Прымус да перамоў: калі сціскаецца кола

«На небе толькі і размоў, што пра мора», — гаварылася ў фільме «Дагрукацца да нябёсаў». А ў нас — усе абмяркоўваюць ініцыятыву Святланы Ціханоўскай па агульнанацыянальным галасаванні за пачатак перамоў пра выхад з крызісу.

_cihi_supraciu___horad___bczb__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__12__logo_1.jpg


Святлана Ціханоўская абвясціла агульнанацыянальнае галасаванне на платформе «Голас» за мірны выхад з крызісу праз перамовы пры міжнародным пасярэдніцтве. Колькасць тых, хто прагаласаваў, перавысіла 750 тысяч.
Сутнасць праекта ў тым, каб пры падтрымцы міжнароднай супольнасці запатрабаваць ад улады перамоў пра выхад з крызісу. Прапанова, безумоўна, цікавая, асабліва тады, калі Лукашэнка ні на якія перамовы ісці, падаецца, не збіраецца. Разумеючы гэта, многія паставіліся да ініцыятывы са скепсісам. Аднак перамовы, насамрэч — гэта толькі задача-максімум. Ціханоўская сваёй прапановай ужо зрабіла шмат карыснага.
Па-першае, за зіму і «дэцэнтралізаваныя» пратэсныя акцыі беларусы забыліся, што іх, на самой справе, вельмі багата. У выніку ў многіх з’явіліся дэпрэсіі і пачуццё безнадзейнасці. Асабліва калі з кожнага праса льюцца толькі дрэнныя навіны: гэтага асудзілі, таго пасадзілі, яшчэ аднаго затрымалі, улады падрыхтавалі новыя рэпрэсіўныя законы... У людзей узнікала ўражанне, што яны змагаюцца за свабоду ледзь не самотна. А ініцыятыва Ціханоўскай дазволіла чарговы раз прадэманстраваць: са жніўня–2020 нічога не змянілася. Людзей, якія патрабуюць перамен, і зараз вельмі і вельмі шмат, і яны па-ранейшаму гатовыя да супраціву.І гэта — нягледзячы на шалёныя рэпрэсіі з боку пакуль яшчэ ўлады.
Па-другое, гэтым крокам Ціханоўская калі не вярнула сабе і пратэстам інфармацыйны парадак дня, то зрабіла сур’ёзную заяўку на такое вяртанне. Амаль тыдзень усе сацыяльныя сеткі і тэлеграм-каналы толькі і робяць, што абмяркоўваюць яе ініцыятыву. Лаюць, крытыкуюць, ухваляюць, спрачаюцца. Раней у інфармацыйным полі (памятаеце пра дрэнныя навіны?) пераважаў самаабвешчаны кіраўнік дзяржавы. Цяпер пра яго ледзь не забыліся.
Лукашэнка днямі наведаў Хатынь і выступіў там на мітынгу. Хто-небудзь ведае, што ён там казаў? Упэўнены, што многія на гэтае пытанне адкажуць адмоўна: ён стаў нецікавы. Ёсць лепшая тэма для спрэчак, і гэта — Ціханоўская. Улада зноў страціла інфармацыйную прастору. А, як кажа старая амерыканская прымаўка, «калі цябе няма ў тэлевізары, значыць, цябе няма нідзе». Цяпер цябе няма, калі цябе не абмяркоўваюць у інтэрнэце.
Па-трэцяе, Ціханоўская, вядома, прадэманстравала Захаду (як і збіралася), што беларускі палітычны крызіс нікуды не падзеўся. І вось ужо ЗША і АБСЕ падтрымалі яе патрабаванні не толькі па правядзенні перамоў, але і па правядзенні новых прэзідэнцкіх выбараў ужо сёлета.
І па-чацвёртае: гэтае галасаванне не можа не падзейнічаць на розумы чыноўнікаў, якія пакуль ціха сядзяць у сваіх крэслах, тым самым дэманструючы «маўклівую згоду» з рэжымам. Так ім у чарговы раз прадэманстравалі: пратэстоўцы не хочуць грамадзянскай вайны, людзі хочуць перамоў і мірнага вырашэння крызісу. А вось грамадзянскай вайны хочуць іншыя — тыя, хто збіраецца выводзіць войскі на падаўленне мірных акцый, прымеркаваных да Дня Волі. І цяпер можна зрабіць выбар: ты на баку міру або на баку вайны.
