Wargaming пасунуў EPAM і цяпер лідзіруе па падатках у Літве

Дзве беларускія ІТ-кампаніі ў Літве спаборнічаюць, хто стане найбуйнейшым падаткаплацельшчыкам.

 Офіс Wargaming. Ілюстрацыйнае фота: OL

 Офіс Wargaming. Ілюстрацыйнае фота: OL

Па выніках першага квартала Wargaming выйшаў на першае месца па суме выплачаных падаткаў сярод ІТ-кампаній Літвы. На другім месцы ў рэйтынгу яшчэ адная кампанія з беларускімі каранямі — EPAM Sistemos, паведамляе devby.

Паводле звестак Дзяржаўнай падатковай інспекцыі пры літоўскім Мінфіне, за студзень-сакавік Wargaming, які цалкам сышоў з Беларусі і Расіі, заплаціў у літоўскі бюджэт каля 5,2 мільёна еўра падаткаў. Гэта ў 4 разы больш, чым у першым квартале мінулага года. Тады кампанія заплаціла 1,2 мільёна еўра.

Для параўнання, за другі квартал мінулага года Wargaming заплаціў 1,1 мільёна еўра падаткаў, за трэці квартал — 2,9 мільёна еўра, за чацвёрты квартал — 3,3 мільёна еўра. Такім чынам, першы квартал гэтага года — рэкордны для кампаніі па выплачаных падатках ад пачатку 2022 года.

Кампанія EPAM Sistemos выплаціла за першы квартал гэтага года 4 мільёны еўра падаткаў — у 4 разы больш, чым у першым квартале 2022 года.

Па выніках усяго мінулага года якраз EPAM Sistemos стала найбуйнейшым падаткаплацельшчыкам сярод літоўскіх ІТ-кампаній.

EPAM Sistemos і Wargaming Vilnius па выніках першага квартала гэтага года ўвайшлі ў топ-100 найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў Літвы. Дачка Wargaming аказалася на 52 месцы ў рэйтынгу, а дачка EPAM — на 70 месцы.

А ў топ-50 падаткаплацельшчыкаў сектара «інфармацыя і сувязь» трапілі яшчэ тры кампаніі з беларускімі каранямі: Melsoft (1,6 мільёна еўра выплачаных падаткаў), Gurtam (0,9 мільёна еўра) і Flo (0,6 мільёна еўра).

Паводле даных rekvizitai.vz.lt, у Літве зарэгістравана каля 30 ІТ-кампаній з беларускімі каранямі. На гэты момант там працуе больш за 4,5 тысяч супрацоўнікаў.

Каманда EPAM у Літве — самая вялікая сярод кампаній з беларускімі каранямі. У двух офісах — у Вільні і Коўне — зарэгістравана больш за 1,5 тысячы супрацоўнікаў. Што праўда, ад пачатку года агульная колькасць спецыялістаў нязначна скарацілася за кошт віленскага офіса. На гэты момант тут зарэгістравана каля 1435 чалавек — прыкладна на 50 менш, чым у студзені. У той жа час каманда офіса ў Коўне вырасла на 50% — ад 60 да 90 супрацоўнікаў.

Літоўскі офіс Wargaming — другі па колькасці сярод ІТ-кампаній з беларускімі каранямі. У штаце зарэгістравана каля 1000 спецыялістаў.


Нагадаем, як пісаў «НЧ», з 1 ліпеня 2022 года кіпрская кампанія «ВАРГЕЙМІНГ ГРУП Лімітэд» больш не валодае долямі ў беларускай юрасобе СТАА «Гейм Стрым». Асноўным уласнікам з доляй у 91,84% цяпер з'яўляецца грамадзянін Расіі Хатажаеў Малік Атхамавіч, былы гендырэктар расійскага ТАА «Леста».