Пуцін працягвае ціснуць на Лукашэнку з нагоды змены Канстытуцыі

У пятніцу аб неабходнасці змены палітычнай сістэмы Беларусі казалі і Лукашэнка, і Пуцін з Меркель, піша «Салідарнасць».

Фота kremlin.ru

Фота kremlin.ru

20 жніўня на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод сілавікам (безыменных герояў схавалі ад народа) Аляксандр Лукашэнка раптам вырашыў выказацца пра актуальнасць правядзення рэферэндуму па змене Канстытуцыі.

Спачатку ён выказаў думку, якую вырашыў прыпісаць не сабе, а сілавікам.

— Хачу звярнуць вашу ўвагу на адну акалічнасць (гэта з вашага асяроддзя — міліцэйскага, Узброеных Сіл) — некаторыя нашы вайскоўцы (яны так не кажуць, але я скажу больш жорстка) не разумеюць: ну навошта прэзідэнту гэты рэферэндум, ну навошта гэтая Канстытуцыя (абнаўленне Канстытуцыі), ды не трэба гэта рабіць, — сказаў Лукашэнка (цытуецца па яго прэс-службе).

Але затым кіраўнік пачаў тлумачыць, чаму рэферэндум усё-ткі патрэбен.

— Хлопцы, не! Мы не можам так паступіць. Па-першае, мы паабяцалі. Па-другое, вы ж памятаеце іх лозунг: «Перамены, перамены, перамены». І мы сказалі: так, патрэбныя перамены, — адзначыў Лукашэнка.

Самае пацешнае, што ў гэтай жа прамове прыхільнікаў пераменаў кіраўнік прама назваў «ворагамі». Прысутныя ў зале сілавікі павінны былі здзівіцца: выходзіць, Лукашэнка пайшоў на повадзе ў ворагаў.

Мабыць, разумеючы, як непераканаўча гучыць яго тлумачэнне неабходнасці змены Канстытуцыі, кіраўнік прывёў яшчэ адзін аргумент. Прама скажам, не менш дзіўны для прыхільнікаў «стабільнасці».

— Мы не можам замарозіць у краіне сітуацыю і абстаноўку, бо паўторацца брэжнеўскія часы. Маладыя людзі гэтага не памятаюць, але мы, старэйшыя, добра памятаем гэты перыяд застою. Таму трэба рух наперад, патрэбныя гэтыя перамены. І тады мы сказалі: так, патрэбныя, але гэтыя перамены павінны быць законнымі. То-бок, калі ісці да пераменаў, трэба пачынаць з Канстытуцыі, — заявіў Лукашэнка.

З чаго раптам кіраўнік пачаў пераконваць сілавікоў у неабходнасці «пераменаў»? Нельга выключаць, што Лукашэнка ўжо ведаў, што беларуская тэма будзе абмяркоўвацца ў той жа дзень на перамовах Пуціна і Меркель.

На прэс-канферэнцыі па іх заканчэнні стала ў каторы раз відавочна, каму ж менавіта Лукашэнка абяцаў змяненне Канстытуцыі і чаму, нягледзячы на ўсё сваё незадавальненне, вымушаны трымаць сваё слова.

— Мяркуем, што супярэчнасці ўнутры беларускага грамадства могуць быць развязаныя толькі ў рамках канстытуцыйна-прававога поля і выключна самімі беларусамі без вонкавага ўмяшання, — заявіў Пуцін.

Верагодна, у пятніцу Лукашэнка выказваннямі аб неабходнасці змены асноўнага закона краіны вырашыў згуляць на апярэджанне, каб прымус з боку Расіі не выглядаў так відавочна.

Але чаго менавіта патрабуе ад кіраўніка Беларусі Крэмль? Магчымы адказ — у тым жа выступе Лукашэнкі перад сілавікамі. Ён так апісаў будучы палітычны лад і сваё месца ў ім:

— Канстытуцыю трэба рабіць нармальную. Без усялякага двоеўладдзя. Каб прэзідэнт быў прэзідэнтам, кіраўніком дзяржавы, і гэтак далей. Але Усебеларускі народны сход трэба сфармаваць такім чынам, каб ён інтарэсы ўсяго грамадства прадстаўляў...

Ролю Усебеларускага народнага сходу я бачу ў тым, каб наша пакаленне — Вольфавічаў, Церцеляў, Кубраковых нават, нягледзячы на яго маладосць — мы маглі адысці і не перашкаджаць моладзі будаваць дзяржаву. Адысці на нейкія запасныя пазіцыі (вайскоўцы мяне зразумеюць), каб бачыць, што адбываецца ў краіне. І калі хтосьці здрыганецца, мужыкі, мы з гэтых пазіцый павінны падключыцца.