Паўлюк Быкоўскі: Замест народаўладдзя краіна крочыць у феадалізм

Беларускі кіраўнік успрымае сваё месца не як служэнне Беларусі, а так, што ён будзе гэтай краінай карыстацца.

fota_aljaksandr_libertad__novy_czas1.jpg

Прайшла чарговая хваля кадравых прызначэнняў. Сярод новых вертыкальшчыкаў сем прадстаўляюць ніжні ўзровень улады — старшынь гарадскіх і раённых выканкамаў.

Рэжым узмоцнена рыхтуецца да чарговага электаральнага цыкла, які пройдзе ўжо ў два бліжэйшыя гады: 25 лютага 2024-га мясцовыя і парламенцкія «выбары», не пазней чым праз 60 дзён павінна сабрацца першае пасяджэнне УНС, а ў 2025-м — прэзідэнцкая «кампанія».

На ўсіх апошніх нарадах галоўны прамоўца нязменна патрабуе ад сваіх падначаленых рыхтавацца да новага электаральнага цыкла:

«Ідэалагічны складнік мае першараднае значэнне. Працуйце, думайце, хто будзе прадстаўляць вас у парламенце, Усебеларускім народным сходзе. Мы абсалютна не хаваем тое, што мы кагосьці будзем падтрымліваць. Гэта натуральна. Калі б мы цяпер, ведаеце, такімі цнатлівымі сябе паказалі, з нас бы проста смяяліся».

Якая сістэма будуецца і што з гэтага атрымаецца? «СНплюс» абмеркавалі будучыя ўнутрыбеларускія ўзрушэнні з палітычным аглядальнікам Паўлюком Быкоўскім.

— Кадравыя прызначэнні — звычайны руцінны працэс. Але ніжні ўзровень змяняецца даволі часта, таму можна адсачыць, што адбываецца з кар'ерамі чыноўнікаў: у некаторых яна проста галавакружная, але такіх вельмі мала, многія ненадоўга затрымліваюцца на сваіх пасадах і знікаюць, і толькі нязначная частка застаецца ў абойме. Амаль усе гэтыя людзі пераходзяць з адной дзяржаўнай пасады на іншую, і выбітныя дасягненні за імі заўважыць досыць складана.

Паколькі ніжні ўзровень кіравання прэзідэнцкай вертыкалі на месцах фактычна не падсправаздачны мясцовым саветам, гэта значыць выбаршчыкам, ды і мясцовыя саветы не ўтрымліваюць у сваім складзе прадстаўнікоў розных меркаванняў і ўхваляюць палітыку прэзідэнцкай вертыкалі, то ўся гэтая дзейнасць знаходзіцца па-за полем зроку грамадскага кантролю.

— Абрысы новай піраміды ўлады, якую збіраецца ўзвесці рэжым у 2024-2025 гадах, ужо выявіліся?

— Пачнём з цытаты.

«Мы абсалютна не хаваем тое, што мы кагосьці будзем падтрымліваць. Гэта натуральна. Калі б мы цяпер, ведаеце, такімі цнатлівымі сябе паказалі, з нас бы проста смяяліся», — вось толькі што прагучала на сустрэчы з прадстаўнікамі органаў выканаўчай улады.

У Канстытуцыі, нават у той версіі, якая падпраўлена Аляксандрам Лукашэнкам на рэферэндумах, сказана, што наша краіна — «дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава», а таксама, што «адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца народ». Між тым, нават калі не звяртаць увагу на разгорнутую дзяржаўнай прапагандысцкай машынай кампанію супраць дэмакратыі, выказванне кіраўніка існуючага рэжыму змяшчае ўказанні на тое, каб падначаленыя парушылі прынцыпы народаўладдзя, закладзеныя ў Канстытуцыі. Гэта можа азначаць, што ўлада мае намер маніпуляваць працэсам і забяспечваць перамогу сваіх прадстаўнікоў, умешваючыся ў выбары і не даючы народу свабодна выказваць сваю волю.

У дзяржаве захоўваецца ўсё старое і з'яўляецца яшчэ адна надбудова — свайго роду трэцяя палата парламента, ролю якой будзе выконваць Прэзідыум Усебеларускага народнага сходу. Прычым УНС складаецца з прадстаўнікоў дзвюх палат Нацыянальнага сходу плюс прадстаўнікоў ад пралукашэнкаўскіх арганізацый, якія нібыта прадстаўляюць грамадскасць — усё разам не выглядае як сапраўдная жывая структура.

Выбудоўваецца сістэма, якая бліжэй да феадалізму: не жыхары тэрыторыі абіраюць сваіх прадстаўнікоў — іх прызначаюць аднекуль зверху, як у Палаце лордаў.

Гаворка не ідзе пра тое, каб трэцяя палата ўраўнаважыла дзейнасць дзвюх іншых: улада адкрыта ўмешваецца ў працэс выбараў, ва ўсіх трох структурах схемы адсутнічае іншадумства. Калі яго не было на ўваходзе, то на выхадзе таксама не павінна з'явіцца.

Вядома, ёсць такі жарт: лепш за ўсё думаецца на выбарчым участку, таму што выбаршчык упершыню сутыкаецца з нейкімі людзьмі ў спісе і нібыта павінен ажыццявіць свой выбар.

У савецкі час ён быў паміж неабходнасцю галасаваць ці не галасаваць за адзінага кандыдата, які прадстаўляе непарушны блок камуністаў і беспартыйных (што б гэта ні значыла на мове савецкай прапаганды), але людзі часам пісалі міма клеткі розныя нядобрыя словы — і такім чынам выказвалі сваю пазіцыю. У цэлым ніхто не ўспрымаў імітацыю фарсу як сапраўдныя выбары.

Цяпер відавочна, што сітуацыя не асабліва адрозніваецца ад савецкай, хоць застаецца фармальная магчымасць галасаваць за прадстаўнікоў не адной, а дзвюх-трох партый. Гэта будзе нагадваць не столькі Савецкі Саюз, колькі так званыя краіны «народнай дэмакратыі»: напрыклад, у ПНР, акрамя польскай рабочай партыі, была яшчэ і сялянская партыя. У некаторых краінах сацлагера заставаліся фармальна альтэрнатыўныя партыі, але ўсе яны згаджаліся з воляй кіруючай партыі.

— Сам «першы» ўжо вызначыўся са сваёй роляй у феадальнай пірамідзе ўлады?

— Ён мяркуе, што і далей будзе яе ўзначальваць, таму нічога новага не адбудзецца. Проста калі да гэтага часу азіраецца на кіруючую ролю КПСС (нават пажартаваў падчас спічу: «Кампартыі няма, усё ў вашых руках»). Яго Усебеларускі народны сход — спроба сабрацца са з'ездам КПСС, які фармальна прадстаўляў трыбуну ўсяго народа.

У маючай адбыцца пастаноўцы Аляксандр Лукашэнка хацеў бы выступаць як кіраўнік Усебеларускага народнага сходу або, прынамсі, як самая значная асоба на ім.

— Ён выдаў і такую фразу: «мы павінны паказаць усім, што ў нас ёсць краіна і мы гэтай краінай будзем кіраваць»…

— Гэта нагадвае дзіцячыя гульні ці нават фантастычны сюжэт: у мяне ёсць — я буду гэтым карыстацца. Чалавек успрымае сваё месца не як служэнне гэтай краіне, а так, што ён будзе ёю карыстацца.

 Паводле www.sn-plus.com