«Расія будзе спрабаваць зрабіць беларускі рэжым яшчэ больш таксічным»

Аналітык украінскага Інстытута Будучыні разважае пра накірункі беларускай знешняй палітыкі пасля смерці Уладзіміра Макея. На яго думку, заходні вектар будзе пэўны час на паўзе — чым, меркавана, будзе карыстацца Расія.

photo_2021_07_23_18_29_30.jpg


Ігар Тышкевіч падкрэслівае, што Макей быў адным з уплывовых людзей у атачэнні Лукашэнкі.

— Можна сказаць, што ён фармаваў сваю ўласную групу ўплыву, — кажа аналітык у інтэрв’ю «6TV Bie*arus». — Па-другое, не зважаючы на ўсе магчымыя канфлікты або спіралі эскалацыі з краінамі Захаду, Макей успрымаўся еўрапейскімі і амерыканскімі палітыкамі як асоба, з якой можна размаўляць.

Ну і трэцяе — гэта фігура, якая магла ў межах гэтай аўтарытарнай сістэмы ўносіць свае акцэнты, або лабіяваць пэўныя змены ў палітыцы. Плюс сама ідэя адносна кітайскага і турэцкага вектараў у дачыненні з Беларуссю — гэта, у прынцыпе, таксама Макей.

З Кітаем справы зайшлі занадта далёка, таму тут, незалежна з Макеем ці без яго, усё хутчэй залежыць ад таго, як Раcія будзе весці вайну ва Украіне і што будуць казаць у Мінску.

Для Кітая важна аслабленне Расіі, адначасова з тым важны не распад Расіі. Кітай паціху адкусвае сферу ўплыву РФ. Цэнтральная Азія — гэта ўжо яўна сфера ўплыву Кітаю, прычым у тым ліку і вайсковая. Апошні саміт ШОС гэта яскрава паказаў.

Пры гэтым на постсавецкую прастору Кітай, на жаль, для беларускіх інтарэсаў, прыходзіць паступова. Умоўна кажучы, замацаваліся ў Цэнтральнай Азіі, далей далі сігнал армянам, якія сказалі свае «фе» Расіі, далей, можа, дойдзе і да Беларусі.

Але і фактар Макея, і тое, што Беларусь надае сваю прастору для атак на Украіну, прымушае Кітай крышачку не спяшацца. Але мы бачым, што Кітай ужо паказвае сваю пазіцыю. Мы можам паглядзець на тое, як Расія спыніла размову пра тактычную ядзерную зброю пасля адначасовага сігналу з Кітая і Вашынгтона.

Што адносна турэцкага фактару, то, на думку Тышкевіча, ён трохі складаней за кітайскі: «У Турэччыны свае амбіцыі, яны не будуць канфліктаваць з Кітаем, яны хутчэй ідуць паралельнымі курсамі. Але яна будзе выбудоўваць сваю лінію ўплыву, куды таксама ўключаць Беларусь».

— Таму гэтыя два фактары ў той ці іншай меры застаюцца. З Макеем, магчыма, гэта было б трошкі хутчэй. А вось Заходні вектар будзе, на жаль, пэўны час на паўзе. Калі Макея ўспрымалі як кантакцёра, то зараз, першае, што зробяць еўрапейскія палітыкі, якія кантактавалі з беларускім бокам у нефармальных кансультацыях — гэта возьмуць паўзу, каб паглядзець, хто будзе замест Макея.

Калі гэты чалавек або яго прадстаўнікі прыедуць першы раз, размова будзе ні аб чым, проста паглядзяць, пра што ён думае, лішні раз паўтораць старыя тэзы, каб паглядзець рэакцыю.

Адпаведна, гэта пэўнае адцягванне ў часе, што важна для Расіі.

Яна ў гэты час будзе спрабаваць зрабіць беларускі рэжым яшчэ больш таксічным. Тут пытанне не столькі ў ракетных ударах ці нейкіх правакацыях, колькі каб ускладніць дыялог з Захадам, ці каб той жа самы Кітай і Турэччына сказалі: давайце мы яшчэ трошкі пачакаем, і за гэты час Расія больш умацавалася ўнутры самой Беларусі.

Што тычыцца таго, ці зменіцца баланс палітычных сіл у Беларусі пасля смерці Макея, то эксперт адказвае так:

— Усе залежыць ад таго, ці зменіцца ягоная група. Тут два варыянты: або ягоная група слабне, або з’яўляецца новы каардынатар. Не абавязкова, каб ён займаў высокую пасаду, тут пытанне аўтарытэту і здольнасці вырашаць пытанні, а таксама ўлічваючы аўтакратычны стыль кіравання ў Беларусі, яшчэ і доступу да «цела»: не па выкліку, а калі ты сам прыходзіш і прапануеш нейкую ідэю.

Такіх людзей не багата. Калі гэтая група будзе разбівацца, то ў такім выпадку нас у бліжэйшыя два-тры месяцы чакае вельмі шмат кадравых рашэнняў.