Ці справакуе смерць Цзяна Цзэміня новы палітычны крызіс у Кітаі?

Пра смерць былога кіраўніка Кітая Цзяна Цзэміня стала вядома 30 лістапада. Цзян быў прадстаўніком і лідарам гэтак званага «трэцяга пакалення» кітайскіх палітыкаў (пасля «першага пакалення» Маа Цзэдуна і «другога» — Дэн Сяапіна). Ён займаў вышэйшыя пасады ў КНР з 1989-га па 2002-гі, захаваўшы ўплыў на кітайскую палітыку да 2004 года.

Фота AFP

Фота AFP

Яшчэ не зніклі з памяці кадры эпізоду, які адбыўся падчас закрыцця ХХ з’езду КПК у кастрычніку гэтага года, калі іншага былога кіраўніка КНР, Ху Цзінтаа, вывелі з залы, патлумачыўшы потым інцыдэнт «кепскім станам здароўя» Ху. Таму адной з першых думак, мо, будзе тая, што таварышу Цзяну «дапамаглі» адправіцца ў іншы свет. Тым больш што сярод беларусаў прыхільнікаў тэорыі змовы, падобна, болей, чым сярод прадстаўнікоў любой іншай нацыі. Але ў дадзеным выпадку, імаверна, усё адбылося натуральным чынам. Асабліва калі ўлічыць салідны ўзрост Цзяна, у якім ён памёр — 96 гадоў.


