Навошта Пуціну ехаць у Беларусь?

Чаго чакае афіцыйны Мінск ад новага прэзідэнцкага тэрміну Уладзіміра Пуціна? Я згодны з высновамі большасці экспертаў, што ўступленне Уладзіміра Пуціна ў новы прэзідэнцкі тэрмін істотна не паўплывае на стан двухбаковых дачыненняў паміж дзвюма краінамі.

yanukovich_vs_van_dam.jpg

Пасля шматмесячнага перапынку Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін нарэшце правялі кароткія перамовы на палях саміту ЕАЭС. За гэты час назапасілася шмат спрэчных пытанняў, якія варта было б абмеркаваць.

Але, здаецца, у дадзены момант на першае месца выходзіць фармальнае, сімвалічнае пытанне. У міжнароднай палітыцы існуе традыцыя, што першы замежны візіт новы кіраўнік дзяржавы ці ўраду ажыццяўляе ў тую краіну, якая з’яўляецца для яго найбольш важным партнёрам. Гэта дэманстрацыя замежнапалітычнага прыярытэту. Дарэчы, за гэтым уважліва сочаць эксперты, СМІ, з гэтага робяць важныя высновы.

З канца 1990-х гадоў, з моманту стварэння Саюзнай дзяржавы, склалася традыцыя, што не толькі кіраўнік Беларусі, але і прэм’ер першы візіт пасля заступлення на пасаду рабілі ў Расію. Са свайго боку, Уладзімір Пуцін і кіраўнікі ўраду РФ першапачаткова наведвалі Мінск.

Напрыклад, у 2012 годзе, адразу пасля інаўгурацыі, Уладзімір Пуцін свой першы замежны візіт зрабіў у Беларусь. Прычым, расійскі кіраўнік асабліва не хаваў, што гэта быў сімвалічны, рытуальны жэст. Таму візіт быў кароткім. Гутарка лідараў дзвюх дзяржаў у беларускай сталіцы працягвалася каля гадзіны, яшчэ столькі ж часу было адведзена на перамовы бакоў у пашыраным складзе. Але Лукашэнка не хаваў свайго шчасця: ён проста ззяў, адчуваючы сябе пераможцам. Кіраўнік Беларусі тады сустракаў свайго расійскага калегу ў аэрапорце і праводзіў да самага трапа самалёта — што бывае вельмі рэдка, толькі ў выключных выпадках. І некалькі разоў дзякаваў: «Я вам вельмі ўдзячны за гэты візіт. Гэты візіт важнейшы за многія эканамічныя дамоўленасці Беларусі і Расіі».

depositphotos_83490120_original.jpg

Відавочна, што цяпер беларускі правадыр вельмі хацеў бы, каб зноў першы візіт Уладзіміра Пуціна пасля яго інаўгурацыі адбыўся менавіта ў Мінск. Выкажу меркаванне, што менавіта гэтае пытанне было галоўным падчас сустрэчы двух лідараў у Сочы.

І такі візіт анансаваны. Аляксандр Лукашэнка 9 мая падчас святочных урачыстасцяў з гонарам расказаў, што чарговае пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі запланавана правесці ў Мінску. Гэта адбудзецца у трэцяй дэкадзе чэрвеня.

Справа ў тым, што, паводле статуту Саюзнай дзяржавы, гадавы бюджэт гэтай арганізацыі мусіць зацвердзіць Вышэйшы дзяржсавет. Ён, паводле нармальнай логікі, павінен праходзіць ці ў канцы папярэдняга года, ці ў пачатку новага. Бо як жа арганізацыя можа праца­ваць без бюджэту? Аднак бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2018 год будзе зацверджаны толькі ў канцы чэрвеня — то бок у сярэдзіне года. І гэты факт вельмі шмат кажа пра сапраўднае стаўленне Расіі да такой дзіўнай структуры, як Саюзная дзяржава.

Як бы тое ні было, але, паводле папярэдніх дамоўленасцяў, у трэцяй дэкадзе чэрвеня не толькі кіраўнік Расіі — усё палітычнае кіраўніцтва ўсходняй суседкі завітае ў Мінск. Бо чальцамі Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы з’яўляюцца кіраўнікі краінаў, прэм’ер-міністры, кіраўнікі палат парламентаў Беларусі і Расіі.

Вось тут і ўзнікае пытанне: ці будзе гэта першы замежны візіт Уладзіміра Пуціна пасля інаўгурацыі? Да трэцяй дэкады чэрвеня — больш за месяц. Неяк цяжка ўявіць, што ў расійскага лідара ў гэты час не будзе замежных паездак.

Напрыклад, саміт Савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва пройдзе ў пачатку чэрвеня 2018 года ў кітайскім горадзе Ціндао. Зразумела, што Пуцін туды паедзе. А значыць, яго прыезд у Мінск будзе не першым замежным візітам. Але БТ зазначыць, што паездкі на саміт не лічацца «візітамі», а права «першай шлюбнай ночы» ўсё роўна застаецца за Мінскам.

Аднак усё гэта фармальны, сімвалічны бок беларуска-расійскіх адносін. Звернемся да змястоўных пытанняў.

Я згодны з высновамі большасці экспертаў, што ўступленне Уладзіміра Пуціна ў новы прэзідэнцкі тэрмін істотна не паўплывае на стан двухбаковых дачыненняў паміж дзвюма краінамі. Саюзніцкія адносіны захаваюцца, хоць, як звычайна, ім будуць спадарожнічаць бясконцыя канфлікты і скандалы. Можна канстатаваць, што сёння Мінск і Масква па-рознаму бачаць парадак дня стасункаў паміж краінамі.

