ЕС і ЗША падтрымалі ініцыятыву беларускай апазіцыі правесці выбары ў 2021 годзе

Пр гэта дыпламаты заявілі на Другім форуме Кастуся Каліноўскага, які сёння праходзіць у Вільні.

Форум Кастуся Каліноўкага. Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Форум Кастуся Каліноўкага. Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай


«На мінулым тыдні офіс Святланы Ціханоўскай прапанаваў людзям прагаласаваць за перамовы апазіцыі з рэжымам Лукашэнкі пры міжнародным пасярэдніцтве і пошук платформы для правядзення выбараў у гэтым, а не ў 2022 годзе. ЗША падтрымліваюць гэтую ініцыятыву», — заявіла амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр.
У сваю чаргу, амбасадар Еўрасаюза ў Беларусі Дзірк Шубель таксама заявіў аб падтрымцы ініцыятывы апазіцыі. Перамовы, лічыць ён, «павінны прывесці да свабодных дэмакратычным выбараў сёлета, не пазней. І з шырокім міжнародным назіраннем».
Акрамя таго, на форуме Каліноўскага паказалі відэазварот кіраўніка дыпламатыі ЕС Жазепа Барэля.
«Мы гатовыя ўвесці больш санкцый, персанальных і ў дачыненні да структур, адказных за фальсіфікацыю выбараў і парушэнне правоў чалавека. Мы гатовыя ўвесці больш санкцый у выпадку адсутнасці якіх-небудзь паляпшэнняў», — адзначыў ён.
Паводле слоў Барэля, ЕС правёў поўную рэвізію адносін з Беларуссю, спыніў палітычныя кантакты і прамое фінансаванне ўлад.
У той жа час кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі заявіў, што «сапраўдны інклюзіўны дыялог — гэта адзіны шлях для забеспячэння мірнага ўрэгулявання цяперашняга крызісу». «І мы гатовыя падтрымаць гэты працэс», — запэўніў Барэль.
Як паведамлялася, экс-кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская прапанавала беларусам «агульнанацыянальнае галасаванне», назвала яго сігналам да дзеяння для міжнародных партнёраў. Паводле яе слоў, апазіцыя запускае гэтае галасаванне, каб правесці «перамовы з тымі прадстаўнікамі рэжыму, якія гатовыя думаць пра будучыню і прымаць сталыя рашэнні, а не зацягваць крызіс да поўнай катастрофы».
Паводле interfax.by