Цзян нарадзіўся ў 1926-м у правінцыі Цзянсу на ўсходнім узбярэжжы Кітая. Гэтая правінцыя славутая высокай шчыльнасцю насельніцтва, высокім фінансавым дабрабытам і высокім узроўнем адукаванасці ейных жыхароў. Бацькі Цзэміня таксама былі людзьмі адукаванымі і інтэлігентнымі. Падчас другой японска-кітайскай вайны ягоны родны дзядзька загінуў у баі і ў далейшым лічыўся нацыянальным героем Кітая.
Цзян скончыў Нанцзінскі (Нанкінскі) універсітэт Цзяа Тун — адзін з вядучых універсітэтаў не толькі Кітая, але ўсёй Усходняй Азіі, які стабільна ўваходзіць у сотню (нават, паўсотню) найлепшых універсітэтаў свету. Там ён атрымаў спецыяльнасць інжынера-электрыка. Уступіўшы ў КПК яшчэ ва ўніверсітэце, Цзян у далейшым звязаў сваю прафесійную кар’еру з партыйнай. Ён некаторы час праходзіў стажыроўку ў Маскве на Заводзе імя Сталіна (цяпер — ЗіЛ), потым працаваў на аўтамабільным заводзе ў горадзе Чаньчун. Дарэчы, менавіта гэты завод выпускае рэдкую люксавую мадэль у рэтра-стылі «Хунці L-5», якой карыстаецца Сі Цзіньпін і два аўтамабілі якой былі перададзены Беларусі (Джэрэмі Кларксан, вядоўца папулярнай праграмы «Гранд Тур», назваў гэтую мадэль «злом — слаўным, бліскучым злом»).
У сваім кар’ерным росце ён хутка дасягнуў рангу чальца ЦК КПК і пасады міністра электроннай прамысловасці. У 1985-м заняў пасаду мэра Шанхая — аднаго з найбуйнейшых гарадоў Кітая. Ягоная дзейнасць на гэтай пасадзе атрымала змешаныя водгукі — ад вельмі ўхвальных да характарыстыкі чалавека, які анічога не робіць карыснага. Але ніхто не адмаўляе, што ён быў чалавекам адукаваным, культурным і верыў у палітыку рэформаў Дэн Сяапіна.
У 1987-м Цзян быў уключаны ў склад Палітбюро ЦК КПК — вышэйшага кіруючага органа ў краіне. У той жа час генеральным сакратаром ЦК КПК быў абраны Чжаа Цзыян — палітык ліберальна-рэфармісцкіх поглядаў, які дзейнічаў у рэчышчы курсу на змяншэнне партыйнай бюракратызацыі, падзел улад, пашырэнне прынцыпу калектыўнага прыняцця рашэнняў, удасканалення выбарчай сістэмы. Але ў ходзе рэформаў узмацняліся студэнцкія рухі, якія патрабавалі большай радыкальнасці гэтых рэформаў і больш хуткіх тэмпаў ажыццяўлення. Менавіта ў выніку студэнцкіх пратэстаў у 1986-м быў адхілены ад пасады тагачасны генеральны сакратар Ху Яабан (менавіта яго, а не Дэна шмат хто лічыць сапраўдным аўтарам палітыкі рэформаў). Смерць Ху ўвесну 1989 года прывяла да новай хвалі пратэстаў, калі студэнты выйшлі на галоўную плошчу Бэйцзіна (Пекіна) Тхяньаньмэнь. Кіраўніцтва КПК было ў роспачы і ў спрэчках наконт таго, як рэагаваць на гэта.
У выніку перамаглі прыхільнікі кансерватыўнай лініі, што прывяло да жорсткага задушэння пратэстаў вайскоўцамі. Кітай аказаўся ў ролі парыі на міжнароднай арэне, Чжаа Цзыян пазбавіўся пасады генеральнага сакратара, а на ягонае месца абралі Цзяна Цзэміня.
Шмат хто лічыў Цзяна часовай, кампраміснай фігурай, якую паставілі займаць пасаду на той час, пакуль не знойдзецца больш моцная. Але, як высветлілася, Цзян прыйшоў «усур’ёз і надоўга». Пераканаўшы Дэна ў тым, што застаецца прыхільнікам палітыкі рэформаў, ён раскрытыкаваў падыходы папярэдняга перыяду, які Цзян назваў «цвёрдым у эканоміцы і мяккім у палітыцы». Ён прыйшоў да высновы, што дзеля захавання ўлады КПК трэба больш увагі надаваць ідэалогіі, што прывяло не толькі да пашырэння функцый ідэалагічнага аддзела партыі, але і да ўвядзення больш жорсткай, у параўнанні з 80-мі гадамі, цэнзуры. Гэта зрабіла партыйных кансерватараў ягонымі прыхільнікамі.
