Фрыдман: У Крамлі жадаюць паказаць Лукашэнку ягонае месца

Ці сапраўды ў Маскве рыхтуюцца змяніць Лукашэнку? Хто і што стаіць за ўкідамі пра «замах» на беларускага кіраўніка? Ці ёсць увогуле ў Крамля такія магчымасці? Пра гэта разважае палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у «Філіне».

15664724.jpg


— Злівы пра магчымае зняцце або нават ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі працягваюцца. Цяпер яму прыгадалі гісторыю з картай, якая стала мемам. Нібыта ён паказаў на ёй тое, чаго не трэба было паказваць — рэальныя планы Расіі па захопе не толькі Украіны, але і Малдовы. Каму выгадна менавіта цяпер сеяць гэтыя чуткі? І ці ёсць для гэтага сур'ёзная падстава?

— У нас ёсць толькі гіпотэзы аб тым, хто за гэтым можа стаяць. Ёсць розныя варыянты. Напрыклад, паступова пачаў рэагаваць беларускі бок: праўладны палітолаг Аляксандр Шпакоўскі сцвярджае, што за гэтым стаіць заходняя вайсковая прапаганда. Падобная думка прасочваецца і ў розных пракрамлёўскіх тэлеграм-каналах.

Ёсць і іншая версія, якая прадугледжвае аўтарства беларускага боку, нібыта гэта нейкая беларуская аперацыя з мэтай палепшыць стаўленне да Лукашэнкі як адзінага абаронцы Беларусі ад удзелу ў вайне.

Адзінае мне ў гэтай версіі перашкаджае: казаць аб адхіленні ад улады, але каб сам Лукашэнка і прыдумаў, што яго хтосьці сур'ёзна збіраецца забіць. Вядома, тэарэтычна магчыма, што ён гуляе з такімі рэчамі. Але вельмі ўжо неверагодна выглядае такая камбінацыя.

І трэці варыянт — расійскі. За яго кажа тое, што гэтыя ўкіды ідуць праз крыніцы, якія не маюць сур'ёзнай рэпутацыі. Што тычыцца Леаніда Неўзліна, які адным з першых загаварыў пра «замах» на Лукашэнку, то ён заўсёды падкрэсліваў наяўнасць сувязяў у Крамлі.

Але ж справа ў тым, што ён з'ехаў з Расіі ў 2003-м. Чалавек не быў у Расіі дваццаць гадоў, і складана сказаць, наколькі надзейныя яго расійскія крыніцы.


Калі спыніцца на версіі аб Крамлі, я назваў бы некалькі прычын. Першае — ад Лукашэнкі, напэўна, усё ж чакаюць больш рэзкіх крокаў. Ён увесь час ужывае саюзніцкую рыторыку, але пры гэтым паўтарае, што беларускі бок у вайне наўпрост удзельнічаць не будзе. Напэўна, Маскве гэта не падабаецца.

Напэўна, не падабаецца і тое, што ён робіць, пра што яго просяць, але ўласнай ініцыятывы не праяўляе. Пры гэтым дэманструе, што робіць гэта вымушана: маўляў, па-іншаму ніяк, у нас такія саюзніцкія, партнёрскія адносіны з Расіяй. І не тое каб ён асабліва неяк падкрэсліваў, што так званая «спецыяльная ваенная аперацыя» — гэта наша справа, за якую мы выступаем.

Магчыма, у Крамлі жадаюць паказаць Лукашэнку ягонае месца, каб ён пахваляваўся, каб памятаў пра чырвоныя лініі. Каб ён выконваў і тыя загады, якія яму не падабаюцца. Трэба разумець, што калі нейкая змова і рыхтуецца, то гэта не той выпадак, калі пра яе будуць паведамляць.

Можа быць, дарэчы, што гэта нейкія разборкі ў беларускіх сілавых структурах, накіраваныя супраць Аляксандра Вальфовіча і Станіслава Зася, якія фігуравалі ў гэтых злівах, каб яны не атрымалі нейкую пасаду. Магчыма, усё выглядае вось так банальна.

Калі вярнуцца да крамлёўскай версіі, то сёння, як мне здаецца, адхіленне Лукашэнкі ад улады не ў інтарэсах Расіі. Па-першае, не факт, што атрымаецца. Па-другое, калі і атрымаецца, то ніхто не ведае, якія будуць наступствы ў самой Беларусі.

Таксама варта адзначыць яшчэ адзін момант. Канспіралагічныя версіі смерці кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея прааналізаваў вядучы брытанскі спецыяліст па расійскіх спецслужбах Марк Галеоці. Ён не давярае гэтым версіям і прытрымліваецца думкі, што Крамлю і ў 2020-м было няпроста адхіліць Лукашэнку і захапіць Беларусь. А сёння яго магчымасці яшчэ больш абмежаваныя.