Рычард Янгс: дзеянні Расіі аб’ядноўваюць знешнюю палітыку краін ЕС
Палітыка Расіі ў дачыненні да Украіны змушае краіны Еўрапейскага саюза ўжываць адзіную палітыку да рэгіёну Усходняй Еўропы, які набывае ўсё большае геапалітычнае значэнне. Пра гэта падчас публічнай лекцыі ў Мінску 10 верасня заявіў брытанскі палітолаг Рычард Янгс.
Пры гэтым, паводле яго слоў, украінская сітуацыя паказала, што пазіцыя ЕС да ініцыятывы «Усходняе партнёрства» як да мяккай сілы па прасоўванні стандартаў і нормаў правалілася.
«Віленскі саміт 2013 года паказаў, як мала Еўрасаюз дасягнуў у большасці краін Усходняй Еўропы», — заявіў эксперт.
Пасля ж анэксіі Расіяй Крыму і канфлікту ў Данбасе ЕС вымушаны ўзмацніць сваю знешнюю палітыку ва Усходняй Еўропе, прыслухоўваючыся больш да інтарэсаў і патрэбаў ўсходнееўрапейскіх краін. У
прыватнасці, было паскорана падпісанне пагадненняў аб Асацыяцыі з Грузіяй, Малдовай і Украінай, з’явіліся больш гнуткія і практычныя прапановы для Азербайджана, Арменіі і Беларусі, хаця для
апошніх знайсці новыя формы супрацоўніцтва пакуль не ўдалося.
Пытанне бяспекі павялічыла сваю значнасць для ЕС
Галоўны вынік расійскай палітыкі заключаецца ў тым, што да крызісу ўзаемаадносіны з краінамі «Усходняга партнёрства» былі ў падпарадкаванні еўраструктур, а цяпер у іх вырашэнне
аказаліся ўцягнутыя ключавыя еўрапейскія ўрады: Германія, Францыя, Вялікабрытанія, лічыць Рычард Янгс. Пры гэтым, на яго думку, палітыка ЕС ва Усходняй Еўропе становіцца больш еўрапейскай, а не
нацыянальнай, больш прадуманай і стратэгічнай.
«Таксама ў палітыку добрасуседства ва Усходняй Еўропе ўвайшлі пытанні бяспекі. Пытанне бяспекі павялічыла сваю значнасць для ЕС, але сітуацыя па-ранейшаму не ўспрымаецца як
эксзістэнцыяльная пагроза», — адзначыў палітолаг, дадаўшы, што пытанне Украіны не разглядаецца ў ЕС як самае важнае.
«На словах усё змяняліся, але на практыцы нічога не мяняецца. Нягледзячы на заявы, ЕС застаецца ранейшым ў пытаннях пашырэння. Ён больш занепакоены эканамічным крызісам, так што нічога
фундаментальна не змянілася», — сказаў ён.
Пры гэтым, падкрэсліў Рычард Янгс, нежаданне ЕС пашырацца выклікае незадаволенасць ва ўладаў Украіны, Грузіі і Малдовы, якія лічаць, што лепшая іх абарона ад Расіі — уключэнне ў
ЕС.
Большасць краін супраць поўнай ізаляцыі Расіі
Адным з вынікаў ўкраінскага крызісу, лічыць палітолаг, стала вяртанне ЗША ў рэгіён Усходняй Еўропы, дзе іх удзел з-за эканамічнага крызісу значна знізіўся ў апошнія тры-чатыры гады. Расце і
асцярога НАТА з-за пагроз бяспекі краінам-сябрам з боку РФ.
«Пад уплывам ЗША ЕС пераходзіць да практыкі нейкай халоднай вайны ў дачыненні з Расіяй і яе саюзнікаў. Аднак у вялікай меры развіццё сітуацыі будзе залежыць ад дзеянняў расійскіх
уладаў», — мяркуе эксперт.
Так, у ЕС многія па-ранейшаму выступаюць супраць увядзення сур’ёзных санкцый, падтрымліваючы, як і раней, пазітыўнае ўцягванне Расіі ў супрацоўніцтва. «Большасць краін супраць
поўнай ізаляцыі Расіі, у тым ліку Германія і Францыя, але за дыпламатыю і перамовы з маскоўскім рэжымам», — заявіў палітолаг.
«ЕС пачаў мяняцца, думаць больш геастратэгічна. Крызіс падштурхнуў яго да больш накіраваных дзеянняў. Але гэта адбываецца са спазненнем. Пяць-шэсць гадоў таму трэба было гэта рабіць.
Цяпер эканоміка слабейшая, чым была ў 2007-2008 гадах», — падсумаваў Рычард Янгс.
krynitsa.info