Цзян, атрымаўшы пасаду, заняўся кансалідацыяй сваёй улады. З бласлаўлення Дэна «перацягнуў» у Бэйцзін сваіх паплечнікаў і памочнікаў па працы ў Шанхаі, што прывяло да ўтварэння «шанхайскай клікі» ў вышэйшым партыйным і дзяржаўным кіраўніцтве. Кліка гэтая захавалася і да часоў Сі Цзіньпіна, уяўляючы сабой даволі эфектыўную процівагу наступным вышэйшым кіраўнікам КНР. Праяўлялася ў яго і схільнасць да ўсталявання культу асобы: у першую чаргу праз уключэнне ў праграму КПК распрацаванай Цзянам тэорыі «трох прадстаўніцтваў». У адпаведнасці з ёй КПК прадстаўляе інтарэсы перадавых вытворчых сіл, перадавой кітайскай культуры і «фундаментальныя інтарэсы» пераважнай большасці кітайскага народа. Апошняе значыла, што партыя мусіць дзейнічаць не толькі ў інтарэсах пралетарыяту, але і ўсіх астатніх слаёў насельніцтва. Гэта адкрыла шлях у партыю для шматлікіх сярэдніх і буйных бізнесоўцаў, а таксама, па меркаванні некаторых даследчыкаў, завяршыла трансфармацыю КПК з рэвалюцыйнай партыі ў кіруючую.
Нягледзячы на ўсё гэта, асноўным прыярытэтам ягонага кіравання зрабілася эканоміка. Менавіта ён першым запусціў ва ўжытак тэрмін «сацыялістычная рынкавая эканоміка», абазначыўшы тым самым кірунак і ідэалагічную афарбоўку эканамічнай палітыкі КПК. Гэта паставіла кропку ў спрэчках і ваганнях на гэтую тэму ў партыі з пачатку палітыкі рэформаў. Нягледзячы на не заўжды спрыяльную кан’юнктуру, пры ім кітайская эканоміка выйшла на сярэднегадавы прырост у 8%, што было цудоўным паказчыкам для таго часу. Гэта заклала падмурак для далейшага эканамічнага росту і ператварэння Кітая ў сусветнага эканамічнага лідара.
Пры Цзяне адбыўся шэраг значных гістарычных падзей, у тым ліку — аб’яднанне Кітая і Ганконга ў 1997-м, і ў тым жа годзе — смерць «бацькі кітайскіх рэформаў» Дэн Сяапіна. Акрамя Ганконга пры ім у склад Кітая вярнулася Макаа — былая партугальская калонія. Пры ім жа быў пакладзены пачатак палітычнай традыцыі, у адпаведнасці з якой адзін і той жа чалавек не мог займаць пазіцыі вярхоўнага кіраўніка больш за 10 гадоў — перыяд паміж трыма з’ездамі КПК, што праходзяць раз на пяць гадоў. Традыцыя была зламана пры Сі Цзіньпіне, які быў абраны вярхоўным кіраўніком на трэці тэрмін у кастрычніку гэтага года.
Нягледзячы на тое, што вынікі кіраўніцтва Цзяна ў КНР, як і вынікі ягонага кіраўніцтва ў Шанхаі, ацэньваюцца па-рознаму, усе сыходзяцца на тым, што ён быў досыць яскравым прадстаўніком кітайскага палітычнага істэблішменту, не тыповым для тагачаснага кіраўніцтва. Ён мог выступаць перад аўдыторыяй на англійскай мове (хоць і з жудасным акцэнтам), дэманстраваць сваю прыязнасць творчасці Элвіса Прэслі, плаваць у рацэ, а таксама, выклікаючы жах у прысутных, расчэсваў свае валасы ў прысутнасці караля Іспаніі.
Вялікія акуляры ў тоўстай чорнай аправе і вялікі рот надавалі яму падабенства з рапухай. Што, уласна, не выкарыстоўвалася супраць яго. Наадварот, праз гэтае падабенства ён карыстаўся даволі значнай сімпатыяй, што праявілася ў поўнай меры ўжо пасля ягонага зыходу з улады. Кітайская палітычная традыцыя не дазваляе ні жартаваць, ні крытыкаваць дзейснага кіраўніка партыі і краіны. Ілюстрацыяй тут можа быць лёс дыснееўскага Віні Пыха, у знешнасці якога заўважылі падабенства з Сі Цзіньпінам, за што анімацыя атрымала «бан» на тэрыторыі Кітая. Затое асоба былога кіраўніка ўжо не абкружана такімі забаронамі і часцяком робіцца тым аб’ектам, праз які дэманструецца крытыка кіраўніка дзейснага. Як правіла, словы захаплення ў ягоны адрас гучаць адначасова папрокамі ў адрас таго, каму цяпер належыць улада. І нягледзячы на тое, што імя Цзяна асацыюецца з трагічнымі падзеямі на Тхяньаньмэнь, ягоная папулярнасць была досыць высокай у мінулае дзесяцігоддзе. У 2016 годзе, калі адзначаўся ягоны 90-гадовы юбілей, фанаты Цзяна ў Кітаі запоўнілі інтэрнэт выявамі рапух і пазнавальных акуляраў, якія складаліся ў лічбу «90».

Фото: Hong Kong Free Press

Фото: Hong Kong Free Press

Смерць Цзяна, якая адбылася на фоне пратэстаў, выкліканых чарговай хваляй жорсткіх антыкавідных абмежаванняў, міжволі нараджае асацыяцыю з 1989-м, калі смерць Ху Яабана зрабілася падставай для пратэстаў на плошчы Тхяньаньмэнь, што, у сваю чаргу, прывяло да палітычнага крызісу ў КНР. Некаторыя міжнародныя аглядальнікі ўжо задаліся пытаннем: ці не справакуе смерць Цзяна нешта падобнае? Але на дадзены момант няма аніякіх падстаў усур’ёз разглядаць такую магчымасць. І 2022-гі наўрад ці зробіцца паўторам 1989-га.