Такога ў Кітаі не было даўно: Пекін і Шанхай выйшлі на вуліцы

Жыхары найбуйнейшых кітайскіх гарадоў выйшлі на вуліцы з лозунгам «Сі Цзіньпін, сыходзь!».

Паліцыя спрабуе разагнаць пратэстоўцаў на вуліцах Шанхая. Фота: bbc.com

Паліцыя спрабуе разагнаць пратэстоўцаў на вуліцах Шанхая. Фота: bbc.com


У Кітаі ўспыхнулі пратэсты пасля пажару на захадзе краіны, які выклікаў усеагульны гнеў: праз жорсткія абмежаванні па COVID-19 людзі не змаглі выбрацца з-пад агню, 10 чалавек загінулі. Дэманстранты, якія выйшлі на вуліцы Пекіна, Шанхая і Урумчы, крычалі і трымалі ў руках чыстыя аркушы паперы.
Пажар здарыўся ў чацвер ва Урумчы, сталіцы рэгіёна Сіньцзян. Многія інтэрнэт-карыстальнікі лічаць, што жыхары не змаглі своечасова збегчы, таму што будынак быў часткова заблакаваны, што гарадскія ўлады адмаўлялі. Ва Урумчы, горадзе з насельніцтвам у 4 мільёны чалавек, некаторыя людзі былі заблакаваныя на цэлых 100 дзён.
Хваля грамадзянскага непадпарадкавання з'яўляецца беспрэцэдэнтнай на мацерыковым Кітаі з тых часоў, як Сі Цзіньпін прыйшоў да ўлады дзесяць гадоў таму.
У Шанхаі, самым густанаселеным горадзе Кітая, на вачах у вялікай групы паліцэйскіх натоўп падняў чыстыя аркушы паперы на знак пратэсту супраць цэнзуры. Пазней яны крычалі: «Адмяніце каранцін для Урумчы, адмяніце каранцін для Сіньцзяна, адмяніце каранцін для ўсяго Кітая!». Таксама вялікая група людзей скандавала: «Далоў Камуністычную партыю Кітая, далоў Сі Цзіньпіна!», піша агенцтва «Reuters».


Паліцыя ўзмацніла прысутнасць на вуліцах горада і пачала арышты, што выклікала яшчэ большы пратэст з боку гледачоў.
«Я тут праз няшчасны выпадак на пажары ва Урумчы. Я тут дзеля свабоды. Зіма блізка. Нам патрэбная наша свабода», — заявіў агенцтву «Reuters» адзін з пратэстоўцаў.
Пратэсты пачаліся і ва ўніверсітэтах сталіцы КНР. У прэстыжным пекінскім універсітэце Цінхуа дзясяткі людзей правялі мірную акцыю пратэсту супраць абмежаванняў, звязаных з COVID, падчас якой яны выканалі нацыянальны гімн. Студэнты ўніверсітэта Цінхуа заклікаюць людзей не маўчаць: «Калі мы не адважымся выказацца, таму што баімся быць ачарнёнымі, нашы людзі расчаруюцца ў нас».
Яшчэ не так даўно масавы выхад на вуліцы соцень людзей, якія патрабуюць адстаўкі Сі Цзіньпіна, лічыўся немагчымым. Але пасля пратэсту на мосце ў Пекіне 22 кастрычніка, які ашаламіў многіх, падобна, парог для выражэння больш адкрытай і рэзкай нязгоды з палітыкай рэжыму знізіўся, піша «Бі-бі-сі».


22 кастрычніка на мосце ў Пекіне невядомы кітаец падпаліў покрыўкі і вывесіў транспарант з надпісам «Абвясціце страйк у школах і на працы, прыбярыце дыктатара і нацыянальнага здрадніка Сі Цзіньпіна! Мы хочам есці, мы хочам свабоды, што мы хочам галасаваць!».