Расія сапсавала Лукашэнку «свята яднання»
Вялікай пугай і невялічкім пернікам адзначыў Крэмль так званы Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, які ідзе ў календары 2 красавіка ўслед за Днём дурняў. Выглядае на тое, што сёлетняе 20-годдзе Саюзнай дамовы паміж Масквой і Мінскам у снежні будзе не надта прыемнай датай у перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі.
Яшчэ ўзімку Расія выставіла жорсткія прэтэнзіі наконт паставак падсанкцыйнай прадукцыі праз Беларусь. На ўзроўні прэм'ер-міністраў. Але Сяргей Румас выказаў сумнеў Дзмітрыю Мядзведзеву, што такое адбываецца, паведаміў міністр эканамічнага развіцця Расіі Максім Арэшкін: «У адказ на гэта Дзмітрый Анатольевіч прадставіў матэрыялы беларускаму боку з канкрэтным указаннем тавара, кампаніі, якая ў гэтым задзейнічана». І паабяцаў, што «гэтае пытанне будзе вырашацца».
І занялася Масква ім хутка. Рассяльгаснагляд пры канцы сакавіка заявіў, што «пастаянна сутыкаецца са спробамі ўвозу ў Расію праз Беларусь плодаагародніннай прадукцыі ў суправаджэнні выдадзеных беларускім бокам фітасанітарных сертыфікатаў з несапраўднымі звесткамі аб краіне яе паходжання». То-бок, расейцы падазраюць, што ў Беларусь завозіцца садавіна з краінаў, на якія Масква наклала харчовае эмбарга, а ад нас яна едзе ў Расію ўжо з дакументамі, у якіх запісваецца іншая краіна вырошчвання.
У свой час, нагадаў Рассяльгаснагляд, пасля адмысловай праверкі беларускіх сертыфікатаў былі забароненыя пастаўкі расліннай прадукцыі праз Беларусь з 33 краінаў Азіі і Афрыкі. Былі дазволеныя толькі прамыя пастаўкі адтуль у Расію. Эфект? Такая прадукцыя з гэтых краінаў перастала пастаўляцца нашым суседзям.
А, напрыклад, з сакавіка пачасціліся пастаўкі ў Расію з Беларусі грушаў з Турцыі, якія раней пастаўляліся адтуль толькі наўпрост. Гэта выклікала ў Рассяльгаснагляду «сумнеў у легальнасці такіх паставак і недавер да звестак, указаных у беларускіх рээкспартных сертыфікатах». З 28 сакавіка рээкспарт турэцкіх грушаў быў забаронены. Тыднем раней тое самае адбылося з «беларуска-турэцкімі» яблыкамі.
І была анансаваная забарона наогул на ўвесь рээкспарт плодаагародніннай прадукцыі з тэрыторыі Беларусі. А 1 красавіка расейскі бок паведаміў, што ў выніку перамоваў Галоўная дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслінаў Беларусі перапыняе сертыфікацыю плодаагародніннай прадукцыі, якая прыбывае з трэціх краінаў для размытнення на тэрыторыі Беларусі і далейшага рээкспарту ў Расію.
Такі захад тычыцца толькі падсанкцыйнай прадукцыі і працягнецца да правядзення беларускім бокам мерапрыемстваў па пацвярджэнні паходжання прадукцыі.
Разам з тым Рассяльгаснагляд панаракаў, што да іх усё яшчэ завозяцца беларускія яблыкі мінулагодняга ўраджаю, хаця летась такія пастаўкі скончыліся яшчэ ў сярэдзіне лютага. Тое самае і з пекінскай капустай: расейцы падазраюць, што яна не можа захоўвацца так доўга.
Што да перніка, то Масква рашэннем Уладзіміра Пуціна выдзеліць Мінску крэдыт на суму 600 мільёнаў долараў, каб той пагасіў ранейшыя пазыкі.
Разам з тым Пуцін завізаваў днямі закон аб ратыфікацыі пратакола да расійска-беларускага пагаднення наконт экспарту нафты і нафтапрадуктаў, падпісанага ў кастрычніку 2018 года. Сярод іншага рээкспартаваць іх ужо не атрымаецца. То-бок, цяпер Беларусь не зможа закупляць у Расіі бязмытнай паліўнай сыравіны болей за ўласныя патрэбы і перапрадаваць ва Украіну, Польшчу ды шэраг іншых еўрапейскіх краінаў.
Гэта значыць, што бюджэт Беларусі не далічыцца значных сумаў. І дацягнуць сярэдні заробак пад выбары да «культавых» 500 долараў ці нават 1000 рублёў будзе складана. У лютым сярэдняя зарплата склала 977,6 рубля. Гэта меней на 4 рублі, чым у студзені, і амаль на 140 рублёў меней, чым у снежні 2018-га.
А ўлічваючы раздражняльную для ўладаў Беларусі актыўнасць пасла Расіі Міхаіла Бабіча і небяспечныя спробы Масквы перазапусціць інтэграцыю, можна спрагназаваць, што 20-годдзе так званай Саюзнай дамовы ў снежні гэтага года толькі дадасць Лукашэнку галаўнога болю і не надта будзе пасаваць тэматычна ягонай перадвыбарчай кампаніі. Між тым, Бабіч ужо папярэдзіў, каб падчас яе кіраўнік Беларусі не думаў акцэнтавацца на тым, што Расія пагражае нашаму суверэнітэту, і выкарыстоўваць такую паліттэхналогію, як мабілізацыя электарату праз фармаванне вобразу ворага.