Самы маштабны з часоў халоднай вайны: у Польшчы прайшоў вайсковы парад да Дня Войска Польскага
15 жніўня ў Варшаве прайшоў найбуйнейшы ваенны парад з часоў заканчэння халоднай вайны. Ён прысвечаны Дню Войска Польскага, які святкуюць у гадавіну вырашальнай бітвы савецка-польскай вайны, калі бальшавікі былі разбіты пад Варшавай у 1920 годзе.
Сёння, 15 жніўня, у Варшаве адзначылі Дзень Войска Польскага. Адбыўся самы вялікі і самы сучасны парад польскіх Узброеных сіл з 1989 года. Гэты парад адрадзілі пасля трохгадовага перапынку.
На парадзе, які праводзіцца ў 103-ю гадавіну перамогі Польшчы над бальшавіцкай Расіяй у Варшаўскай бітве, праз польскую сталіцу прайшла калона з 2 тысяч вайскоўцаў Войска Польскага і краін НАТА.
Сёння разам з польскімі вайскоўцамі па Варшаве маршыравалі салдаты з ЗША, Вялікабрытаніі, Харватыі і Румыніі. Іх суправаджалі 200 адзінак баявой тэхнікі і 92 самалёты і верталёты.
У вайсковай калоне на джыпе праехаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, які падкрэсліў, што апошнія восем гадоў існавання кіруючай партыі «Права і справядлівасць» сталі «часам аднаўлення польскага войска».
Сярод іншага, на парадзе былі паказаны польскія распрацоўкі — БМП «Барсук» і САУ «Краб» — і амерыканскія танкі M1A1 «Abrams», пускавыя ўстаноўкі ракет «HIMARS» і сістэмы СПА «Patriot», а таксама паўднёвакарэйскія танкі K2 і самаходныя гаўбіцы K9.
Na warszawskiej Wisłostradzie prezentuje się się 200 jednostek polskiego i zagranicznego sprzętu wojskowego oraz 92 statki powietrzne, w asyście 2 000 żołnierzy. #SilnaBiałoCzerwona pic.twitter.com/7kVQCoQcvr
— Dowództwo GW (@DGWdowodztwo) August 15, 2023
За паветраную частку парада адказвалі верталёты, у тым ліку амерыканскі« Black Hawk», а таксама знішчальнікі F-16 і FA-50.
Умацаванне ўзброеных сіл стала прыярытэтам для польскіх улад пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Польскае кіраўніцтва паабяцала падвоіць армію да 300 тысяч вайскоўцаў і выдаткаваць на абарону каля 4% сёлетняга ВУП.
Алег Панамар: Пуціну абламаюць рогі
Украінскі блогер Алег Панамар з нагоды найвялікшага з 1989 года парада адзначыў, што Польшча ператвараецца ў галоўную вайсковую сілу Еўропы і ў галоўны плацдарм ЗША ў Еўропе.
«Таму Пуцін атакуе Польшчу са многіх пазіцый:
- Размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі.
- Правакацыі «Вагнера».
- Атака «бежанцамі» і нелегальнымі мігрантамі з Беларусі.
- Шпіёнская і дыверсійна-падрыўная дзейнасць у самой Польшчы.
- Спробы ўбіць клін і пасварыць Украіну і Польшчу, выставіўшы Польшчу як краіну, якая нібыта жадае захапіць украінскія тэрыторыі.
І вось гэты парад — найлепшы адказ Пуціну. Прама з парада частка войскаў адправіцца да беларускай мяжы — Пуціну абламаюць рогі».
Глядзіце таксама
Гісторык пра бітву 1920 года: Калі б бальшавікі прабіліся праз Осаў, яны б неўзабаве былі ў Варшаве
Затрыманне Чырвонай арміі пад Радзымінам і Осавам мела вырашальнае значэнне для лёсу Варшаўскай бітвы, нагадвае «Польскае Радыё».
15 жніўня адзначаецца гадавіна перамогі Польшчы ў вайне з Савецкай Расіяй у 1920 годзе. Гэты дзень быў абвешчаны Днём Войска Польскага.
Кіраўнік Музея Варшаўскай бітвы 1920 года, які будуецца ў Осаве пад Варшавай, гісторык Яраслаў Стрыек кажа, што бітва адбылася з 13 па 25 жніўня 1920 года падчас польска-бальшавіцкай вайны, а бітвы пад Осавам і Радзымінам працягваліся з 13 па 16 жніўня і скончыліся перамогай польскіх войскаў. Баі за Радзымін і Осаў былі вырашальнымі.
— Калі пад Радзымінам Войска Польскае сабрала шмат сілы, дык пад Осавам раптам аказалася, што ўжо няма арміі. І гэта было самае небяспечнае. Калі б бальшавікі прабіліся праз Осаў, яны б неўзабаве былі на Празе (раён Варшавы. — Рэд.). У бой пайшлі добраахвотнікі — на чале з палявым святаром ксяндзом Скарупкам. Гэты былі жаўнеры, якія зусім не збіраліся ваяваць, яны неслі вартаўнічую службу ў Варшаве. Але арміі вельмі не хапала жывой сілы, і таму іх за два дні да бітвы перакінулі ў Осаў.
Яраслаў Стрыек нагадвае: затрыманне Чырвонай арміі пад Радзымінам і Осавам мела вырашальнае значэнне для лёсу Варшаўскай бітвы. Перавага бальшавікоў над польскімі войскамі была вельмі значнай, таму іх затрыманне пад Варшавай называюць «Цудам на Вісле».
Паводле «Еўрапейская праўда», «Польскае Радыё», RMF, сацсетак