Як ігнараваць законы прыроды?
«Ніколі такога не было, і вось зноў» — гэта ў Беларусі, напэўна, ужо дэвіз. З нагоды стану беларускай эканомікі ідуць ужо не званочкі — б'юць званы. Відавочна, што гэтыя сігналы не заўважыць немагчыма, але наша кіраўніцтва, падобна, нічога не збіраецца мяняць.

Вельмі цікавымі данымі падзяліўся Парк высокіх тэхналогій. Адміністрацыя парку абнавіла інфармацыю пра асаблівую эканамічную зону, і, згодна з новай інфармацыяй, экспарт паслуг ПВТ у 2022 годзе знізіўся амаль на паўмільярда долараў. Ён склаў $2,7 млрд супраць $3,2 млрд у 2021 годзе, а колькасць цэнтраў распрацоўкі замежных кампаній знізілася са 122 да 100. Доля ПВТ у валавым унутраным прадукце таксама зменшылася з 4,8 да 4%.
Гэтыя звесткі цікавыя тым, што адміністрацыі ПВТ спатрэбілася 9 месяцаў, каб падвесці вынікі 2022 года і апублікаваць іх. Безумоўна, усе мы разумеем, што падзеі 2020 года, эміграцыя буйных ІТ-кампаній, якая рушыла за ёй, і яшчэ большая эміграцыя гэтых жа кампаній пасля саўдзелу Беларусі ў нападзе на Украіну ў 2022 годзе не маглі не адбіцца на гэтым сектары. Мабыць, таму мы даўным-даўно ведаем, што EPAM і WarGaming выйшлі ў лідары па падатках, заплачаных у Літве, але да гэтага часу не ведалі, што пра гэта думаюць у ПВТ. І ПВТ таксама доўга думала, якія лічбы паставіць у сваю справаздачу.
Дый тэрміны «падвядзення вынікаў», вядома, дзівосныя. Падавалася б, ПВТ па сутнасці сваёй накіраваны на тое, каб яго рэзідэнты распрацоўвалі інструменты, што аўтаматызуюць такія рэчы, як бухгалтарскі ўлік. А вось самому Парку для таго, каб палічыць памер экспарту і апублікаваць яго, спатрэбіўся час, за які можна вынасіць і нарадзіць дзіця. І чаму ў іх гэта ўсё там не аўтаматызавана? Няўжо нельга нешта распрацаваць для сябе?
Не дзіўна, што даверу гэтым лічбам няма. Хаця ў ПВТ у 2022-м і быў пэўны спрыяльны перыяд да пачатку саўдзелу Беларусі ў вайне ва Украіне і ўвядзення маштабных санкцый, якія моцна падкасілі ІТ-сектар.
Яшчэ адна цікавая навіна прыйшла з Лагойска. Там выстаўлены на аўкцыён гарналыжны комплекс «Лагойск». Нагадаем, што гэта адзін з двух знакамітых гарналыжных комплексаў у Беларусі, ёсць яшчэ «Сілічы». У аб'яве аб аўкцыёне гаворыцца, што ГК «Лагойск» прадаецца як «маёмасны комплекс», створаны на базе філіяла ТАА «ТРАЙПЛ», і за яго просяць без малога 24 млн рублёў.
Вядома, можна падумаць, што працягваецца «дзерыбан» бізнес-імперыіЮрыя Чыжа, якога даўно «адхілілі ад цела», на што і намякае прысутнасць у аўкцыённай прапанове назва «ТРАЙПЛ». Але ёсць і не менш далёка ідучыя высновы пра тое, што без Чыжа новыя кіраўнікі і ўласнікі гэтага комплексу проста не справіліся з кіраваннем. І таму, можна нават сказаць з упэўненасцю, легендарны гарналыжны комплекс, адна з пярлінаў беларускага зімовага адпачынку, ідзе з малатка. І пры гэтым — усяго за 8 млн долараў па сённяшнім курсе, што, пагадзіцеся, вельмі невялікая цана для цэлага гарналыжнага комплексу.
