Сіла ёсць…

Там, дзе дзяржава выведзена па-за межы дзеяння ўніверсальных законаў, не можа скласціся сучасная нацыя.

Там, дзе дзяржава выведзена па-за межы дзеяння ўніверсальных законаў, не можа скласціся сучасная нацыя.
Пачну з анекдота. Неяк Вовачка, падгледзеўшы, чым бацькі займаюцца ў ложку, усклікнуў: «І гэтыя людзі забараняюць мне калупацца ў носе!» Абурэнне дзіцяці зразумелае. Патрэба ў справядлівасці — адна з базавых. Калі яна не задавальняецца, то разлічваць на сацыяльную стабільнасць не даводзіцца. Беларусам у гэтым сэнсе пашанцавала: справядлівае размеркаванне матэрыяльных выгод ім гарантуе «беларуская эканамічная мадэль развіцця». Гэта ёй яны абавязаныя зарплатай у 500 долараў. У беларусаў на варце палітычных правоў, прапісаных у Канстытуцыі, стаяць самыя шматлікія ў Еўропе (у пераліку на душу насельніцтва) сілавыя структуры.
Свой унёсак ў прававую гармонію ўносіць і судовая сістэма. Як тут ні ўспомніць словы, што прагучалі на яе адрас на трэцім з’ездзе суддзяў: «Наши суды сумели избежать политизации и коммерциализации в своей работе и при рассмотрении дел основываются исключительно на принципах законности и справедливости».
Універсальнасць крайняга выпадку
У прыведзенай вышэй цытаце побач са словам «справядлівасць» апынулася слова «законнасць». Хочацца верыць, што не выпадкова. Палітолагі вызначаюць тры асноўныя злучальныя субстанцыі, што ўтрымліваюць людзей у межах вялікіх грамадстваў, прыватным выпадкам якіх з’яўляюцца дзяржавы. Гэта сіла, вера і закон. Зразумела, што іх суадносіны змяняліся ў працэсе гістарычнага развіцця. Першапачаткова панавала сіла. Са з’яўленнем сусветных рэлігій рэзка павялічылася значэнне веры. Закон выйшаў у лідары ўжо ў Новы час.
Сам па сабе закон не з’яўляецца выключна прадуктам Новага часу. Дастаткова ўзгадаць законы Хамурапі, якім каля 4 тысяч гадоў. Аднак заканадаўцы Месапатаміі стваралі законы ў першую чаргу як інструмент рэалізацыі і абароны дзяржаўных інтарэсаў, а не як інструмент рэалізацыі прынцыпаў справядлівасці ці абароны правоў шараговых грамадзян.
Кажучы сучаснай мовай, такія законы не валодалі ўніверсальнасцю (лац. «universalis» — «агульны»). На думку нямецкага філосафа Карла Ясперса, для надання ўніверсальнасці юрыдычным законам чалавецтву спатрэбілася два інтэлектуальныя прарывы. Першы быў здзейснены высілкамі Канфуцыя ў Кітаі, Буды — у Індыі, філосафамі — у Грэцыі, прарокамі — у Ізраілі. «У гэту эпоху былі распрацаваны асноўныя катэгорыі, якімі мы мыслім і зараз, закладзены асновы сусветных рэлігій, якія і сёння вызначаюць жыццё людзей».
Гэта ўніверсальнасць, паводле меркавання Ясперса, стварыла духоўную вось першага восевага часу, што кансалідуе чалавецтва. Другі восевы час бярэ свой пачатак ад эпохі Адраджэння. Менавіта ў той час побач са статычнай універсальнасцю Бога ўзнікае ўніверсальнасць чалавечых ведаў, арыентаваных на сталае развіццё. Адсюль ужо рукой дастаць да ўніверсальнасці грамадзянскіх правоў.
Але гэтага жэсту беларуская ўлада зрабіць так і не здолела. Яна затрымалася ў першым восевым часе і спрабуе адтуль кіраваць працэсам мадэрнізацыі эканомікі. Вазьміце любы выступ «адзінага палітыка» (АП), да прыкладу, на тэму дарагоўлі газетнай паперы: «В Беларуси и России все надо продавать по одной цене. В крайнем случае, для государственных газет — так как это госпредприятия, мы в них вложили деньги — можно предоставить скидку...»
