Саміт на парозе вайны: ці можа змяніцца Уладзімір Пуцін

Замест саміту ў «нармандскім фармаце» у Астане, які так і не адбыўся, можа прайсці аналагічны саміт у Мінску — ужо літаральна праз пару дзён. Склад удзельнікаў усё той жа, але за тыдні, якія прайшлі пасля зрыву сустрэчы ў сталіцы Казахстана, сітуацыя змянілася кардынальным чынам.



putin_faces.jpg

У Астану прэзідэнт Уладзімір Пуцін збіраўся ляцець без усялякіх прапаноў, хутчэй — выслухоўваць просьбы, ставіць умовы, прымаць капітуляцыю. Менавіта гэтая яго пазіцыя не ўразіла федэральнага канцлера. Ангела Меркель — як сцвярджаюць, у адрозненне ад прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда, які напалягаў на неабходнасці працягу любога дыялогу — адмовілася ляцець у Казахстан, таму што бачыла сэнс толькі ў спыненні кровапраліцця і стварэнні канкрэтных гарантый для гэтага.
Пасля зрыву Астаны Пуцін кінуў свае войскі на Данецкі аэрапорт, Вуглегорск і Дэбальцава — але і пазіцыі Захаду, у сваю чаргу, радыкалізаваліся. У Еўрасаюзе перасталі абмяркоўваць нават тэарэтычную магчымасць адмены санкцый супраць Расіі, у ЗША ўзмацніліся пазіцыі тых, хто выступае за пастаўку зброі Украіне. У гэтай сітуацыі Пуціну прыйшлося пайсці на вылучэнне ўласных прапаноў па ўрэгуляванні канфлікту — і хоць яны мала адрозніваліся ад расійскіх «хацелак» апошняга года, Меркель і Аланд палічылі сам факт праявы ініцыятывы расійскім прэзідэнтам шанцам для ўрэгулявання.
Так гэта на самай справе ці не — будзе ясна ў выпадку правядзення Мінскага саміту і пасля імплементацыі яго рашэнняў. Бо самі пагадненні ў Мінску ў свой час таксама стваралі нейкую — хай і вельмі ілюзорную — надзею на мір. Але цяпер ужо ясна, што ў Крамлі ніхто не збіраўся выконваць мінскі пратакол і разлічваў выкарыстоўваць яго падпісанне для расхіствання сітуацыі ва Украіне, а зусім не для міру на Данбасе.
Захад, спрабуючы пасадзіць Уладзіміра Пуціна за стол перамоваў у якасці «міратворца», працягвае спадзявацца, што расійскі прэзідэнт усведамляе ўсю катастрафічнасць эканамічнай сітуацыі ў краіне і імкнецца выйсці з ім жа створанай сітуацыі з вайной на Данбасе з мінімальнымі іміджавымі стратамі ў вачах уласнага электарату, люмпенізаванага, агрэсіўнага і абалваненага. Але пакуль што нельга з дакладнасцю зразумець, ці сапраўды Пуцін хоча адкуль-небудзь выходзіць ці ён выкарыстоўвае сітуацыю для праверкі ўзроўню саступак з боку Захаду і Украіны — саступак, якія дазволяць яму замацавацца на акупаваных тэрыторыях без траты сродкаў на іх і павольна рыхтавацца да новай вайны і правакацый. Наколькі рэальна змяніўся пуцінскі падыход — і ці здольны наогул Пуцін у яго цяперашнім становішчы мяняцца — мы зразумеем досыць хутка. Калі саміту ў Мінску не будзе — за бліжэйшыя дні. Калі саміт у Мінску адбудзецца — за бліжэйшыя тыдні.
Віталь Портнікаў, kontrakty.ua