Барыс Герман атрымаў 4,5 гады турмы за замах на Бабчанку

Галасееўскі раённы суд Кіева прысудзіў выканаўчага дырэктара ўкраінска-нямецкага СП «Шмайсер» Барыса Германа, абвінавачанага ў падрыхтоўцы замаху на журналіста Аркадзя Бабчанку ў Кіеве, да 4,5 гадоў пазбаўлення волі.

herman.jpg

Пра гэта паведаміў кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Грыцак. Судовае рашэнне было прынята яшчэ 30 жніўня.

Кіраўнік СБУ удакладніў, што Герману «прызначаны рэальны тэрмін пакарання — 4 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі». Прысуд уступіць у сілу праз месяц.

Паведамляецца, што Барыс Герман пайшоў на здзелку са следствам і дае цікавыя паказанні, якія СБУ будзе ў далейшым правяраць.

«Забойства» Бабчанкі

29 траўня ўкраінская паліцыя паведаміла, што ў Кіеве забіты расійскі журналіст Аркадзь Бабчанка.

Аднак ужо на наступны дзень СБУ і Генпракуратура паказалі жывога Бабчанка і заявілі, што гэта была спецаперацыя, якая дазволіла выявіць верагоднага арганізатара забойства журналіста і яшчэ шэраг асобаў.

Тады ж украінскія сілавікі паведамілі пра затрыманне магчымага арганізатара забойства — Барыса Германа. 31 траўня суд арыштаваў яго на два месяцы без права закладу.

Барыс Герман сцвярджае, што сапраўды «замовіў» забойства Бабчанкі былому ўдзельніку баявых дзеянняў на Данбасе Аляксею Цымбалюку, аднак гэта была толькі імітацыя замовы, а на самай справе ён дзейнічаў пад кантролем іншай асобы з адной з украінскіх спецслужбаў.

Паводле BBC