Рада БНР: Беларусь не павінна быць уцягнутая ў вайну

Рада БНР выступіла з заявай «У справе агрэсіі Расіі супраць Украіны і становішча ў Беларусі». 



rada_bnr1.jpg

Цалкам тэкст заявы апублікаваны на старонцы Рады БНР у фэйсбуку. У заяве канстатуецца «ненадзейнасць замірэння, усталяванага паводле заключанага 5 верасня пагаднення, зважаючы ў тым ліку на папярэднія прэцэдэнты парушэння або невыканання Расійскаю Федэрацыяй і падкантрольнымі ёй нерэгулярнымі ўзброенымі фармаваннямі сваіх абавязанняў у рамках мірных пагадненняў, у тым ліку пагадненняў аб замірэнні ў Грузіі ад 2008 году» і заяўляецца, што «цяперашнія дзеянні Расійскай Федэрацыі, як і папярэдняя анэксія Крыму, носяць супрацьзаконны характар і супярэчаць базавым прынцыпам міжнароднага права і прынцыпам міжнароднай бяспекі, распрацаваным пасьля Другой Сусветнай Вайны, а таксама ўласным міжнародным абавязанням Расійскай Федэрацыі паводле Статуту ААН і іншых двухбаковых і шматбаковых міжнародных актаў».
Рада БНР «заклікае міжнародную супольнасць аказаць усю магчымую падтрымку абароне Украіны ад вонкавай агрэсіі, разглядаючы цяперашнюю сітуацыю як найбольш сур’ёзнае выпрабаванне для механізмаў бяспекі на еўрапейскім кантыненце, для ўсяе сучаснае сістэмы бяспекі ў міжнародных дачыненнях, а таксама для механізмаў забеспячэння жыцця народаў Еўропы ў міры і згодзе, з часоў Другой Сусветнай вайны».
У сваёй заяве Рада БНР «папярэджвае афіцыйных асобаў Рэспублікі Беларусь аб адказнасці за магчымае ўцягванне Беларусі ў вайну і падтрымку збройнай агрэсіі. Удзел Беларусі ў агрэсіўных знешніх авантурах кіраўніцтва Расіі або прамое ці ўкоснае спрыянне ім з'яўляюцца цалкам недапушчальнымі, зважаючы асабліва на цяжкія страты, якія Беларусь пацярпела ў выніку войнаў на працягу апошніх стагоддзяў. У прыватнасці, недапушчальным з'яўляецца выкарыстанне для любых формаў уцягвання Беларусі ў вайну абавязкаў, прынятых ад імя Беларусі дзяржаўным кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі ў рамках Арганізацыі Дамовы Калектыўнай Бяспекі, а таксама любых іншых угодаў, заключаных названым дзяржаўным кіраўніцтвам ад імя Беларусі з Расійскай Федэрацыяй».
Рада БНР выказвае «салідарнасць і падтрымку народу, дзяржаўнаму і ваеннаму кіраўніцтву Украіны, якая перажывае адзін з найбольш драматычных і адказных момантаў у сваёй найноўшай гісторыі. Ад таго, ці вытрымае Украіна цяперашнія выпрабаванні, будзе залежыць і будучыня Беларусі і рэгіёна», — сцвярджаецца ў заяве.
У заяве гаворыцца, што Рада Беларускай Народнай Рэспублікі «вітае і разглядае любую падтрымку, якую беларусы ў Беларусі і ўсім свеце будуць аказваюць украінскаму народу і дзяржаве ў справе абароны сувэрэнітэту Украіны ад вонкавай агрэсіі, а таксама такую падтрымку трэцім бакам, якія б дзейнічалі ў названых мэтах, як адпавядаючую доўгатэрміновым інтарэсам нацыянальнай бяспекі Беларусі».
svaboda.org