У беларускіх крамах зноў з'явіліся глобусы з «расійскім Крымам»
Глобусамі, на якіх Крым пазначаны ў складзе Расіі, а Абхазія і Паўднёвая Асеція адасобленыя ад Грузіі, зноў гандлююць у беларускіх крамах. Глобусы са звесткамі, якія супярэчаць пазіцыі афіцыйнага Мінску, заўважаны на паліцах другі раз за два гады, піша «Радыё Свабода».
![Глобус з «расійскім Крымам» у вітрыне адной з магілёўскіх кнігарняў (архіўнае фота Радыё Свабода) Глобус з «расійскім Крымам» у вітрыне адной з магілёўскіх кнігарняў (архіўнае фота Радыё Свабода)](/img/v1/images/bfa17b0a_d6f7_4c50_99d2_86838c2c3b1f_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Глобус з «расійскім Крымам» у вітрыне адной з магілёўскіх кнігарняў (архіўнае фота Радыё Свабода)
Два гады таму ў беларускім продажы з’явілася такая прадукцыя польскай вытворчасці, а цяпер — расійскай. У Беларусі глобусы не вырабляюць, даведалася “Радыё Свабода”.
Чаму прадаюць прадукцыю, не згодную з беларускай пазіцыяй
У Магілёве глобусы з «расійскім Крымам» заўважыў ва ўнівермагу блогер Яўген Глушкоў.
«Я хачу, каб такія дэструктыўныя матэрыялы прыбралі з крамаў нашага гораду», — кажа ён.
У адміністрацыі ўнівермагу на пытанне, чаму ў іх прадаецца такая прадукцыя, паабяцалі адказаць пісьмова. У прыватных жа гутарках супрацоўнікі крамы тлумачаць, што вырабляецца яна ў Расіі.
«Глобус — сувенірная прадукцыя, дакументы пацвярджаюць гэты статус. Такая прадукцыя рэалізуецца ў кожным рэгіёне Беларусі, таму мы з усімі гандлёвымі аб’ектамі ў роўных умовах і не парушаем заканадаўства і правілаў гандлю», — казалі ва ўнівермагу.
Такія самыя глобусы, як у Магілёве, прадаюцца і ў сталічных крамах канцылярскіх тавараў.
Якая афіцыйная пазіцыя Беларусі па Крыме, Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі
На дзяржаўным узроўні Беларусь не прызнала анэксіі Крыму і незалежнасці Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі. Пра гэта не аднойчы заяўляў Аляксандр Лукашэнка, удакладняла пазіцыю ў гэтым пытанні і Міністэрства замежных спраў.
«Украіна мае быць адзінай. Мы, беларусы, у гэтым зацікаўленыя, і асабіста я», — казаў Аляксандар Лукашэнка ў 2014 годзе на інаўгурацыі прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.
![Глобус з Крымам у складзе Украіны (архіўнае фота Радыё Свабоды) Глобус з Крымам у складзе Украіны (архіўнае фота Радыё Свабоды)](/img/v1/images/2132f9e0_c07b_4918_8e8b_a349e3b2d0d1_w650_r0_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Глобус з Крымам у складзе Украіны (архіўнае фота Радыё Свабоды)
Мінгандлю рэкамендавала пазбягаць продажу прадукцыі, дзе Крым пазначаны як тэрыторыя Расіі
Галоўная рэдактарка РУП «Белкартаграфія» Галіна Ляхава патлумачыла “Свабодзе”, што глобусаў прадпрыемства не выпускае, а вось на ўсіх мапах Крым пазначаны як тэрыторыя Украіны.
«Па рэкамендацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі мы паказваем Крым у складзе Украіны. То бок, тое, што не прызнаецца Генеральнай асамблеяй ААН, МЗС і ўрадам Беларусі, мы адлюстроўваем як украінскую тэрыторыю. У сувязі з тым, што і да нас звяртаюцца з пытаннем пра пазначэнне Крыму на глобусах, Міністэрства гандлю рэкамендавала ўсім гандлёвым аб’ектам пазбягаць продажу прадукцыі, дзе Крым пазначаны як тэрыторыя Расіі», — сказала “Свабодзе” прадстаўніца «Белкартаграфіі».
Паводле яе, паўплываць на сітуацыю з продажам глобусаў з расійскім Крымам можа «тое ж Міністэрства гандлю, бо яму даведзена такая ж устаноўка, што і нам».
«Калі мы ствараем вучэбныя атласы, мапы, мы робім прыпіску: “Генеральная асамблея ААН не прызнае змянення статусу Аўтаномнай Рэспублікі Крым”. Так што прыпісачка такая ёсць», — сказала Галіна Ляхава.
Калі б была замова Мінадукацыі на выраб глобусаў, Крым падпісвалі б гэтак жа, як і на мапах — як тэрыторыю Украіны, запэўніла “Свабоду” галоўная рэдактарка «Белкартаграфіі».
«Наладзьце выраб беларускіх глобусаў»
Тым часам Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада» запатрабавала ад Міністэрства адукацыі забараніць продаж глобусаў і іншай картаграфічнай прадукцыі са звесткамі, якія супярэчаць афіцыйнай пазіцыі Рэспублікі Беларусь. Партыйцы даводзяць: такія глобусы і мапы выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе і ўводзяць у зман беларускіх грамадзян. Сацыял-дэмакраты патрабуюць наладзіць выраб глобусаў у Беларусі.
Старшыня партыі Ігар Барысаў чакае ад Міністэрства, што яно дасць навучальным установам рэкамендацыі наконт выкарыстання глобусаў «з не беларускай пазіцыяй».
![Вітрына магілёўскай кнігарні (архіўнае фота "Радыё Свабода") Вітрына магілёўскай кнігарні (архіўнае фота "Радыё Свабода")](/img/v1/images/2957b958_ad6b_49c5_b929_92bedf55dfc0_w650_r0_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вітрына магілёўскай кнігарні (архіўнае фота "Радыё Свабода")
У 2016 годзе «небеларускія глобусы» зніклі з продажу
У 2016 годзе Ігар Барысаў ужо дамагаўся, каб з продажу знялі прадукцыю, звесткі, якой не адпавядалі афіцыйнай пазіцыі Беларусі. Тады гандляры адказнасць за глобусы «з расійскім Крымам» ускладалі на вытворцу — польскую фірму «Zachem-Głowala».
На запыт “Свабоды” яе дырэктар Кшыштаф Главала аргументаваў выраб такой прадукцыі тым, што фірма працуе з расійскімі партнёрамі, а «расійскі ўрад зацвердзіў Крым як тэрыторыю Расіі». Паводле яго, гэтыя глобусы не мелі патрапіць на беларускі рынак, аднак ягоныя беларускія кліенты самі выбіралі, якую прадукцыю набываць.