Мінздароўя пакінула без увагі сітуацыю з ВІЧ падчас пандэміі. Захворвальнасць вырасла
Міністэрства аховы здароўя Беларусі прызнала, што падчас пандэміі каронавіруса сітуацыя з заражэннем ВІЧ-інфекцыяй была дэ-факта адпушчана на самацёк, што прывяло да прыкметнага росту захворвання.
![_medycyna___kavid__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg _medycyna___kavid__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg](/img/v1/images/_medycyna___kavid__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Паказчык захворвання (за 10 месяцаў 2022 года) амаль на 15% вышэйшы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Рост захворвання звязаны з тым, што ў перыяд з 2020 па 2021 год з-за пандэміі каранавіруса многія грамадзяне не наведвалі медыцынскія ўстановы. Ім, адпаведна, не быў своечасова ўстаноўлены дыягназ, звязаны з ВІЧ-інфекцыяй», — заявіла ўрач-эпідэміёлаг аддзела прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і парэнтэральных вірусных гепатытаў ДУ «Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» Лізавета Прыложынская.
Агульная колькасць хворых на ВІЧ-інфекцыяй у Беларусі перавысіла 24 тысячы. За апошнія 10 месяцаў зарэгістравана 1369 новых выпадкаў, піша АФН.
Між іншым, Мінздароўя лічыць, што з COVID у нас усё нармальна, і з траўня гэтага года спыніла публікацыю штодзённых лічбаў па захворванні, а з ліпеня — увогуле публікацыю статыстыкі. Дык чаму ж ведамства спісвае сітуацыю з ВІЧ на пандэмію?
![Новая хваля COVID-19 — зноў пад грыфам «сакрэтна» Новая хваля COVID-19 — зноў пад грыфам «сакрэтна»](/img/v1/images/9da301595f4e62b7d76a2ba9961f1cec.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)