Беларусам прыходзяць паведамленні нібыта ад імя Ціханоўскай і «Голаса»
Але гэта фэйк.

Чытачы дзясяткамі дасылаюць паведамленні быццам ад імя Святланы Ціханоўскай, платформы «Голас» і аўтара папулярнага тэлеграм-канала, прызнанага экстрэмісцкім. Ціханоўская, платформа «Голас» і аўтар згаданага канала ўжо назвалі паведамленні фэйкам.
Ва ўсіх выпадках тэкст абсалютна аднолькавы. «Грамадзянам Новай Беларусі» паведамляюць, што іх тэлефоны ўнесены ў базу даных «Голаса», і абяцаюць паведаміць нейкі план дзеянняў.
Прадстаўнікі платформы «Голас» паведамілі ў сваім тэлеграм-канале, што не маюць да рассылкі аніякага дачынення. І ўдакладнілі, што доступу да тэлефонаў карыстальнікаў не маюць нават распрацоўшчыкі самога «Голаса»: даныя карыстальнікаў надзейна зашыфраваныя і захоўваюцца на серверах «Amazon».
Офіс Святланы Ціханоўскай таксама назваў рассылку фэйкам, нагадаўшы, што ўся камунікацыя Ціханоўскай ідзе праз яе афіцыйныя акаўнты ў сацсетках. Уладальнік папулярнага тэлеграм-канала, прызнанага экстрэмісцкім, параіў выдаляць такія паведамленні і занасіць кантакты, якія даслалі іх, у чорны спіс.
Раней фэйкавыя паведамленні прыходзілі карыстальнікам нібыта ад імя TUT.BY.