Вядома, крытыкаў у Ціханоўскай дастаткова. Шмат пішацца пра тое, што «ніхто не зрынаў рэжым анлайн-галасаваннем» і да таго падобнае. Але ўжо гэтыя чатыры пункты пераважваюць усю крытыку. І, да таго ж, каб гэтая прапанова была такой бяскрыўднай, улады б не кінуліся блакаваць сайт «Голасу» ды чарговым разам тэставаць адключэнне інтэрнэту ў Мінску. А менавіта гэта было заўважана.
У той жа час цікавыя зрухі адбыліся ў Расіі. Як перадаюць інфармагенцтвы, 22 сакавіка старшыня Еўрапейскага савета Шарль Мішэль пагаварыў па тэлефоне з Пуціным. Як паведамляе прэс-служба Крамля, «закраналіся пытанні барацьбы з пандэміяй каронавіруса, у прыватнасці, магчымасці выкарыстання расійскай вакцыны "Спутник V", палітычнае ўрэгуляванне ўнутрыўкраінскага канфлікту, сітуацыя ў Беларусі і некаторыя іншыя актуальныя тэмы».
Напэўна, гэта ўпершыню — прынамсі, я не памятаю, каб раней Пуцін абмяркоўваў з прадстаўніком ЕС сітуацыю ў Беларусі. Масква да сёння досыць агрэсіўна рэагавала на падобныя пытанні, заяўляючы аб «недапушчальнасці ўмяшання ва ўнутраныя справы» Сінявокай.
І ў той жа час прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што, нібыта, Лукашэнка не даваў ніякіх абяцанняў Пуціну з нагоды тэрмінаў канстытуцыйнай рэформы. «У іх былі абмеркаванні. Там гаворка ідзе не пра абяцанні, гаворка ідзе пра тое, што Лукашэнка інфармаваў Пуціна аб далейшых планах, у тым ліку і планах па канстытуцыйнай рэформе», — заявіў Пяскоў.
Аднак не хто іншы, як кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў усе вушы прагудзеў пра «ўрэгуляванне беларускага крызісу шляхам канстытуцыйнай рэформы». Смешна думаць, што такі дасведчаны дыпламат, як Лаўроў, грунтаваў свае прамовы і выказванні на факце «інфармавання» Пуціна з боку Лукашэнкі. Дый безліч экспертаў таксама не абмяркоўвалі б вераснёўскія «сочынскія дамовы» на падставе аднаго толькі інфармавання.
Хутчэй за ўсё, Лукашэнка цалкам у сваім стылі «пракінуў» Пуціна. Таму заяву Пяскова можна расцэньваць не толькі так, што Лукашэнка нічога не абяцаў Пуціну, але што і Пуцін, у сваю чаргу, нічога не абяцаў Лукашэнку наўзамен.
А гэта ўжо — зусім іншая сітуацыя. Асабліва на фоне размовы Пуціна наконт Беларусі з прадстаўніком ЕС.Зразумела, рабіць далёка ідучыя высновы на падставе такіх фактаў пакуль рана. Але адзін выпадак — гэта выпадак, а два — ужо тэндэнцыя.
«Кола вакол Лукашэнкі паступова сціскаецца, пастка захлопваецца. Калі ЕС і РФ дамовяцца пра сыход дыктатара, то для рэжыму тэрмін пойдзе на тыдні. Таму добрая парада сілавікам перад 25 сакавіка: паводзьце сябе максімальна добразычліва ў дачыненні да сваіх суграмадзян, а галоўнае — выконвайце закон і не выконвайце заведама злачынныя загады начальства. Бо ў дзень X усё кіраўніцтва паляціць у цёплыя краіны, а адказваць давядзецца вам», — каментавалі ў тэлеграм-каналах.