«Сілы Лукашэнкі на зыходзе, радыкалізацыя пратэстаў патрэбна толькі сілавікам»

Сябра палітрады АГП Леў Марголін распавёў "Салідарнасці" якім бачыць вырашэнне палітычнага крызісу ў Беларусі.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

«Пратэсты будуць працягвацца»


— Пайшоў трэці месяц пасля пачатку масавых пратэстаў у краіне. Сітуацыя вельмі дынамічная. Калі два месяцы таму мы бачылі людзей, якія маршыравалі ў цэнтры, то цяпер бачым грамадзян, якія збіраюцца ў мікрараёнах і асобных дварах. Гэта якасна новая з'ява.
Людзі могуць рана ці позна стаміцца ад хаджэння па цэнтры, дзе іх б'юць, але ў сябе ў дварах яны мала чаго баяцца і дэманструюць такім чынам новы ўзровень самаарганізацыі. Таму я лічу, што пратэсты будуць працягвацца.


«Радыкалізацыя пратэстаў нікому не патрэбна акрамя сілавікоў»

— Мяркую, што заявы аб радыкалізацыі пратэстаў — гэта ўкід з боку ўладаў (і праз МУС, і праз тэлеграм-каналы). Радыкалізацыя нікому не патрэбна акрамя сілавікоў. Для іх гэта адзіны на сёння спосаб паспрабаваць перакуліць пратэстны рух.

Але я думаю, радыкалізацыі не будзе. Народ на яе не настроены, ён адчуў сваю сілу і без яе.
«Сілы Лукашэнкі на зыходзе»
– Лічу, што сілы Лукашэнкі на зыходзе. У яго няма ні людскіх, ні фінансавых рэсурсаў для доўгага падтрымання градуса напружання ў грамадстве.
Думаю, у СІЗА КДБ ён прыязджаў, каб паспрабаваць дамовіцца з палітвязнямі, якіх лічыць лідарамі пратэстаў, аб завяршэнні вулічных выступаў. Не выключаю, што Расея паставіла яму нейкія тэрміны па навядзенні парадку ў краіне. Ну і эканамічная сітуацыя падпірае.


«Уладам трэба будзе ўступаць у перамовы»

— У якой форме можа быць перамога грамадзянскай супольнасці? У форме перамоў.
Візіт Лукашэнкі ў СІЗА КДБ быў, у тым ліку, спробай прамацаць грамадства на гэты конт. Што адбудзецца далей — прадказаць складана.
Ужо практычна прыпынена крэдытавання як насельніцтва, так і прадпрыемстваў.
З кожным тыднем сітуацыя ў эканоміцы будзе пагаршацца. Таму ўладам трэба будзе ўступаць у перамовы. Думаю, рана ці позна, але яны пачнуцца.
Магчыма, гэта адбудзецца з ініцыятывы Лукашэнкі і не ў тым выглядзе, у якім хацелася б грамадзянскай супольнасці. Але, як мне здаецца, гэта будзе зацяжны працэс, і ён па ходзе будзе ўдасканальвацца.

"Прапхнуць змены ў Канстытуцыю, якія не будуць адпавядаць чаканням мас не атрымаецца»

— Лукашэнка ў апошні час шмат кажа аб унясенні змяненняў у Канстытуцыю. Але правядзенне рэферэндуму стане для ўладаў вельмі складаным момантам.
Па-першае, падчас рэферэндуму няма датэрміновага галасавання, якое выкарыстоўваецца імі для фальсіфікацый. Па-другое, каб рашэнне на рэферэндуме было прынята, за яго павінна прагаласаваць не проста больш за палову ад тых, хто прыйшоў, як гэта бывае на выбарах, а больш за палову выбаршчыкаў, якія маюць права голасу.
Таму малаверагодна, што ўладам атрымаецца прапхнуць змены ў Канстытуцыю, якія не будуць адпавядаць чаканням мас. То-бок касметычныя змены.
Ну а калі праўкі ў Асноўны закон краіны прымуць не на рэферэндуме, а на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў, гэта стане поўным распісваннем улады ў сваёй бездапаможнасці і праблему не вырашыць.