Найперш, Беларусь імкнецца забяспечыць свабодны і прыярытэтны доступ беларускай прадукцыі на расійскі рынак. Гаворка не толькі пра харчовыя тавары (малако і мяса). Мінск дамагаецца, каб захады ўраду Расіі па абароне нацыянальнага вытворцы не пашкодзілі беларускім прадпрыемствам, каб нашы тавары мелі такія ж ільготы на тэрыторыі РФ, як і ўласна расійскія.


eu_russia_1.jpg

Цягам усіх гадоў так званай «беларуска-расійскай інтэграцыі» галоўнай праблемай, вакол якой адбываецца супрацьстаянне паміж Мінскам і Масквой, з’яўляецца пытанне энергарэсурсаў. Беларусь, як звычайна, імкнецца атрымаць расійскі газ і нафту на як мага больш ільготных умовах, Расія квола супраціўляецца. Гэтым разам усе энергетычныя пытанні вырашаныя да 2019 года. Цяпер ідуць перамовы пра цэны і ўмовы паставак энергарэсурсаў у наступныя гады.

І вось тут можа ўзнікнуць адна праблема. Яна моцна звязаная з тым канфліктам паміж Расіяй і Захадам, які хутка нарастае.

Запаветная мара беларускага кіраўніцтва — з 2025 года перайсці на ўнутраныя расійскія кошты на энерганосьбіты. Уласна кажучы, гэта быў галоўны пернік, з дапамогай якога Масква ўцягнула Мінск у Мытны саюз і ЕАЭС. Справа ў тым, што гэта абяцанне Крамля зыходзіла з тагачасных планаў кіраўніцтва РФ да 2025 года перавесці ўнутраныя расійскія кошты на энерганосьбіты на ўзровень сусветных. Гэта было часткай стратэгіі інтэграцыі Расіі ў сусветную эканоміку. У сувязі з чым Расія брала пэўныя абавязальніцтвы перад уступленнем у Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА).

Але з таго часу сітуацыя радыкальна змянілася. Цяпер, калі супраць Расіі ўводзяць эканамічныя санкцыі, яе спрабуюць выкінуць з працэсаў глабалізацыі, яна апынулася ў ізаляцыі, Масква ў адказ можа абнуліць усе свае абавязальніцтвы перад СГА і адмовіцца ад ранейшых планаў. Бо яны прымаліся ў іншых умовах. У выніку ўсе разлікі беларускага ўраду пагражаюць так і застацца марамі. А гэта можа выліцца ў вялікі скандал у адносінах паміж саюзнікамі.

І прыкметы гэтага канфлікту ўжо праглядаюцца. На саміце ЕАЭС у Сочы Лукашэнка заявіў: «На жаль, зноў не гатовыя для абмеркавання на вышэйшым узроўні праграмы фармавання агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Спадзяемся, што хаця б да канца бягучага года мы паставім подпісы пад гэтымі асноватворнымі дакументамі. І не трэба тут падазраваць Беларусь, што гэта толькі ў інтарэсах Беларусі. Мы дамовіліся, што мы вырашым гэтае пытанне, значыць, яго трэба вырашаць».

Яшчэ адной праблемай беларуска-расійскіх адносін становіцца вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Расія адмаўляецца пастаўляць у Беларусь найноўшае ўзбраенне (самалёты, ракетныя комплексы) нават за грошы. Бо, па-першае, не вельмі давярае саюзніку. Па-другое, Масква хоча прымусіць такім чынам Мінск на размяшчэнне сваіх вайсковых базаў на беларускай тэрыторыі.

Акрамя таго, у 2020 годзе заканчваецца тэрмін дзейнасці пагаднення аб знаходжанні ў Беларусі двух расійскіх вайсковых аб’ектаў — радыёлакацыйнай станцыі пад Ганцавічамі і станцыі сувязі ВМФ Расіі пад Вілейкай. Умовы новага пагаднення могуць стаць прадметам вострых дыскусій паміж саюзнікамі.

pu_lu_karik1.png


Ці яшчэ адна тэма для рознагалоссяў: Беларусь не атрымала чарговыя траншы ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця ў памеры 400 мільёнаў долараў. Яны павінны былі паступіць у першым квартале 2018 года. Хутка скончыцца другі квартал, а грошай няма. Фонд лічыць, што беларускі бок не выканаў усе ўмовы крэдытнай праграмы.

Дарэчы, у гэтым годзе Беларусь павінна заплаціць Расіі 1 мільярд 7,5 мільёна долараў доўгу за мінулыя крэдыты. І, як звычайна, Мінск будзе прасіць аб рэфінансаванні запазычанасці. Гэта значыць, прасіць новы крэдыт.

Са свайго боку, Расія хацела б ад Беларусі большай лаяльнасці, большай падтрымкі замежнай палітыкі Масквы. Бо атрымліваецца, што ў сваёй канфрантацыі з Захадам Крэмль апынуўся без саюзнікаў. Гэта для Масквы даволі дыскамфортна. Таму Пуцін будзе ціснуць на Беларусь, патрабаваць стаць у адзін шэраг.

Увогуле, апошнім часам у палітыцы Беларусі назірацца дзіўны парадокс. Эканамічная залежнасць ад Расіі не змяншаецца, а ў замежнай палітыцы афіцыйны Мінск усё больш дыстанцуецца ад Масквы. Нейкі час можна сядзець у такім шпагаце. Але ці доўга?