Адчуваеце подых сярэднявечча? «Мы ў іх (дзяржпрадпрыемствы) уклалі грошы». Прабачце, а чые грошы вы ўклалі? Дзяржаўныя? Адкрыйце Канстытуцыю і прачытайце артыкул пад нешчаслівым 13-м нумарам. Ён пра тое, што «дзяржава дае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці». Што да дзяржаўных грошай, то не варта блытаць божы дар з яечняй. Сваіх грошай у дзяржавы няма, хіба што чыноўнікі адмовяцца ў абед ад кампоту з сухафруктаў, а зэканомленыя такім чынам сродкі пачнуць пераводзіць у фонд падтрымкі дзяржаўнай прэсы.
Што вядзе да багацця?
Закон як універсальнае паняцце не здольны функцыянаваць у палітычных сістэмах, якія не выконваюць прынцып падзелу ўладаў. Усё роўна, ці ідзе гаворка пра класічнае самадзяржаўе, ці пра яго сучасныя варыянты, якія рэалізуюцца ў суперпрэзідэнцкіх рэспубліках. Калі кіраўнік дзяржавы сам з’яўляецца крыніцай права, то законы пазбаўляюцца свайго ўніверсальнага значэння. «Строга кажучы, — адзначае палітолаг Ігар Клямкін, — паслядоўнае правя­дзенне прынцыпу законнасці не ў стане забяспечыць ніякая ўлада, якая прэтэндуе на манаполію».
З года ў год беларускія чыноўнікі зрываюць планы па прыцягненні замежных інвестыцый. Чым толькі інвестараў не заваблівалі! Тым часам рынкавая эканоміка — гэта законна народжанае дзіця другога восевага часу. Рынак сам па сабе з’яўляецца «эмпірычнай універсальнасцю», яго на льготах, гарантаваных указамі першай асобы дзяржавы, не пабудаваць.
У свеце сёння прастойвае каласальная колькасць вытворчых магутнасцяў, і сотні мільярдаў непрыкаяных долараў цыркулююць па сусветнай фінансавай сістэме ў пошуку годных аб’ектаў для інвеставання. Чым можа быць цікавая «беларуская эканамічная мадэль» для гэтай збытковай грашовай масы? Можа, унікальным па ўзроўні прафесіяналізму ўрадам, ад якога «спички в доме надо прятать»?
 Там, дзе дзяржава выведзена за межы дзеяння ўніверсальных законаў, не можа скласціся сучасная нацыя. Для разумення гэтай азбукавай ісціны дастаткова звярнуцца да досведу Савецкага Саюза з яго атамізаваным насельніцтвам. Савецкі чалавек для рашэння сваіх праблем не адчуваў патрэбы ў аб’яднанні ні з суседзямі па пад’ездзе, ні з калегамі па працы. Ён шукаў выхад на патрэбнага чыноўніка і вырашаў з ім свае праблемы ў індывідуальным парадку.
Ці варта пасля гэтага дзівіцца, што ў 1993 годзе сярод адказаў на пытанне «Што часцей за ўсё вядзе да багацця?» у лідарах апынуліся асабістыя сувязі (72%), на другім месцы — несумленнасць (56%), на трэцім з вялікім адставаннем размясцілася праца (37%), а на апошняе беларусы паставілі адукацыю — 22% (па дадзеных НІСЭПД). Вось і думай пасля гэтага, чаму ў спаборніцтве дзвюх сістэм перамаглі амерыканцы, а не дзяржава працоўных і сялян.
Калі людзі ў цывільным без «апазнавальных знакаў» здзяйсняюць затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый, гэта індыкатар няздольнасці дзяржавы выконваць свае функцыі ў рамках ёй жа створаных законаў. З такой дзяржавай у беларусаў няма шанцаў не толькі на дасягненне еўрапейскага ўзроўню жыцця, але і на тое, каб сфармаваць сучасную нацыю.
Урокі грузінскага
У ліпені расійская кансалтынгавая кампанія ФБК апублікавала аналітычны даклад «Рэйтынг прагрэсу». Расія ў гэтым рэйтынгу заняла 97-е месца з 101-го, а Грузія — першае. На апошнім месцы апынулася Балівія, што і не дзіўна. Краіна імкліва дэградуе пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах у 2006 годзе чалавека з народа Эва Маралеса. Гэта па яго ініцыятыве была прынята новая канстытуцыя, якая істотна пашырыла паўнамоцтвы выканаўчай улады, быў усталяваны дзяржаўны кантроль за прыроднымі рэсурсамі і пераразмеркаваныя землі на карысць дзяржавы.
