ЕС упершыню за 30 гадоў уводзіць санкцыі ў дачыненні да Кітая

У санкцыйны спіс Еўрасаюза ўключаны чатыры фізічныя і адна юрыдычная асоба з КНР.

018_3.jpg

Савет ЕС на ўзроўні міністраў замежных спраў узгадніў увядзенне санкцый у дачыненні да Кітая за сістэматычныя парушэнні правоў чалавека. Як адзначаюць інфармагенцтвы, гаворка ідзе пра першы санкцыйны пакет за больш чым 30 гадоў.
Да гэтага эмбарга ЕС на пастаўкі зброі ў КНР уводзілася пасля падаўлення кітайскімі ўладамі акцый пратэсту на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне ў 1989 годзе.
У новы санкцыйны спіс трапілі чатыры фізічныя і адна юрыдычная асоба. Іх актывы ў ЕС замарожваюцца, уезд у Еўрасаюз для іх закрыты. Брусель увязвае свой крок з генацыдам уйгураў і прадстаўнікоў іншых этнічных і рэлігійных меншасцей у Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне (СУАР).

Пекін будзе «жорсткай рукой» ператвараць у жыццё меры ў адказ

Рашэнне ад ЕС ужо пракаментаваў міністр замежных і еўрапейскіх спраў Славакіі Іван Корчак: «Гэта вельмі важны крок, які паказвае нашу прыхільнасць (выбранаму курсу ў дачыненні да КНР. — Рэд.)".
Між тым у МЗС Кітая заявілі, што "жорсткай рукой" будуць ажыццяўляць меры ў адказ супраць Бруселя.
Уйгуры — цюркскамоўная народнасць, пераважная большасць яе прадстаўнікоў жыве ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне на захадзе КНР. Паводле веравызнання уйгуры — мусульмане-суніты. Па ацэнках праваабарончых арганізацый, больш за 1 млн. уйгураў і прадстаўнікоў іншых мусульманскіх меншасцей знаходзяцца ў так званых «лагерах для перавыхавання», дзе іх прымушаюць адмовіцца ад іх рэлігіі, культуры і мовы.
dw.com