Такім чынам, самыя да гэтага часу паспяховыя галіны коцяцца ў прорву, банкрутуюць самыя паспяховыя бізнесы. Здавалася б, урад павінен устрывожыцца, — такія падзеі азначаюць, што нешта ідзе не так у глабальным сэнсе. Але наш урад, падобна, спасціг дзэн, і нічога рабіць не збіраецца.
У прыватнасці, як заявіў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў, у Беларусі захаваецца жорсткае рэгуляванне цэн. Паводле яго слоў, нягледзячы на самую нізкую ў гісторыі афіцыйную інфляцыю ў 2,3%, «расслабляцца не варта». «Неабходна і далей працягваць жорстка кантраляваць цэнавую сітуацыю», — сказаў Багданаў, і дадаў, што дзяржорганы ўплываюць на рашэнні суб'ектаў гаспадарання, нават калі тарыфы афіцыйна не рэгулююцца. У прыватнасці, вясной гэтага года была спынена спроба змяніць тарыфы аператарамі мабільнай сувязі, прычым, з прыцягненнем Камітэта дзяржкантролю.
І самае цікавае, што ўсю гэтую сітуацыю Аляксей Багданаў назваў «рынкам». «Як далей будзе развівацца рынак?» , — задаўся пытаннем Багданаў. нІбыта, у гэтай сітуацыі ў «рынка» ёсць выбар.
Ужо неаднаразова гаварылася, што жорсткае рэгуляванне цэнаў прывядзе да стагнацыі бізнесу і наогул яго банкруцтва, што мы і бачым на прыкладзе «Лагойска».
І гэта заканамерна ва ўмовах, калі ўлады імкнуцца да таго, каб паставіць на кіруючыя пасады не прафесіяналаў, а лаяльных. Вось Лукашэнка зладзіў на гэтым тыдні «кадравы панядзелак», прызначыўшы новых кіраўнікоў шасці раёнаў і старшыню Віцебскага гарвыканкама. Пры гэтым прызначэнні гаворка не ішла пра нейкія поспехі ў сацыяльна-эканамічным развіцці. Лукашэнка перш за ўсё распавёў, каго новыя кіраўінкі павінны падтрымліваць падчас «Адзінага дня галасавання», а таксама пры адборы ва Усебеларускі народны сход.
Лукашэнка нават не хаваў, што мясцовая ўлада павінна адбіраць лаяльных кандыдатаў, а затым прасоўваць іх у Палату прадстаўнікоў, мясцовыя Саветы і далей – ва УНС. «Наперадзе буйныя электаральныя кампаніі, дзе ідэалагічны складнік мае першараднае значэнне. Працуйце, думайце, хто будзе прадстаўляць вас у парламенце, Усебеларускім народным сходзе. Мы абсалютна не хаваем тое, што мы кагосьці будзем падтрымліваць. Гэта натуральна», — заявіў ён.
Вядома, што натуральна, тое не агідна. Але менавіта такі падыход прывёў да падзей 2020 года, калі ўлада ўсімі праўдамі і няпраўдамі імкнулася адабраць для сябе «зручных» кандыдатаў у прэзідэнты, цалкам ігнаруючы меркаванне народа. А ў выніку да беларускага кіраўніка назаўжды прыляпілася мянушка «сінія пальцы».
Разруха, як казаў прафесар Прэабражэнскі, не ў клазетах, разруха — у галовах. І гэтая разруха будзе працягвацца, пакуль нашы чыноўнікі будуць ігнараваць прымітыўныя, здавалася б, паняцці. Напрыклад, разуменне таго, што законы эканомікі — такія ж законы, як і законы прыроды, і што СССР разваліўся ў тым ліку і таму, што спрабаваў ігнараваць гэтыя законы. Што махлярства падчас выбараў — гэта ўсё роўна махлярства. І што нічога добрага з гэтага не выйдзе. Што “лаяльнасць узамен на прафесіяналізм» — гэта «адмоўны адбор», які вядзе да знішчэння прафесіяналаў.
Гэта мы адчуваем проста на сабе — пасля 2020 года.