Рыгор Кастусёў абскарджвае прысуд па Курапатах у Камітэт ААН па правах чалавека
31 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе была разгледжана скарга старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

Рыгор Кастусёў. Фота прэс-слкужбы Партыи БНФ
Палітык патрабаваў ад суду вышэйшай інстанцыі скасавання рашэння суда Партызанскага раёна Мінска ад 4 ліпеня, які пакараў Рыгора Кастусёва шрафам на 735 рублёў па арыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях.
Падставай для адміністратыўнага спагнання стаўся ўдзел Рыгора Кастусёва ў пікетаванні забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу «Поедим, поедим», што пачаў функцыянаваць паблізу ад месца масавых расстрэлаў ахвяр бальшавіцкіх рэпрэсій у Курапатах.
Рашэннем суддзі мінскага гарадскога суда Максіма Лапко рашэнне суда Партызанскага раёна Мінска ад 4 ліпеня ў дачыненні да Рыгора Кастусёва было пакінутае без зменаў, скарга палітыка была не задаволеная.

Фота прэс-службы Партыі БНФ
Адмоўнае рашэнне па скарзе старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў пракаментаваў наступным чынам:
— Мы не мелі ілюзій адносна таго, што гарадскі суд асмеліцца адмяніць рашэнне раённага суда – і тая, і другая інстанцыя ў аднолькавай ступені залежныя ад выканаўчай улады. Але я лічу важным праходжанне ўсіх нацыянальных узроўняў абскарджвання для таго, каб справа аб маім незаконным арышце была вынесеная на міжнародны разгляд у Камітэце ААН па правах чалавека. Мы з юрыстам магілёўскага аддзялення Праваабарончага цэнтру “Вясна” Барысам Бухелем ужо падрыхтавалі праект скаргі, якая будзе бліжэйшым часам скіраваная ў камітэт ААН па правах чалавека па факце парушэння свабоды сходаў, што гарантавана Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Натуральна, афіцыйны Мінск ігнаруе шматлікія рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека, датычныя парушэнняў правоў і свабод грамадзян, якія здзяйсняюцца ўладамі Беларусі.
Аднак менавіта цяпер і менавіта па справах датычных свабоды сходаў падобныя скаргі маюць вялікае значэнне з той прычыны, што на 8 кастрычніка ў Камітэце ААН па правах чалавека прызначаны разгляд справаздачы Беларусі аб выкананні міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Наш урад упершыню за 20 гадоў накіраваў сваю справадачу ў гэты орган – і, як чакаецца, наша МЗС рыхтуецца распавесці ў Жэневе пра «нечуваны прагрэс у галіне правоў чалавека».
Рыхтуючы скаргу па факце майго незаконнага арышту і адміністратыўнага пакарання за ўдзел у мірным негвалтоўным сходзе, я намагаюся перашкодзіць нашым уладам стварыць перад ААН прыгожую карцінку «паляпшэння становішча з правамі чалавека». Мы бачым, што ў гэтым годзе рэпрэсіі ўзмацніліся, і хочам прыцягнуць увагу міжнароднай грамадскасці да гэтай праблемы.
Нагадаем, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў быў брутальна затрыманы 3 ліпеня падчас паездкі на міжнародную канферэнцыю ў польскім Сейме. Паплечнікі па партыі ведалі, што з дому выехаў, але ў Варшаве не з'явіўся. Тэлефон палітыка быў адключаны. На насупны дзень палітык быў пакараны шрафам за парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў падчас абароны Курапатаў.
Паводле прэс-рэлізу