Ангела Меркель на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным асудзіла дзеянні беларускіх улад

20 жніўня ў Маскве прайшла сустрэча канцлеркі Германіі Ангелы Меркель з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным. На ёй закраналася і беларускае пытанне, паведамляе «Еўрарадыё».

Ангела Меркель і Уладзімір Пуцін / Reuters

Ангела Меркель і Уладзімір Пуцін / Reuters


20 жніўня Ангела Меркель і Уладзімір Пуцін, як і анансавалася, абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і вакол Беларусі, дзеянні Аляксандра Лукашэнкі. Беларускую тэму падчас трохгадзінных перамоваў у Маскве ўзняла канцлер Германіі. Пуцін заявіў на прэс-канферэнцыі, што сітуацыя ў Беларусі павінна вырашацца самімі беларусамі:
«Лічым, што супярэчнасці ўнутры беларускага грамадства могуць быць вырашаныя толькі ў рамках канстытуцыйна-прававога поля і выключна самімі беларусамі без вонкавага ўмяшання».
Пуцін заўсёды гаворыць падобнае падчас размоў з заходнімі лідарамі на беларускую тэматыку. У Маскве абмеркавалі не толькі сітуацыю ўнутры Беларусі, але і міграцыйны крызіс на яе межах з краінамі ЕС.
Меркель: «У кантэксце Беларусі я рэзкім чынам асудзіла выкарыстанне ў якасці гібрыднай зброі людзей, якія церпяць бедства. Гаворка ідзе пра сітуацыю на беларуска-літоўскай мяжы».

Паводле «Еўрарадыё»