Рэвалюцыя белых аркушаў: Гэта не Беларусь–2020, а Кітай цяпер
Кітайская паліцыя працягвае затрымліваць удзельнікаў масавых дэманстрацый супраць працягу лакдаўнаў, уведзеных з-за пандэміі Covid-19. Яны пратэстуюць з пустымі аркушамі паперы.
Пратэсты да ночы працягваліся ў сталіцы краіны Пекіне, найбуйнейшым горадзе Кітая Шанхаі, а таксама ў Нанкіне, Чэнду, Ухані і іншых гарадах. Удзельнікі выступленняў часта выходзяць на вуліцы з пустымі белымі аркушамі паперы замест лозунгаў — такім чынам яны спрабуюць абысці цэнзурныя забароны, паведамляе ВВС.
Некаторыя дэманстранты не толькі дамагаюцца адмены кавідных абмежаванняў, але і выстаўляюць вельмі незвычайнае для гэтай краіны палітычнае патрабаванне — адстаўка кіраўніка КНР Сі Цзіньпіна.
Аднак галоўнай падставай незадаволенасці стала кітайская палітыка «нулявога кавіду», якая ўключае масавае тэсціраванне, працяглыя каранціны і раптоўныя лакдаўны.
Пратэстоўцы ўпэўнены, што гэтыя абмежаванні перашкодзілі выратаванню людзей пры пажары ў заходнім горадзе Урумчы, у выніку якога загінулі 10 чалавек. Кітайскія ўлады адмаўляюць, што лакдаўн звязаны з высокай колькасцю загінулых.
У сацыяльных сетках набірае папулярнасць відэа, на якім падчас дэманстрацыі ў адным з універсітэтаў Нанкіна жанчына трымае ў руках белы аркуш паперы, а затым яе адводзяць праваахоўнікі. На іншым роліку, знятым у той жа вечар, дзясяткі студэнтаў моўчкі стаяць з белымі аркушамі. «На паперы, вядома, нічога няма, але мы ведаем, што гэта азначае», — сказала ВВС адна з удзельніц пратэстаў у суботу ўвечары.
Некаторыя ўжо называюць тое, што адбываецца, «рэвалюцыяй белых аркушаў», «рэвалюцыяй чыстых аркушаў» або «рэвалюцыяй A4».
Вядома, што ў Шанхаі было арыштавана некалькі ўдзельнікаў дэманстрацый. Затрымалі нават журналіста ВВС Эда Лоўрэнса, які асвятляў там акцыі пратэсту. Падчас затрымання ён быў збіты, затым на яго надзелі кайданкі і пратрымалі некалькі гадзін. ВВС заявіла, што вельмі занепакоеная нападам на свайго журналіста. Па словах карпарацыі, кітайскія ўлады не далі вартых даверу тлумачэнняў або выбачэнняў за яго затрыманне.
На месцы пратэстаў у Шанхаі ўсталявалі высокія загароды. Аднак афіцыйны Пекін ніяк не каментуе паведамленні аб дэманстрацыях.
Пачатак пратэстаў і «нулявы кавід»
На працягу выхадных у кітайскіх сацсетках з'явіліся відэа масавых пратэстаў супраць жорсткіх кавідных абмежаванняў у горадзе Урумчы Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна. Дэманстрацыі прайшлі пасля пажару ў жылым шматпавярховым доме, у выніку якога загінулі 10 чалавек.
Кадры з натоўпамі на вуліцах Урумчы з'явіліся ў інтэрнэце, але ўсе ролікі і паведамленні пра гэта зніклі з кітайскіх сацсетак ужо да раніцы суботы.
На кадрах відаць, як мясцовыя жыхары, многія з якіх у масках, пасля надыходу цемры збіраюцца на вуліцах горада. Пасля гэтага пачынаецца супрацьстаянне з прадстаўнікамі ўлад, людзі скандуюць «Канец кавіднаму лакдаўну!». У іншым роліку натоўп прарываецца праз бар'ер, які ўтрымліваюць супрацоўнікі гарадскіх службаў у ахоўным рыштунку.
Аднак афіцыйны Пекін працягвае праводзіць палітыку «нулявога кавіду». Нягледзячы на гэта колькасць заражэнняў працягвае расці, мясцовыя жыхары ўсё часцей выказваюць незадаволенасць у сувязі з лакдаўнамі.
У той час, як іншыя краіны зрабілі стаўку на вакцынацыю і на тое, каб навучыцца жыць з вірусам, Кітай пайшоў шляхам поўнага падаўлення кожнай наступнай успышкі і жорсткіх абмежаванняў, калі нават з-за адзінкавых выпадкаў улады адпраўляюць у лакдаўн цэлыя гарады.
Палітыка «нулявога кавіду» тлумачыцца нізкім узроўнем вакцынацыі і намаганнямі ўлад па абароне людзей сталага веку. Але яна працуе не вельмі эфектыўна — у панядзелак у Кітаі было зарэгістравана больш за 40 тысяч новых выпадкаў заражэння каранавірусам. Такім чынам, рэкордны паказчык захворвання за ўсю пандэмію рэгіструецца ўжо пяты дзень запар.
Колькасць тых, хто захварэў, цяпер большая, чым падчас папярэдняга піку пандэміі ў красавіку гэтага года. Тады кітайскім уладам давялося цалкам закрыць на каранцін Шанхай, і два месяцы 25-мільённы горад фактычна правёў у поўнай ізаляцыі.
Цяпер пра ўспышкі каранавіруса паведамляюць улады ўжо 31 правінцыі, на тэрыторыі якіх знаходзіцца і некалькі велізарных мегаполісаў. У іх ліку — і сталічны Пекін (больш за 22 мільёны жыхароў), і Гуанчжоу — буйны гандлёвы горад на поўдні краіны (18,5 мільёна), і некалькі іншых.
Нагадаем, падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе белыя аркушы на вокнах сталі сімвалам нязгоды і пратэсту супраць рэжыму. Фармальна да чыстага аркуша нельга было прычапіцца, таму што ніякіх лозунгаў на ім не было. Але калі ў Беларусі абвясцілі, што часам не да законаў, белыя аркушы таксама сталі пад забаронай — за іх неўзабваве пачалі караць як за пікет.