Прысуд удзельнікам акцыі пратэсту каля рэстарана «Поедем поедим»: штрафы і суткі
У судзе Мінскага раёна 3 верасня разглядалі адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў акцыі пратэсту каля рэстарана «Поедем, поедим» у Курапатах, паведамляе ПЦ «Вясна».
![Фота з фэйсбука Вольгі Мікалайчык Фота з фэйсбука Вольгі Мікалайчык](/img/v1/images/40603786_1877903875630656_271957281938079744_o.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з фэйсбука Вольгі Мікалайчык
Дзяніса Урбановіча, Максіма Вінярскага і Філіпа Шаўрова затрымалі ў суботу ўвечары пасля чарговага інцыдэнту каля рэстаранна-забаўляльнага комплексу. Іх адвезлі ў раённы аддзел міліцыі, а затым да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Мінскага раёна.
Паводле інфармацыі «Белсату», да канфлікту актывістаў і аховы рэстарацыі спрычыніўся вялікі камень, які маладафронтавец Філіп Шаўроў паклаў пасярэдзіне праезду да брамы. Пасля таго, як каля брамы забаўляльнага комплексу распачалася штурханіна, адміністрацыя «Поедем, поедим» выклікала міліцыю.
![Актывіст «Маладога фронту» Філіп Шаўроў. Фота з сацыяльных сетак. Актывіст «Маладога фронту» Філіп Шаўроў. Фота з сацыяльных сетак.](/img/v1/images/shaurou_dzianis.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Актывіст «Маладога фронту» Філіп Шаўроў. Фота з сацыяльных сетак.
«Мне Дзяніс паспеў крыкнуць з машыны: «Вольга, нас паабяцалі ледзьве не забіць, паабяцалі адбіць усе органы». Потым хлопцаў звезлі і дасюль не выпусцілі. Я вельмі асцерагаюся за іх стан здароўя», — казала «Белсату» абаронца Курапатаў, актывістка Вольга Мікалайчык.
Грамадскі актывіст Леанід Кулакоў, які ўдзельнічае ў акцыі пратэсту з пачатку лета, кажа, што «ўлады не рэагуюць на збіццё абаронцаў Курапатаў».
«Я асцерагаюся таго, што ўлады нарэшце адрэагуюць толькі тады, калі, не дай Бог, скончыцца смерцю», — дадае Кулакоў.
![Абаронцы Курапатаў Барыс Анікееў, Леанід Кулакоў і Вольга Мікалайчык сядзяць на камяні, які стаў прычынай інцыдэнту. Гэты здымак Максім Вінярскі зрабіў незадоўга да затрымання. Фота з сайта belsat.eu Абаронцы Курапатаў Барыс Анікееў, Леанід Кулакоў і Вольга Мікалайчык сядзяць на камяні, які стаў прычынай інцыдэнту. Гэты здымак Максім Вінярскі зрабіў незадоўга да затрымання. Фота з сайта belsat.eu](/img/v1/images/abarontsy_kurapatau_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Абаронцы Курапатаў Барыс Анікееў, Леанід Кулакоў і Вольга Мікалайчык сядзяць на камяні, які стаў прычынай інцыдэнту. Гэты здымак Максім Вінярскі зрабіў незадоўга да затрымання. Фота з сайта belsat.eu
Паводле Кулакова, Максіма Вінярскага затрымалі за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў (артыкул 23.4 КаАП). На падставе чаго затрымалі іншых хлопцаў — невядома.
Усіх затрыманых даставілі ў суд Мінскага раёна.
![Абаронцы Курапатаў Дзяніс Урбановіч сядзяць на камяні. Фота belsat.eu Абаронцы Курапатаў Дзяніс Урбановіч сядзяць на камяні. Фота belsat.eu](/img/v1/images/40645182_1877904122297298_1146183379524255744_o.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Абаронцы Курапатаў Дзяніс Урбановіч сядзяць на камяні. Фота belsat.eu
Усе тры адміністрацыйныя справы разглядаў у другой палове дня 3 верасня суддзя Віктар Шаўцоў. У Максіма Вінярскага працэс быў прызначаны на 14-10, у Урбановіча — на 14-20, у Шаўрова — на 14-30. На кожнага — па 10 хвілін.
![Фота з фэйсбука Вольгі Мікалайчык Фота з фэйсбука Вольгі Мікалайчык](/img/v1/images/40603786_1877903875630656_271957281938079744_o.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з фэйсбука Вольгі Мікалайчык
Суддзя Аляксей Крапачоў вынес пастанову аб пакаранні Філіпа Шаўрова штрафам у памеры 20 базавых велічыняў (490 рублёў) за непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі (арт. 23.4 КаАП).
Дзяніса Урбановіча суд Мінскага раёна асудзіў на 7 сутак адміністрацыйнага арышту, Максіма Вінярскага — на 10 сутак. На абаронцаў Курапатаў складзены па некалькі пратаколаў паводле арт. 23.4 і 18.23 КаАП.
![Максім Вінярскі. Фота з фэйсбука Вольгі Мікалайчык Максім Вінярскі. Фота з фэйсбука Вольгі Мікалайчык](/img/v1/images/40592151_1877904072297303_6948914874818756608_o.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Максім Вінярскі. Фота з фэйсбука Вольгі Мікалайчык
Ужо тры месяцы ў Курапатах пад лозунгам «Не кабак, а музей» праходзіць акцыя пратэсту супраць рэстарацыі, якая адкрылася на пачатку лета побач з урочышчам Курапаты, месцам масавых расстрэлаў у сталінскія часы.
Паводле spring96.org