81-гадовую пенсіянерку асудзілі за антылукашэнкаўскую прамову на сметніку

Жыхарка Магілёва Ала Няўмоева паспрачалася з камунальнікамі, калі выкідала смецце. Тыя запісалі яе прамову на відэа і выклалі ў TikTok. Суд прызнаў пацярпелым Аляксандра Лукашэнку, распавядае «Свабода».

e57f23d9_1d2e_44cb_a3cd_297ffdda0a7c_w1023_r1_s.webp

Пасяджэнне ў судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва адбылося 11 жніўня, паведамілі паведамілі сёньня праваабаронцы.

Алу Няўмоеву ведаюць старажылы магілёўскага дэмакратычнага руху, чыя актыўная дзейнасць прыпадала на 1990-я. Цяпер ёй 81 год, у яе інваліднасць 2-й групы. А гісторыя, якая скончылася судом, здарылася яшчэ ў красавіку.

З матэрыялаў справы: «Няўмоева Ала Фёдараўна, маючы намер на здзяйсненне злачынства супраць парадку кіраваньня (ч. 1 арт. 368 КК), у прысутнасьці іншых асобаў публічна і наўмысна выказала ў вуснай форме ненарматыўныя выразы, якія абразілі гонар і годнасьць прэзідэнта Беларусі ў сувязі з ажыццяўленнем ім сваім паўнамоцтваў».

Як заявіла жанчына на першым пасяджэнні 4 жніўня, усё пачалося з таго, што яна пайшла выкінуць смецце да кантэйнераў. Туды ж пад’ехалі супрацоўнікі «Спецаўтапрадпрыемства». Смяццяр пачаў задаваць пытанні і здымаць на камеру. Па сутнасці, правакаваў, адзначыла яна ў судзе.

Ала Няўмоева прызнала, што сапраўды выкарыстала нецэнзурную лексіку ў адрас Лукашэнкі. Але ўдакладніла, што яе проста давялі.

«Усё гаварыла нармальна спачатку, а ў канцы нервы не вытрымалі, што я б’юся-б'юся, а нікому нічога не патрэбна. Мацюкі выкарыстала, так. Але заўваг мне ніхто не рабіў. Не справілася з эмоцыямі», — паскардзілася пенсіянерка.

Тым не менш афіцыйна пацярпелым у крымінальнай справе аб абразе на сметніку паблізу Віцебскага праспекта, 28 прызналі Аляксандра Лукашэнку.

На рашэнне суддзі Жанны Пушкінай жыхарцы Магілёва Але Няўмоевай прысудзілі мінімальна магчымае пакаранне — 30 базавых велічынь штрафу (890 рублёў).

За апошні час гэта першы выпадак, калі крымінальная справа за абразу першай асобы дзяржавы скончылася матэрыяльным спагнаннем, а не абмежаваннем ці пазбаўленнем волі.