Еўрадэпутаты заклікаюць краіны ЕС «узяць адважнае лідарства» і наладзіць мірную перадачу ўлады ў Беларусі

Пяцёра еўрадэпутатаў, чальцоў нефармальных груп падтрымкі дэмакратычнай Беларусі ў сваіх нацыянальных парламентах і Еўрапарламенце, выступілі са зваротам з нагоды 25 сакавіка.

i_100724032021.jpg


Яны выказалі «салідарнасць і поўную падтрымку велізарным ахвярам і мужнасці народу Беларусі». Яны заклікалі парламенты краін Еўропы, ЗША, Канады ды іншых дзяржаў арганізаваць групы «За дэмакратычную Беларусь», перадае «Радыё Свабода».

Дэпутаты заклікалі лідараў краін ЕС, Вялікай сямёркі, міжнародныя арганізацыі «ўзяць на сябе адважнае лідарства і ініцыяваць працэс мірнай перадачы ўлады праз новыя выбары ў Беларусі».

Гэтыя намаганні міжнароднай супольнасці павінны прывесці да спынення тэрору і рэпрэсій у Беларусі, вызвалення ўсіх затрыманых і палітычных зняволеных і выпрацоўкі курсу на правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў у бліжэйшыя месяцы да 9 жніўня 2021 года, гаворыцца ў звароце.

Яго падпісалі Андрус Кубілюс і Анджэй Галіцкі ад імя дэпутатаў Еўрапарламента, Жыгімантас Павілёніс ад імя літоўскіх дэпутатаў, Аляксей Ганчарэнка ад Украіны, Роберт Тышкевіч ад Польшчы.