аснове падзелу сучаснага свету на так званыя «Поўнач» і «Поўдзень».
З кожным годам разрыў, калі яго ацэньваць у ВУП на душу насельніцтва, паміж «Поўначчу» і «Поўднем» павялічваецца, што прымушае «паўднёўцаў», незалежна ад геаграфічнай шыраты, на якой яны квітнеюць, самаізалявацца ад «паўночнікаў». Усё лагічна: «Поўнач» навязвае «Поўдню» свае каштоўнасці, сярод якіх змяняльнасць улады (дэмакратыя) займае вядучае месца. Але калі «Поўдзень» адмовіцца ад прынцыпу незмяняльнасці ўлады, то што ад яго застанецца?
Свежы прыклад — пасяджэнне Савет кіраўнікоў дзяржаў СНД у Бішкеку. Дадзім слова кіраўніку беларускай дэлегацыі: «Успомніце, калі мы былі ў Савецкім Саюзе, нас баяліся ўсе. Баяліся і паважалі. На жаль, свет такі, што паважаюць толькі сілу».
Што тут можна запярэчыць? Павага ёсць вытворнае ад страху перад сілай. І так на ўсіх узроўнях ад бытавога (згадаем біблейскае «хай баіцца жонка мужа свайго») да міжнароднага.
Адмова ад барацьбы з капіталізмам у канцы 1990-х гадоў карціну свету чалавека савецкага не змяніла. Па-ранейшаму яе цэнтральны сюжэт — барацьба дзяржаў за «сферы ўплыву».
Магчымасць іншага тыпу адносін паміж дзяржавамі, акрамя дамінавання або падпарадкавання, не ўспрымаецца грамадскай свядомасцю. Таму варта было толькі Расіі нагуляць тлушч на нафтадоларах у пачатку «нулявых» гадоў, як яна пачала барацьбу за аднаўленне імперыі.
Пра жаданне адной маленькай, але ганарлівай птушачкі далучыцца да Саюзнай дзяржавы
СНД — гэта трэцяя пасля Расійскай імперыі і СССР форма арганізацыі адной і той жа расійскай імперскай гістарычнай прасторы.
Расійская імперыя праіснавала некалькі соцень гадоў. Дзяржава, створаная бальшавікамі на аснове камуністычнай ідэалогіі, — 74 гады. Імперскія памкненні — гэтак жа, як Берлага з «Залатога цяляці» — не вытрымалі вочнай стаўкі з працэсам фарміравання сучасных нацый.
Працэс гэты не спыніць, тым больш што, у адрозненне ад Беларусі, у большасці былых савецкіх рэспублік адсутнічае цывілізацыйная супольнасць з Расіяй. Але не ўсё так адназначна, і калі мясцовыя нацыяналізмы ўзялі на сябе ролю цэнтрабежных сіл, то адзіная прырода палітычных рэжымаў выступае ў ролі сіл цэнтраімклівых.
Разлічваць на падтрымку краін Захаду незмяняльным нацыянальным лідарам не даводзіцца, але яны заўсёды могуць разлічваць на разуменне і падтрымку Расіі.
«Такім чынам, — як справядліва заўважыў 2005 годзе расійскі палітолаг Дзмітрый Фурман, — СНД стаў узначаленым Расіяй «святым саюзам» прэзідэнтаў супраць апазіцыі».
Тое, што збліжае кіраўнікоў краін СНД, адначасова ставіць і мяжу такому збліжэнню, бо паглыбленне інтэграцыі азначае страту асабістага кантролю над уласнымі краінамі. Таму ўсе праекты больш цеснай інтэграцыі заканчваюцца тым жа, што і шматлікія праекты інтэграцыі арабскіх краін з падобнымі аўтарытарнымі рэжымамі — нічым.
Але значэнне СНД для Расіі — перш за ўсё псіхалагічнае і сімвалічнае, і пакуль СНД існуе, прэтэнзія Расіі на статус «вялікай дзяржавы» ў вачах уласнага насельніцтва апраўданая.
Свежы прыклад — чарговая заява прэзідэнта Абхазіі Аслана Бжаніяпра імкненне далучыцца да Саюзнай дзяржавы.
Здавалася б, такую ініцыятыву цывілізацыйнай блізкасцю не растлумачыць. Але тут мы зноў упіраемся ў вызначэнне тэрміна «цывілізацыя». У нацыянальных лідараў — свае крытэры. Яны зыходзяць з палітычнай мэтазгоднасці. Вось як гэта зрабіў Уладзімір Пуцін на ХХ пасяджэнні Міжнароднага дыскусійнага клуба «Валдай» 5 кастрычніка: «Асноўныя якасці дзяржавы-цывілізацыі — разнастайнасць і самадастатковасць. Вось два асноўныя кампаненты, на мой погляд. Сучаснаму свету чужая любая ўніфікацыя, кожная дзяржава і грамадства хочуць самастойна выпрацаваць свой шлях развіцця».
Далучэнне Абхазіі да Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі дадасць разнастайнасці расійскай цывілізацыі. Такім чынам, гэты рух у правільным кірунку. На свой плюс можа разлічваць і Абхазія. Краіне з насельніцтвам каля 250 тысяч чалавек Саюзная дзяржава дазволіць пазбавіцца ад геапалітычнай адзіноты.
Што тычыцца Беларусі, то яе выйгрыш зусім не відавочны. Эканоміка Абхазіі, якую можна пабачыць толькі ў электронны мікраскоп, наўрад ці здольная нешта дадаць рэспубліцы-партызанцы. Але сімвалічна, прычым на асобасным узроўні…
Падобнае савакупленне-спалучэнне пакідае галоўнага спецыяліста па інтэграцыі над усімі інтэграцыямі на ўзбочыне. Яно будзе азначаць, што інтэграцыйны працэс на постсавецкай прасторы здольны ісці без яго ўдзелу.