«Асаблівы статус» Данбаса дазволіць яму атрымліваць фінансаванне ад Масквы

Па словах дарадцы ўкраінскага прэзідэнта, законам аб статусе асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей на Данбасе будзе ўведзены асаблівы эканамічны рэжым.



danbas2.jpg

У законе аб асаблівым статусе некаторых раёнаў Данецкай і Луганскай вобласці будзе прапісаная магчымасць добраахвотнага фінансавання гэтых тэрыторый як Украінай так і Расіяй. Пра гэта журналістам заявіў дарадца прэзідэнта Юрый Луцэнка. 
«У праекце закона аб асаблівым статусе, які будзе ўнесены ў парламент на наступным тыдні, прадугледжаны асаблівы гуманітарны статус, гэта значыць у чарговы раз пацвердзіцца гарантыя выкарыстання рускай мовы, што ўжо гарантавана усімі магчымымі і немагчымымі дакументамі. Будзе гарантавана права на абранне дэпутатаў гарадскіх і раённых саветаў... і адмысловы эканамічны рэжым, які я б параўнаў са свабоднай эканамічнай зонай, то бок усё заробленае застаецца ў рэгіёне», —  адзначыў саветнік прэзідэнта. 
Таксама, па словах Луцэнкі, бюджэт гэтай зоны можа напаўняцца сродкамі Масквы і Кіева.
«Яны павінны плаціць за ўсё самі, калі гэта асаблівы статус, але гэта грошы уласна заробленыя, а таксама прадастаўленыя па добрай волі Кіевам і Масквой», — растлумачыў ён. 
На пытанне аб тым, каму будуць плаціць падаткі гэтыя раёны, Луцэнка адказаў: «Гэта адкрытае пытанне». 
Нагадаем, законапраект аб асаблівым статусе асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей будзе ўнесены на разгляд у Вярхоўную Раду на наступным тыдні. 
Раней саветнік прэзідэнта Юрый Луцэнка заяўляў, што асаблівы статус атрымае траціна тэрыторыі Данбаса, кантралюемая баевікамі. Такім чынам, па словах Луцэнкі, будзе створана «спецыяльная зона» у складзе цэласнай Украіны. Як адзначыў Луцэнка, гэтая зона можа быць ізаляваная і абнесеная інжынернымі збудаваннямі.
Адзначым, што на думку заходніх СМІ, прадастаўленне Данбасу так званага "асаблівага статусу" дае рэгіёну права з лёгкасцю ветаваць любыя еўраінтэграцыйныя рашэнні Кіева, што цалкам задавальняе Расію і Пуціна, тым самым робячы цяперашняе перамір'е «ганебным» для ўкраінцаў.
zn.ua