«Сіла і магутнасць беларускай эміграцыі недаацэненая». Вадзім Пракоп'еў — пра сцэнары перамен у Беларусі
Грамадскі дзеяч Вадзім Пракопʼеў у выпуску ютуб-канала «Ток» выказаўся пра магчымыя варыянты перамен у Беларусі. На яго думку, існуюць чатыры сцэнары, да якіх варта рыхтавацца, але яны не з’яўляюцца актуальнымі проста цяпер.
Па меркаванні Вадзіма Пракопʼева, першае акно магчымасцяў — гэта перамовы паміж Украінай і Расіяй. Месцам іх правядзення можа быць Стамбул ці Вена. А вось адносна Мінска ў яго вялікія сумненні. Пракопʼеў дапускае, што ў перамовах можа браць удзел Кітай.
«На гэтых перамовах непазбежна будзе абмяркоўвацца баланс бяспекі ў рэгіёне. Беларуская тэма будзе падымацца, хутчэй за ўсё, не ў першы і не ў другі дзень. Але гэта непазбежна адбудзецца. На гэтых перамовах нам неабходна месца. Гэта істотна залежыць ад магутнасцяў нашага лідарства і ад цэнтра сілы, які так і недабудаваны», — лічыць Пракоп'еў.
Другое акно магчымасцяў — выбарчая кампанія 2025 года. «Лукашэнка яе распланаваў больш-менш. Я ўпэўнены, што ён да гэтай пары не прыняў рашэння, елбасы ён ці не елбасы. Але відавочна, што ён задумаў яе правесці ціха і без задзірынкі».
«Гэта год вызначальны, як і ўсякі выбарчы цыкл. Гэта момант найбольшай уразлівасці дыктатарскай сістэмы», — дадае Пракопʼеў.
Трэцяе акно магчымасцяў — гэта варыянт «смерць Сталіна»: фізічнае пагаршэнне здароўя Лукашэнкі, што прыводзіць да яго смерці. У залежнасці ад знешніх абставін, як лічыць Пракоп'еў, гэтае акно мае рознае вымярэнне.
Чацвёртае, і самае важнае на погляд Пракоп'ева, — прыход новай эліты ў Крэмль.
«Усе гэтыя вокны магчымасцяў, на мой аматарскі аналіз, прадугледжваюць наяўнасць магутнага палітычнага цэнтра на нашым баку. Цэнтра, які стаіць на нейкім фундаменце, напрыклад, на масавым руху, на масавай палітычнай партыі.
Адгаворкі пра тое, што гэта немагчыма зрабіць, не прымаюцца. Мы ў стане стварыць масавы рух электронным чынам. А сіла і магутнасць беларускай эміграцыі да сёння недаацэненая.
У мяне ёсць адчуванне, што Кабінет наўмысна ігнаруе сілу дыяспары, бо не хоча быць падсправаздачным», — выказвае свой погляд Пракоп'еў.
Ён акцэнтуе ўвагу на тым, што ва ўсе гэтыя вокны магчымасцяў можна ўпісацца толькі пры дзвюх істотных умовах. Першая — наяўнасць сапраўднага палітычнага цэнтра — альтэрнатывы, па магчымасці масавай і вельмі ўплывовай. Другая — «неабходна, каб Вашынгтон разумеў нашу ролю ў вялікім геапалітычным раскладзе».
На погляд Пракопʼева, разважаць пра сцэнарыі, якія можна было б ажыццявіць, трохі заўчасна, бо «яны моцна залежаць ад геапалітычнага кантэксту, асабліва калі ў нас тут рэгіянальная вайна. Трэба рыхтаваць розныя сцэнары і дэманстраваць іх толькі блізка да гэтай даты. Цалкам відавочна, што ўсё, што б мы ні прыдумалі, павінна ўкладвацца ў формулу «трэба сапсаваць вечарынку».
Паводле «Нашай Нівы»