Зміцер Дашкевіч. Рэквіем

Калі пачалося сёлетняе супрацьстаянне ў Курапатах, дзе-нідзе назвалі яго выпрабаваннем для ўсяго беларускага народу.

dashkevich_zmicier_c7x0s.jpg

Шчыра сказаць, мне вельмі хацелася б, каб яно так і было. Але народ, здаецца, шчэ не ачухаўся з літаргічнага сну. Курапаты, як было кімсьці слушна заўважана, гэта іспыт найперш не грамадства, а эліты. Бо з каго перадусім будзе спытана гісторыяй: з рабацягі МТЗ ці з кіраўніка дэмакратычнай партыі? З каго за дзеянне ці бяздзеянне Бог спытае перадусім: з бабулькі, якая па нядзелях у храм ходзіць ці з кіраўніка царквы?
Здавалася б, Курапаты – сама тое месца, каб усім згуртавацца, узняць голас – і перамагчы. Бо калі яшчэ сітуацыю аднолькава ацэньвалі і Андрэй Дынько (рэдактар незалежнай Нашай Нівы), і Мікалай Чаргінец (кіраўнік прадзяржаўнага пісьменніцкага саюзу), якія ва ўнісон заяўляюць, што Курапаты – святое месца для ўсяго беларускага народу, а кабак каля нацыянальнага некропалю – ганьба, – калі і па якой тэме мы яшчэ сустрэнем такое аднадумства правых і левых, нашых і вашых? Ніколі і нідзе не сустрэнем.
Таму ў Курапатах церпяць тое, што ў іншым месцы цярпець ня стануць. Курапаты – адзінае месца, дзе я дзень трымаю бел-чырвона-белы сцяг – і не маю за гэтага ніводнага пратакола, а ўвечары не з валацугамі акрэсцінскім смуродам дыхаю, а дзетак дома спаткі ўкладваю.

Падавалася б, любая здаровая грамадская ці палітычная сіла павінна усімі рукамі ўчапіцца за гэтую магчымасць, стаць ля Курапатаў, каб сотні, а тое і тысячы беларусаў бачылі з кальцавой у тваіх руках забаронены, але высока ўзняты нацыянальны сцяг. Замест гэтага мы маем заяву партыі нацыянальных інтарэсаў пра тое, што яна сыходзіць з Курапатаў.

Адзін хрысціянін сказаў мне: «Курапаты-2018 – гэта рэквіем па ўсёй беларускай апазіцыі». Яно і сапраўды, калі падумаць: спісы ў Мін’юст усе падаюць на тысячу а тое і некалькі тысяч актывістаў, але ў Курапатах стаіць па некалькі чалавек, а некаторыя партыі нікога знайсці не могуць на абарону «святога для ўсяго народу месца». Але я запярэчыў, бо Курапаты – гэта рэквіем па ўсёй беларускай (альтэрнатыўнай) эліце, ці па ўсёй інтэлігенцыі – назавіце гэта як заўгодна.


Перадусім мяне дзівіць пазітыя тых, хто, па іхным уласным вучэнні, павінен несці сцяг Праўды. Я пра царкву Хрыстову. Паводле Бібліі кроў нявінна забітых, ад крыві Авеля, штодня крычыць да Бога. У апошняй кнізе Бібліі, Адкрыцці Яна, нявінна забітыя праведнікі галосяць: «Дакуль, Уладару Святы і Праўдзівы, не судзіш і не помсціш за кроў нашу жыхарам зямлі?» (Адкр. 6:10). І ці мала гэтай нявіннай крыві крычыць з мінскіх, віцебскіх і іншых Курапатаў па ўсёй Беларусі? Шмат. Але царква маўчыць.
Праваслаўная царква, якая мае выключныя пазіцыі ў Беларусі, выключна глуханямая. Адзінае што атрымалася – журналістам «Свабоды» ўзяць каментар у прэс-сакратара БПЦ Сяргея Лепіна, які асудзіў калякурапацкі кабак. Дзякуй яму за гэта! (Ягоную цытату мы надрукавалі ў новых буклетах, якія раздаюцца ў Курапатах і рэстаранах Зайдэса). Але ж гэта прыватнае выказванне, а не пазіцыя мільённай праваслаўнай царквы. Чаму ж БПЦ глуха і нема да крыку крыві тысяч і тысяч нявінна забітых?
Спатрэбілася два месяцы супрацьстаяння ў Курапатах, каб кіраўнік каталіцкага касцёлу Кандрусевіч асудзіў кабак у Курапатах. Нізкі паклон яму за гэта! Але ці гэта ўсё, што можа зрабіць Касцёл? Калі чытаеш гісторыю пра каталіцкіх герояў веры, такіх, як Ежы Папялушка і Ян Павал ІІ, то з'яўляецца «ерытычная» думка, што зрабіць можна болей. Уявіце, каб Кандрусевіч заклікаў вернікаў штонядзелю прыходзіць на малітву ў Курапаты, доўга пратрымаўся б бульбашжор ля Курапацкіх ямаў?
Але больш за ўсё мне, як пратэстанту, балела маўчанне пратэстантаў. Я думаў, ладна праваслаўныя – пад ціскам Масквы і пятой галоўнакамандуючага, ладна каталікі – ім новыя касцёлы трэба будаваць, але ж пратэстанты! – самой назвай пакліканы, каб заявіць пратэст беззаконню. Я думаў, разбяруцца праз месяц. Але нямыя. Думаў, разбяруцца праз два. Але глухія. Думаў, разбяруцца праз тры. І вось чытаю: подпіс усіх пратэстанцкіх япіскапаў Беларусі аб’яднаў зварот… – не, не пра Курапаты, – зварот да Лукашэнкі пра абарону ад ЛГБТ-прапаганды. Ведаеце, мне, – змешчанаму ва ўсе ЛГБТэшныя чорныя спісы «гамафобаў», як яны гэта называюць, – мне ўпяршой стала сорамна, што я пратэстант.
Безумоўна, і тут ёсць важныя выключэнні. Сам я хаджу ў пратэстанцкую царкву, амаль усе чальцы якой некалькі разоў на тыдзень праводзяць у Курапатах і талокі, і малітвы, і мы ўсталёўвалі крыжы. Але ж гэта «голас лямантуючага ў пустыні». А вось кіраўнікі пратэстанцкія і царква дадуць фору ў глухасці і немасці нават праваслаўным пад расійскім патрыярхатам.
У гэтай сітуцыі ўпяршой шкада і Лукашэнку – не адну брыгаду следчых трэба сабраць, каб пашукаць у ягонай рэпрэсіўнай дзяржаве прапаганду ЛГБТ.

У сённяшняй беларускай рэальнасці прасіць абароны ад садоміі ды яшчэ і ў Лукашэнкі, гэта як… Гэта як у 1937-ым прасіць камуністаў расстрэльныя спісы пісаць без памылак. Гэта як 1943-ім прасіць нацыстаў медычнай дапамогі для габрэяў перад забойствам газавымі камерамі. Гэта як злачынец са зброяй залез у вашую хату, а вы замест таго, каб бараніць сябе і дзіцёнка, просіце злодзея: не лайся матам, бо гідка нам гінуць у такой непрыстойнай атмасферы.


Курапаты сёння – гэта прызма, праз якую выяўляецца сутнасць многіх сфер нашага грамадства. Магчыма, па нейкіх з іх павінен прагучаць рэквіем. Нешта павінна памерці, каб потым уваскрэснуць.
Фэйсбук Змітра Дашкевіча