У Грузіі паступілі з дакладнасцю да наадварот. Беларусы, якія калоцяцца над сваім «фамільным срэбрам», будуць здзіўленыя, калі даведаюцца, што электрычнасць у Тбілісі пастаўляе кампанія ТЭЛАС, што належыць на 80% расійскай «ІНТЭР РАО ЕЭС», асноўным акцыянерам якой з’яўляецца расійская дзяржава. Міністр Грузіі па пытаннях эканамічнай рэформы Каха Бендукідзэ мяркуе: «Нягледзячы на вайну і акупацыю, у нас ёсць расійскія інвестыцыі, якія існуюць, якія добра працуюць, зарабляюць прыбытак, і нічога з ім не адбываецца. І гэта якраз, мне здаецца, адзін з важных довадаў, які разглядае кожны інвестар, калі прыходзіць у нашу краіну».
Мне не раз даводзілася адзначаць, што сіла беларускай дзяржавы вызначаецца яе здольнасцю канцэнтраваць рэсурсы. У 1995 годзе, калі ўлада яшчэ не была паднятая з бруду, у якім яна апынулася ў гады Перабудовы, прыбытковая частка кансалідаванага бюджэту ў Беларусі складала 29% ВУП, а ў 2008 годзе, паслядоўна нарошчваючы сваю ролю ў эканоміцы, родная дзяржава давяла дадзены паказчык да 51%.
Зразумела, і Грузія без бюджэту жыць не можа. У 2003 годзе пры Шэварнадзэ здолелі сабраць 13% ВУП. Такі нізкі паказчык азначае крайнюю ступень дэградацыі дзяржавы (грузінскі варыянт улады, якая валяецца ў брудзе). Новая каманда пад кіраўніцтвам Саакашвілі пачала сваю рэфарматарскую дзейнасць са зніжэння падаткаў і сабрала ў 2004 годзе 22% ВУП. У паўтара разы больш! Чаму? «Таму што, — паводле меркавання Бендукідзэ, — паралельна з эканомікі быў зняты вось гэты гнёт карупцыі і гнёт вось гэтага залішняга бессэнсоўнага рэгулявання, якое карупцыю, у тым ліку, і спараджала».
У грузінскай мадэлі маюцца і апаненты. Напрыклад, экс-спікер парламента Ніно Бурджанадзэ мяркуе, што яна паводле ўсіх параметраў саступае беларускай. Спасылаючыся на афіцыйныя дадзеныя, спадарыня Бурджанадзе прывяла 8 ліпеня наступнае параўнанне ў эфіры «Эхо Москвы»: «Мінімальная пенсія ў Грузіі — 50 лары, гэта прыкладна 25 еўра, у Беларусі — гэта дзесьці 125–130 еўра. Сярэдняя зарплата ў Грузіі — 500 лары, гэта прыкладна 250–230 еўра, а ў Беларусі — 560 долараў, гэта значыць у паўтара разы больш».
Вуснамі экс-спікера добра мёд піць. На 1 ліпеня сацыяльная пенсія ў рэспубліцы склала 287 тысяч рублёў, што адпавядае 40 еўра па афіцыйным курсе, але дзе сёння ў Беларусі па такім курсе можна набыць еўра? Што да сярэдняй зарплаты, то ў маі ад былых 536 долараў засталося 326 (233 еўра па афіцыйным курсе).
* * *
Беларуская мадэль здольная хоць неяк функцыянаваць толькі пры льготных коштах на расійскія энерганосьбіты. Грузінская мадэль развіваецца ва ўмовах эканамічнай блакады з боку Расіі. Але галоўныя поспехі Грузіі вымяраюцца не працэнтамі росту ВУП. Хто б мог уявіць, што самая карумпаваная з савецкіх рэспублік, якая ўпэўнена лідзіруе па колькасці злодзеяў у законе на душу насельніцтва, сёння ў стане дарыць кожнаму першакласніку ноўтбук і запрашаць у краіну паўтары тысячы выкладчыкаў англійскай мовы з англамоўных краін.