Украіна патрабуе ад РФ вызваліць больш за 60 палітвязняў

Міністэрства замежных спраў Украіны патрабуе вызваліць 64 украінскіх палітвязня, якія ўтрымліваюцца на тэрыторыі Расіі і анэксаваным Крыме.

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Пра гэта заявіла прэс-сакратар МЗС Украіны Мар'яна Беца ў Twitter, паведамляе hromadske.ua.
«Па меншай меры 24 украінца з'яўляюцца палітычнымі вязнямі ў Расіі, больш за 40 — у акупаваным Крыме. У чарговы раз патрабуем ад РФ вызваліць палонных», — адзначыла яна.
17 мая прадстаўніца Украіны ў трохбаковай кантактнай групе Ірына Герашчанка па выніках пасяджэння групы ў Мінску заявіла, што ў пытаннях вызвалення заложнікаў і пошуку зніклых без вестак у Данбасе няма прагрэсу.
Раней паведамлялася, што баявікі патрабуюць абмену заложнікаў у фармаце 80 на 15.
У пачатку красавіка Герашчанка паведаміла, што Кіеў гатовы перадаць Маскве 23 расіян, якія адбываюць пакаранне ва ўкраінскіх турмах, у абмен на ўкраінскіх заложнікаў.
Па дадзеных СБУ, на падкантрольную тэрыторыю вярнуліся 73 заложніка. Украіна перадала на акупаваную тэрыторыю 233 чалавекі.